Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае cужэнцаў на рэкалекцыі

maxresdefaultРух “Сужэнскія сустрэчы” праводзіць рэкалекцыі-ўікэнды па аднаўленню і паглыбленню сужэнскай еднасці і любові. Чарговы ўікэнд адбудзецца 13-15 сакавіка 2015 года і пройдзе ў г. Орша ў парафіі Св. Юзафа, вул. Савецкая, 6. Рэкалекцыі пачынаюцца ў пятніцу ў 18.00, а заканчваюцца ў нядзелю каля 15.00. Рэкалекцыі праводзяць аніматары руху — айцец-дамініканін з Віцебска і сужэнскія пары. Арганізатары забяспечваюць начлег і пасілак. Неабходны ўдзел абодвух сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

Сужэнскія Сустрэчы — гэта рэкалекцыйны рух, мэта якога — паглыбіць шлюбныя адносіны, дапамагчы мужу і жонцы лепш і глыбей разумець адзін аднаго і асэнсаваць таямніцу іх шлюбу. Сужэнствам прапануецца такая форма дыялогу, якая, з аднаго боку, дазваляе мужу і жонцы глыбей пазнаць адзін аднаго, а з другога — у выпадку непаразуменняў — дапаможа выходзіць з канфліктных сітуацый.

Каб сустрэцца адзін з адным і з Богам, трэба больш слухаць, чым казаць, больш дзяліцца, чым спрачацца, больш разумець, чым ацэньваць, а ў першую чаргу — прабачаць.

Сужэнскія пары і святары – аніматары руху, праз уласный досвед рыхтуюць удзельнікаў да самастойнай працы, гэта значыць да правядзення дыялогу. Гэту працу муж і жонка праводзяць выключна ўдваіх. Уласная праца ўдзельнiкаў з’яўляецца вельмi iнтымнай i таму абавязкова застаецца таямнiцай.

Сямейная пара можа за час правядзення рэкалекцый аднавіць свежасць узаемных пачуццяў, абнавіць ці нанова адбудаваць сваё адзінства. Сужэнцы пасля ўікэнда звычайна ў стане лепш вырашаць свае праблемы. Праграма складзена такім чынам, што дазваляе кожнай пары паглядзець на сваё жыццё ў духу любові, і заснавана на сучасных ведах з вобласці псіхалогіі, камунікацыі і тэалогіі сям’i.

На Сужэнскія Сустрэчы прыходзяць людзі ў розным узросце, з розным досведам сямейнага жыцця, з розным узроўнем ведаў і рознай ступенню пабожнасці, з розным узроўнем перажывання пачуццяў, якія злучаюць ці падзяляюць сужэнцаў. На ўікэнд могуць прыехаць як так званыя умоўна «добрыя мужы і жонкі», так і тыя, якія маюць сур’ёзныя канфлікты, можа нават на этапе думак пра развод. Ва ўікэндзе прымалі таксама ўдзел шматлікія сужэнскія пары, якія жадалі вярнуцца адзін да аднаго пасля развода. Мы адкрытыя на кожную пару, якая імкнецца, каб іх сумеснае жыццё пастаянна развівалася. Мы не ставім удзельнікам фармальных абмежаванняў – на рэкалекцыі могуць прыехаць праваслаўныя і змешаныя сужэнствы, напрыклад каталіцка-праваслаўныя, пары, якія толькі распісаліся ў ЗАГСе і яшчэ не вянчаліся, сужэнствы ў паўторным шлюбе.

Ад адносінаў мужа і жонкі ў вялікай ступені залежаць адносіны бацькоў з дзецьмі, са сваякамі, з іншымі людзьмі. Калі ў хаце валадарыць каханне, а сям’я выпраменьвае яе вонкі, то яе дух перадасца іншым…

Кантактныя нумары для запісу на рэкалекцыі:

Іван і Алена Лубінскія: +375 29 5562635, +375 29 1408456, +375 29 7821466

e-mail: sustre4y@tut.by

для друку для друку