Рымскі касцёл прытуліў бяздомных на час халадоў

У сувязі з халодным надвор’ем у Рыме старажытны касцёл св. Калікста адкрыў свае дзверы для бяздомных, даючы ім магчымасць для начлегу. Разам з сумежнымі тэрыторыямі ён з’яўляецца экстратэрытарыяльнай уласнасцю Апостальскай Сталіцы. 7 студзеня 2017 года тут былі ўстаноўлены ложкі і абагравальныя прыстасаванні, паведамляе Ватыканскае радыё

Штодзённа ў святыні начуе каля трыццаці бяздомных: італьянцаў і замежнікаў. Госці святыні маюць магчымасць бясплатна павячэраць у сталоўцы, якая знаходзіцца недалёка, а таксама пераначаваць у цяпле з 20.00 да 8.00. Увесь гэты час рымскім бяздомным дапамагаюць валанцёры з экуменічнай дабрачыннай “Супольнасці св. Эгідзія”, якія таксама клапоцяцца пра іх матэрыяльныя патрэбы, здароўе і больш стабільныя жыццёвыя перспектывы.

Касцёл св. Калікста знаходзіцца ў раёне Трастэвэры. Ён быў пабудаваны каля 222 г. на месцы мучаніцкай смерці Папы Калікста І і апошні раз перабудоўваўся ў XVII ст. Звычайна тут праходзяць набажэнствы і сустрэчы для пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

для друку для друку