Рух «Маці ў малітве» ў Глыбокім адзначыў свой першы дзень нараджэння

10 снежня 2018 года апостальскі рух “Маці ў малітве” пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім адзначыў свой першы дзень нараджэння. З гэтай нагоды ў касцёле адбылася паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта і св. Імша.

На пачатку Эўхарыстыі, пробашч кс. Мікалай Ціхановіч павіншаваў жанчын-удзельніц і маліўся ў інтэнцыі маці і іх дзяцей, а таксама дзякаваў Богу за гэту прыгожую і вельмі патрэбную супольнасць.

Падчас гаміліі святар падкрэсліў тры галоўныя думкі, з якімі жадаў падзяліцца з жанчынамі:

  1. Калі паўстае супольнасць у Касцёле, то паўстае з натхнення Духа Святога. Што вы сабраліся — гэта не толькі справа чалавечая, але Дух Святы згуртаваў жадаючыя сэрцы маці, каб трываць супольна на малітве. Сумейце разам перажываць праблемы з дзецьмі. Супольнасць маці – гэта ўзаемападтрымка і ў будучыні ўзаемасведчанне сэрцаў. Вы павінны развівацца!
  2. Хай вас не здзіўляе, што сатана пачынае перашкаджаць. Бо вы робіце добрую справу, і злы дух не спіць. Страх паралізуе і палохае, таму трывайце на супольнай малітве і не апускайце рукі. А ў малітве заўсёды дадавайце “Не мая воля, Ойча, але Твая воля няхай будзе”. Рыхтуйцеся на цяжкасці і выпрабаванні, што адразу не будзе плёнаў малітвы. Дзейнасць Бога на вашу малітву вы ўбачыце толькі з перспектывы часу.
  3. Запрашайце Найсвяцейшую Панну Марыю на сваю малітву. Яна адзіная Маці, якая поўнасцю рэалізавала сваё мацярынства, давяраючы Богу Сваё дзіця.

Кс. Мікалай пажадаў, каб на святкаванні 5-й гадавіны прысутнічалі ўжо не толькі маці, але і іх дзеці, за якіх жанчыны так шчыра моляцца.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі