Росіцкія ўрачыстасці апоўначы

rosica_nocz28Апоўначы 6 жніўня ў вёсцы Росіца прайшла ўрачыстая Эўхарыстыя, каб ушанаваць памяць мучаніцкай смерці бласлаўлёных мучанікаў а. Антонія Ляшчэвіча і а. Юрыя Кашыры.

Як і кожны год, геаграфія пілігрымаў вельмі вялікая і разнастайная. З Полацка і Мёраў прыйшлі пешыя пілігрымкі, з Барысава прыехалі на роварах, а з Браслава на матацыклах, але было шмат і тых, хто прыехаў у гэты вельмі прыгожы куток Віцебскай дыяцэзіі, каб памаліцца на месцы мучаніцтва ахвярных у сваёй службе Богу і людзям айцоў-марыянаў.

Святую Імшу апоўначы разам з прысутнымі святарамі канцэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У святочнай Літургіі таксама прыняў удзел Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек.

«Пілігрымка ў Росіцу павінна стаць нагодай для ўмацавання ўсяго таго, што атрымалі ад Нябеснага Айца, а менавіта нашай веры. Сёння ў свеце здзяйсняецца місія Касцёла — евангелізацыя, хоць і адбываецца з цяжкасцю, многія пераследванні выпрабоўваюць хрысціян», — прамовіў падчас гаміліі іерарх.

Біскуп Буткевіч узгадаў словы Папы Францішка, якія той скіраваў да маладых людзей падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве, што «мы павінны будаваць масты, а не разбураць. Кожная пілігрымка з розных куткоў — гэта ўжо ёсць будова тых мастоў. Але самы важны мост — гэта паміж вамі і Богам. Касцёл нам дае яго праз споведзь. Бог ніколі не стамляецца будаваць і рамантаваць масты, якія руйнуем мы самі».

rosica_nocz22

Пасля святой Імшы адбылася працэсія на Пляц мучаніцтва бласлаўлёных айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. «На гэтым месцы святары не адракліся сваёй веры. Маючы ў сэрцы страх, ён не спаралізаваў іх, яны аддалі сваё жыццё надалей веруючы ў Езуса Хрыста. Просім сёння і мы на гэтым месцы, каб перажываючы страх за свае сем’і, дзяцей, не дазвалялі яму нас паралізаваць, не дазвалялі гэтаму страху вызнаваць нашую веру ў жыццё вечнае, у прысутнасць і дапамогу Езуса Хрыста, які бароніць сваіх дзяцей. Няхай гэтая вера перасцерагае нас ад таго, каб у гэтым жыцці мы самі не сталі забойцамі, бо тыя хто забіваў і сёння забівае — яны ўжо мёртвыя. Няхай мы, нават перад абліччам смерці, заўсёды застанемся жывымі перад Богам і жывымі дзеля жыцця вечнага», — на заканчэнне малітвы скіраваў словы біскуп Алег Буткевіч.

rosica_nocz32

Пасля працэсія вернікі разам з а. Андрэем Сідаровічам распачалі Крыжовы шлях вакол святыні.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Чытайце таксама:

Фотафакт. Байкеры ў Росіцы;
Рэліквіі св. Станіслава Папчынскага знаходзяцца ў Росіцкім санктуарыі

для друку для друку