«Рыцараў Беззаганнай» з дзіцячага дома ў Друі наведала каталіцкая пісьменніца

iryna-zarnasek_dzicachy_domПісьменніца Ірына Жарнасек, рэдактарка каталіцкага дзіцячага часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай», 6 верасня прыехала ў госці да незвычайных чытачоў, – сацыяльных сіротаў з дзіцячага дома ў Друі.

Дзіцячы дом месціцца на ўскрайку Беларусі на мяжы з Латвіяй, у ім жывуць дзеці, бацькі якіх, у большасці, – у турмах альбо на дне жыцця, узгадкі некаторых з гэтых дзяцей пра сваіх бацькоў нагадваюць фільмы жахаў.

Гэтымі дзецьмі апякуюцца каталіцкія манахіні – сёстры-эўхарысткі з невялічкага тутэйшага кляштара. Некалькі гадоў таму дырэкцыя дзяіцячага дома пайшла насустрач жаданню сясцёр стаць бліжэй да дзяцей, якія, дзякуючы ахвяраванням, маюць шмат матэрыяльных дабротаў, але пазбаўленыя магчымасці спасцігаць навуку жыцця ў звычайных сямейных умовах.
Так у асяродку сіротаў з’явіліся сёстры, а з імі – і часопіс “Маленькі Рыцар Беззаганнай”, які з задавальненнем чытаюць дзеці, прычым не толькі ахрышчаныя ў касцёле.

Апошні нумар часопіса быў часткова прысвечаны менавіта гэтым дзецям – іх удзелу ў святах, якія ладзяць манахіні і пробашч мясцовай парафіі кс. Сяргей Сурыновіч, іх шляху да рэлігійнай практыкі, а таксама штодзённаму сяброўству сіротаў з манахінямі, якія вучаць іх самаму неабходнаму: прыгатаваць хаця б простую ежу, зразумець, як арганізоўваецца побыт.

iryna-zarnasek_dzicachy_dom_2

«Трэба выходзіць насустрач гэтым дзецям. Адна наша сястра, Ірэна Сапун, калі служыла ў Друі, літаральна так і рабіла – выходзіла насустрач дзятдомаўцам, калі яны вярталіся са школы ў дзіцячы дом, проста выходзіла на дарогу і пачынала з імі размаўляць. Так завязваліся знаёмствы, а, у некаторых выпадках, і сяброўствы», – распавядае сястра Наталля Арлянковіч SJE, галоўная натхняльніца і завадатарка ўсіх друйскіх «дзіцячых» ініцыятываў.

Ідэі, якія прапаноўваць манахіні дзецям, не абмяжоўваюцца дзецьмі – каталікамі па веравызнанні, у цёплы гурток прымаюцца і дзеці, якія называюць сябе праваслаўнымі. Калі жаданне далучыцца да Каталіцкай Касцёла выказвае дзіця, якое раней не належала ні да якой канфесіі, – пачынаецца росшук сваякоў, якія маглі б даць пісьмовую згоду на падрыхтоўку дзіцяці да хросту.

Прыезд да дзяцей-сіротаў пісьменніцы, якая стварае добра вядомы ў дзіцячым доме часопіс, стаўся для выхаванцаў падзеяй. Сёстры паклапаціліся і пра радаснае чаканне госці – выхаванцы, некаторыя з іх самі сталі аўтарамі допісаў у нумары, прысвечаным Друі, — змайстравалі касцюм Маленькага Рыцара Беззаганнай, уклаўшы ў яго сваё ўяўленне пра сапраўднага рыцара.

Ірына Жарнасек распавядала дзецям пра важныя рэчы – пра сутнасць малітвы, пра створаны Богам свет, пра надзею, залогам якой з’яўляецца клопат Госпада пра кожнага Свайго паслядоўніка, нават калі ад маленства жыццё яго абцяжаранае несправядлівасцю, выпрабаваннямі і адсутнасцю бацькоўскай любові.

Завяршылася сустрэча пачастункам, падрыхтаваным не толькі манахінямі, але і самі дзецьмі: вельмі важнай часткай сваёй працы сёстры-эўхарысткі лічаць кулінарны гурток, які дзейнічае па суботах і на занятках якога дзеці не проста вучацца гатаваць, а камунікаваць у натуральных умовах, займаючыся простымі рэчамі, якіх не стае ў рэаліях дзіцячага дома.

с. Наталлі Арлянковіч SJE, фота

Krynica.info

для друку для друку