Рукапісны ліст Святога Айца да епіскапату Чылі

Пантыфік напісаў ліст да чылійскіх біскупаў. Ён выказвае надзею, што рашэнні, прынятыя на апошняй нарадзе епіскапату дапамогуць рашуча процідзейнічаць бічу педафіліі і паспрыяюць адзінству біскупаў.

Арыгінал ліста Францішка да чылійскіх біскупаў

Кароткі рукапісны ліст, апублікаваны на сайце Канферэнцыі Біскупаў з датай 5 жніўня 2018 года, адрасаваны старшыні епіскапату, біскупу Санцьяга Сільва Ратамалесу. У ім Францішак выказвае сваё меркаванне на тэму дэкларацыі чылійскіх біскупаў, прынятай на днях на пазачарговым пленарным сходзе. Яна тычыцца рашэнняў і абавязальніцтваў па барацьбе з выпадкамі сексуальных злоўжыванняў сярод духавенства.

Папа адзначыў, што, пасля “стараннага” прачытання дакументу, ён быў уражаны “разважлівай і праніклівай працай”, якая стаіць за рашэннямі па барацьбе супраць злоўжыванняў. Пантыфік назваў пастановы епіскапату “рэалістычнымі і практычнымі”, заяўляючы аб сваёй упэўненасці, “што гэта рашуча дапаможа ва ўсім працэсе”.

“Але што ўразіла мяне больш за ўсё, дык гэта прыклад біскупскай супольнасці, аб’яднанай вакол кіравання святым верным народам Божым”, — прызнаўся Святы Айцец.

Ён падзякаваў за такі настрой, паколькі ён, як адзначыў, спрыяе “будаванню” Касцёла.

Старшыня чылійскага епіскапату прызнаўся, што адчуў “суцяшэнне” ў словах Пантыфіка. Гэта мабілізуе да працягу выпраўлення і абнаўлення місіі Касцёла.

У дакуменце 32 чылійскіх біскупы просяць прабачэння ва ўсіх ахвяр гвалту. Яны прызнаюць “што пацярпелі няўдачу ў рэалізацыі сваіх абавязкаў” і – пасля сустрэчы з Папам у сярэдзіне мая ў Ватыкане, – фармулююць новыя намеры адносна духавенства і свецкіх вернікаў, з мэтай непаўтарэння выпадкаў злоўжыванняў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку