Ружанец стаў мне паратункам (сведчанне)

Маё навяртанне да Бога і паяднанне з Касцёлам адбылося ў сталым узросце. Але і да гэтага часу я была знаёмая з ружанцам у выглядзе ланцужка з пацеркамі. Я бачыла яго ў руках сваіх бабулі і маці, ён здаваўся мне толькі прыгожай, эстэтычнай рэччу, але ужо тады з нейкай таямнічай каштоўнасцю і вартасцю. Гэта як “пароль”, па якім пазнаеш католіка. У мяне было некалькі ружанцаў, але часцей за ўсе я брала ў рукі і разглядала ружанец, які трапіў да мяне ад людзей, што былі ў пілігрымцы ў Фаціме. Ён выклікаў нейкі незвычайны піетэт.

З цягам часу менавіта ў касцёле Маці Божай Фацімскай ў Шуміліне адбылося маё навяртанне. Так упершыню ружанец, нават без належнай малітвы, проста знаходзячыся ў маіх руках, стаў мне паратункам і прывёў да касцёла.

Як неафіт я “хапалася” за розныя малітоўныя практыкі, але з часам асноўнай формай засталася Ружанцовая малітва. Для мяне гэта інтэграцыя асноўных малітваў, евангельскага сэнсу таямніц, заклікаў да Езуса і Марыі – сапраўды цудоўнае спалучэнне. Малітва на ружанцы, безумоўна, патрабуе часу, засяроджанасці, пэўных умоў, але які вынік! Я павінна спыніцца, свядома прысвяціць час, накіраваць увагу на тое, што сапраўды важнае … Скончыўшы малітву, незалежна ад стану душы напачатку, заўсёды адчуваю супакой, якi так патрэбны кожнаму ў сучасным свеце.

На асабістым вопыце магу засведчыць вялікую моц і дзейснасць Ружанцовай малітвы. Неаднойчы практыкавала малітву Навэннай да Маці Божай, якая развязвае вузлы (яна грунтуецца на Ружанцовай малітве). Складаныя справы, у інтэнцыі якіх я малілася, вырашаліся найлепшым чынам. Але ёсць нюанс: трэба даверыцца Богу, перад Якім заступаецца Панна Марыя, і прыняць, як ласку, вынік. З гэтым у мяне напачатку былі праблемы, пакуль я не перастала чакаць ажыццяўлення ўласных “сцэнарыяў”. У рэшце рэшт Дух Святы даваў зразумець, як невымоўна плённа “развязваліся вузлы”. У гэтым бачу для сябе дзейсную дапамогу ў фармаванні пакоры, даверу Божай волі і ўпэўненасці ў Яго любові.

Адно з апошніх уражанняў дзейснай моцы Ружанцовай малітвы звязана з Пампейскай Навэннай, якую яшчэ называюць “непераможнай”. Гэта быў мой першы вопыт, але пасля яго я далучаюся да шматлікіх сведчанняў плёну гэтай малітвы. У маім жыцці паўстала безнадзейная, з чалавечага погляду, праблема, у вырашэнні якой я была бездапаможная. Асэнсаваўшы, што выйсце ёсць толькі ў Бога, я распачала Пампейскую Навэнну. Практыка гэтай малітвы патрабуе значна больш часу, прадуманага падыходу ў акрэсленні інтэнцыі, але гэта таго варта… Менавіта ў дзень пераходу ад часткі просьбаў да часткі падзякі (27 дзень з 54) Пампейская Навэнны справа вырашылася.

Ведаючы ўсе акалічнасці і складанасць сітуацыі, упэўнена, што адбыўся цуд: ашаламляльны, надзвычайны, неверагодны!.. Слёзы я ўжо не магла стрымаць, калі даведалася, што Бог у вырашэнні гэтай справы дзейнічаў праз жанчыну, імя якой было Марыя!

Ружанцовая малітва для мяне – гэта сувязь з Богам, ланцужок, які я не магу адпусціць, бо загіну. Змагаючыся з грахом, наступствамі гэтага свету, ніяк не абысціся без дапамогі Панны Марыі. Найсвяцейшая Маці Божая чуе, дапамагае, заступаецца за нас. Як жа я магу здрадзіць Ёй?!

Іна Карпушэнка

для друку для друку