Сафія Гуз: “Я зараз бачу больш, чым тады, калі мела зрок”

safija_guz01Сафія Гуз з вёскі Узмёны, што ў Мёрскім раёне, робіць прыгожыя рэчы з бісеру, даглядае прыгожы сад і клумбу, ловіць рыбу, піша вершы, марыць навучыцца танцаваць усходнія танцы. «Што ж тут незвычайнага?» – можа спытацца чытач. А незвычайнае тут усё, бо Сафія не бачыць – адзінаццаць гадоў таму хвароба забрала ў яе зрок. Журналісты «Каталіцкага Весніка» наведалі яе ва Узмёнах і паразмаўлялі пра яе захапленні.

 – З чаго пачалося Ваша захапленне пляценнем з бісеру?

– Пачалося ўсё з таго, што суседка, настаўніца, сказала, што дзяцей у школе займала тым, што купіла бісер, і яны плялі розныя бранзалецікі. Я аднойчы папрасіла яе купіць некалькі пачак бісеру. Яна мне купіла, я знайшла кавалачак дроту і паспрабавала пакруціць.

Я пакруціла і адчула, што штосьці атрымліваецца. Вось так і зацікавілася. Зацікавілася і стала ўспамінаць, што і як у прыродзе. Стала мацаць розныя лісцікі, кветачкі і пачала закручваць так, як сабе гэта ўяўляла. Вось так і атрымалася.

– Наколькі цяжка Вам гэта рабіць?

– Гэта не цяжка, гэта цікава. Гэта заўсёды нешта новае, а мне хочацца паспрабаваць чагосьці новага. Вось нешта сама прыдумаю: бяру кавалачак дроту і спрабую круціць. Атрымалася – я рада, калі не – яшчэ раз паспрабую. Таму мне гэта нескладана, мне цікава.

safija_guz06

– Якія ўжо маеце дасягненні?

– Я ездзіла на рэспубліканскую спартакіяду, прымала ўдзел у мінулым годзе. Першы раз ездзіла на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы: бегла дыстанцыю ў 60 метраў у суправаджэнні і адціскалася. Я заняла першае месца, ёсць дыплом і залаты медаль.

У гэтым годзе таксама ездзіла на спаборніцтвы. І хаця наша абласная каманда не заняла прызавых месцаў, у асабістым заліку я заваявала другое месца па бегу і першае – па адцісканні.

– Я чуў, што Вы нарадзіліся ва Украіне. А як патрапілі ў Беларусь?

– У Беларусі я жыву з 1993 года. Тут жылі сваякі айчыма. Яны сказалі, што тут так добра! Дык мы і пераехалі сюды. Тут я закончыла школу, вучылася ў Віцебску ў швейным вучылішчы. Вось так мы тут і апынуліся, таму што тут добра!

– Распавядзіце пра сваю сям’ю.

– Двое дзяцей у мяне, хлопчыкі, і муж. Ужо трынаццаць гадоў як разам. У гэтым доме мы дзесяць гадоў жывём. Раней мы жылі ў Мёрах. Муж уладкаваўся тут на працу, дык мы і атрымалі гэты домік. Мы яго прыватызавалі, зараз садзім сад. У горадзе я б не хацела жыць, мне вёска больш падабаецца.

Я саджу кветкі на двары, саджу сад, мне падабаецца працаваць на зямлі. Па меры магчымасці стараюся рабіць сама, таксама дзеці і муж дапамагаюць.

– Kалі ў Вас здарылася гэта хвароба са зрокам?

– Адзінаццаць гадоў таму гэта здарылася, я паспела была закончыць вучылішча. Пакрыху стаў падаць зрок, спачатку на левым воку. У паліклініцы сказалі, маўляў, нічога страшнага, прыпісалі каплі. А пасля ў дыягнастычным цэнтры сказалі, што ў мяне адслаенне сятчаткі. Адкуль гэта – не ведаю, бо ў нашым родзе ні ў кога праблем са зрокам не было. У мяне таксама ўвесь час была адзінка па зроку. Таму аднаму Богу вядома, што са мной здарылася. Але, як бачыце, я не падаю духам, не сумую.

– А адкуль Вы бераце сілы?

– Ведаеце, ніколі не ўгадаеш, які сюрпрыз табе прыпаднясе жыццё. Таму я лічу, заўсёды трэба быць гатовым да ўсяго, не апускаць рукі і верыць у сябе. Раз ужо так атрымалася ў жыцці, то трэба і надалей годна жыць. Займацца нечым іншым, адкрываць у сабе таленты.

І ведаеце, мне здаецца, што я зараз бачу больш, чым тады. Калі раней я бачыла вачыма, то бачыла гэтыя дрэвы, кветкі, і яны здаваліся мне звычайнымі, такімі, як і павінны быць. А зараз гэта выглядае зусім па-іншаму. Я іду, мацаю лісточак, мацаю снег зімой, калі ён ёсць… І распазнаеш усё тое, што раней бачыла, па-новаму, па-іншаму, мне гэта цікава.

safija_guz09

Адносіны да людзей сталі іншымі, любіш па-іншаму. Я нават не ведаю, як гэта патлумачыць, але зараз я па-іншаму адчуваю людзей. І калі ў маім жыцці з’яўляюцца новыя людзі, я адразу адчуваю, змагу я мець зносіны з гэтым чалавекам ці не. Напэўна, я сваім целам адчуваю энергетыку чалавека. Таму я заўсёды кажу, што я бачу, але бачу па-іншаму.

Яшчэ раз адзначу, што я не крыўдую на лёс. Адзінае, чаму я крыху расстройваюся, гэта калі езджу на абследаванні ў дыягнастычныя цэнтры. Бо ідзеш туды ўсё ж з надзеяй, а табе кажуць: “Не!” Тады ўжо слёзы самі па сабе цякуць. А так я задаволеная тым, што ёсць. Вядома, хочацца і бачыць нешта, але рукі, ногі ёсць, здароўе ёсць, а астатняе будзе.

Ведаеце, я заўсёды думаю, што ёсць людзі, якім яшчэ горш, чым мне. І людзям, з якімі я маю зносіны, калі яны скардзяцца на жыццё, я кажу: падумайце пра тых, каму яшчэ горш. А ў мяне ўсё выдатна!

Яшчэ мяне радуе тое, што ў гэтым жыцці, як і ўсё людзі, я бачу каляровыя сны. Прычым у сне разумею, што я невідушчая. Бо я ўсё бачу ў сне, але хаджу вельмі асцярожна, так, як я не бачу. Я бачу ў снах сваіх дзяцей, хоць у жыцці я іх ніколі не бачыла.

– Я пачуў, што Вы і рыбу ловіце. Гэта сапраўды так?

– Так, лаўлю. Пару разоў за лета хаджу на сажалку.  Калі цягнуць вудачку, я вызначаю па нацяжэнні жылкі. А зараз, калі я была на спаборніцтвах у Пінску, пазнаёмілася з адным чалавекам, каторы мне патлумачыў, як зрабіць для адмысловую вуду, для якой нават паплавок не патрэбны. Вось у наступным годзе, можа, паспрабуем такую вудачку зрабіць.

У мінулым годзе мы з братам і сынам Максімам пайшлі на рыбу, дык я больш за ўсіх злавіла! Такая вось была ў мяне рыбалка.

Праўда, у рыбалоўстве мне яшчэ ёсць куды імкнуцца. Хочацца асвоіць і іншыя снасці, і на зімовай рыбалцы я яшчэ не была. І яшчэ ў мяне ёсць адна мара – навучыцца танцаваць усходнія танцы. Думаю, хутка гэтым займуся.

– Яшчэ ў Вас ёсць сад. Распавядзіце пра яго.

– Сад у нас малады, гадоў сем таму пачалі мы яго садзіць. Саджанцы купляем толькі ў аднаго фермера, якога добра ведаем. У нас ужо ёсць дрэў трыццаць, плануем дайсці да пяцідзесяці. (Тут варта адзначыць, што Сафія праводзіць экскурсію па садзе сама, дакладна паказваючы, дзе што расце). Акрамя яблынь, у нас ёсць грушы, алыча, вішні, чарэшні, арэх грэцкі планую пасадзіць.

Я хаджу і радуюся: вось гэта мы пасадзілі, гэта маё, гэта мае яблыкі, мае вішні… Гэта цікава, я радуюся ўсяму гэтаму. Што я магу зрываць тут яблыкі, і мне за гэта нічога не будзе (смяецца). Люблю сама збіраць ягады, садзіць кветкі.

safija_guz11

– Як журналіст каталіцкага выдання хачу ў Вас спытаць, ці верыце Вы ў Бога?

– Веру, вядома. Я часта ў сваіх думках звяртаюся да Бога. У храм я часта не хаджу, але на святы стараюся наведваць.

– І дае вера Вам сілы?

– Нават не ведаю, як адказаць. Спачатку ўздыхаеш: «Божа мой, як усё цяжка і складана!» А пасля дзякуеш Богу за тое, што жывыя і здаровыя, ёсць што з’есці, ёсць дах над галавой, у дзяцей усё добра. Можа мяне і нельга назваць фанатыкам веры, але я веру так, як гэта разумею.

– Што б Вы сказалі людзям, якія, маючы здароўе, увесь час скардзяцца на жыццё?

– Такім людзям я б параіла больш глядзець вакол сябе, бачыць тых, каму яшчэ цяжэй. Мне таксама нялёгка, але я не скарджуся, бо я моцны чалавек. Таму трэба перагледзець сваё жыццё і пачаць думаць па-іншаму. А гэтаму трэба ўвесь час вучыцца. Галоўнае – у любых абставінах заставацца чалавекам.

А яшчэ Сафія Гуз піша вершы і марыць пра тое, каб выдаць свой зборнік. Адзін з яе вершаў мы хочам прапанаваць увазе чытачоў.

КРИК ДУШИ

Порой бывает одиноко и хочется рыдать.
Поговорить бы с кем немного, но нечего сказать!
Ночь темна и день как ночь,
В душе пустота и тревога.
Я не могу себе помочь,
Прошу лишь об этом Бога!

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку