- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Росіцкі святар з нагоды 8 Сакавіка падарыў сваім парафіянкам цюльпаны, якія сам вырасціў (+відэа)

rosica__56 [1]Вёску Росіца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці штораз больш наведваюць турысты і пілігрымы з розных мясцін Беларусі. Прычынай гэтаму – асаблівы статус санктуарыя Росіцкай святыні, якая памятае пакутніцкую смерць людзей у гады Другой Сусветнай вайны. Але вабіць Росіца наведвальнікаў і па іншай прычыне. Тут працуе айцец Чэслаў Курэчка МІС, які сваёй працай і любоўю да кветак стварыў з касцельнага наваколля суцэльную прыгажосць.

Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” выбралася ў госці да айца Чэслава па яго асабістым запрашэнні. Нагода адметная: заквітнелі цюльпаны.

Увайшоўшы ў плябанію і прывітаўшыся з гасцінным святаром, адразу чуем ад яго: “Ніякіх камер. Вы з дарогі і галодныя. Будзем абедаць”. Хоць сказаныя словы і прамоўленыя ветліва і з усмешкай, аднак іх настойлівасць і наша стомленасць ад дарогі хутка прымушаюць пагадзіцца.

“Кс. Віктар, у цябе лёгкая рука, вось апалонік. Мяшай суп. Я яго сам гатаваў, калі чакаў вас. Будзе смачны. Фасолевы.” – распараджаецца айцец Чэслаў. Паслухмяна бяру ў руку апалонік і памешваю ў каструлі пахучае варыва. Айцец ідзе за пятрушкай, а наша фотакор Марына расстаўляе талеркі. Анягож, рэдакцыя мусіць спраўна дзейнічаць і на кухні.

rosica__1 [2]

Калі ўсё падрыхтавана, да нас далучаецца а. Андрэй Сідаровіч МІС і пачынаецца абед. За сталом першай тэмай размовы выходзіць нядаўняя прэзідэнцкая прэмія [3]«За духоўнае адраджэнне», якую атрымаў айцец Чэслаў.

Што сказаў святар Прэзідэнту?

“Ці хваляваліся Вы калі ехалі ў Мінск?”- пытаюся. “А ведаеце, не” – адказвае святар. Было крыху стомленасці, усё-ткі дарога далёкая, цэлая світа пры мне: мае сябры, прадстаўнікі мясцовых уладаў.

“А ці гутарылі Вы хоць трошкі з Прэзідэнтам?” – задае пытанне Марына. “У нас было дзве рэпетыцыі ў Палацы Рэспублікі. І арганізатары казалі: “Не затрымлівайцеся і сыходзьце, як толькі атрымаеце прэмію”. Я адразу сабе падумаў. Што з таго, што я вазьму гэтую прэмію і проста сыду са сцэны? Гэта ж і не зусім культурна. Таму як толькі паціснуў руку Прэзідэнту, так яму і кажу: Прыязджайце да нас у Росіцу. У нас месца святое і намоленае, там вельмі прыгожа.” А ён мне: “Айцец Чэслаў, я ведаю, як моцна Вы там напрацаваліся. Дзякуй Вам за гэта!”

rosica__4 [4]

Цюльпаны ў гонар мучанікаў

Пасля абеду айцец Чэслаў запрашае нас у вялікую залу і паказвае сваіх гадаванцаў. “Я цюльпаны люблю з дзяцінства. Памятаю, быў студэнтам, то купіў трохі цыбулінак, каб пасадзіць ля хаты, дык тата мяне дакараў крыху: Навошта ты, сыне, на кветкі грошы марнуеш?”

На маё пытанне па тэхналогіі кветкаводства, святар кажа: «Кветкі трэба любіць. А цюльпаны вельмі лёгка вырошчваць. Цыбулінкі можна як бульбу дзяліць. Я саджу іх у кастрычніку і пераношу ў скрынях у падвал. Там тэмпература пастаянная і да вясны яны там сабе сядзяць. А ў лютым я іх падманваю, што вясна ўжо прыйшла. Прыношу ў пакой, дзе цёпла і светла, вось яны і вырастаюць, каб прывітаць сакавік сваёй прыгажосцю. Я адразу, як толькі прыехаў у Росіцу, купіў 1528 чырвоных цюльпанаў і пасадзіў іх ля касцёла. Гэта даніна памяці тым, хто нявінна загінуў вайною. Менавіта столькі людзей было спалена фашыстамі ў Росіцы і наваколлі.

rosica__20 [5]

Але сёння Росіца – гэта месца не жалобы, а жыцця і радасці. Таму, хадземце, павіншуем жынчын са святам вясны.” Сядаем у машыну і едзем па хатах, якія айцец нам паказвае. Вернікаў у вёсцы не шмат, але святар віншуе не толькі жанчын-каталічак. Вось, спатыкаем мясцовую паштарку Наталлю. Маладая жанчына спачатку не разумее, што адбываецца. Але калі з машыны выходзіць айцец Чэслаў з кветкамі ў руках, шчырая ўсмешка і захапленне з’яўляецца ў яе на твары. Айцец віншуе жанчыну са святам і складае пажаданні. Рухаемся далей. Па дарозе з роварам у руках ідзе парафіянка Леангіна Баранаева. І ў яе на твары здзіўленне пераўтвараецца ў радасць і захапленне. Даведаўшыся, што мы з рэдакцыі газеты, яна дзеліцца з намі сваімі перажываннямі: “У нас ніколі не было такога святара, як айцец Чэслаў. Вядома ўсе святары цудоўныя і мы іх шануем, але гэты чалавек столькі зрабіў для нас і для Росіцы! Мы яму бязмежна ўдзячныя!”

rosica__61 [6]

Свята буслоў у Росіцы

Перад намі яшчэ некалькі хат, дзе жывуць верніцы Росіцкай парафіі, якія мы наведваем з пробашчам айцом Чэславам. Па дарозе ён распавядае пра сваю новую мару.

rosica__9 [7]“Хачу арганізаваць свята буслоў. Гэтая птушка – сімвал Беларусі і сімвал сям’і. Хочацца падкрэсліць гэтым святам неабходнасць абароны нашай Бацькаўшчыны ад усялякага зла. І перш-наперш, лічу, неабходна нам абараняць сям’ю. Калі ў беларусаў будуць святыя і добрыя сем’і, ніякая бяда нам не страшная. І канешне, мяне як аматара прыроды, хвалюе экалагічны стан нашай зямлі. Папа Францішак заклікае ў сваёй энцыкліцы Laudato si бараніць прыроду, бо яна – Божы дар. Таму вось такім птушыным святам, спадзяюся, нам удасца яшчэ раз нагадаць пра сур’ёзныя выклікі нашага часу і заахвоціць людзей змагацца з імі.”

“Ці памянялася нешта ў росіцкіх жыхароў, калі яны пабачылі столькі прыгажосці ля касцёла?” – пытаюся.

“А добры прыклад дзейнічае. – кажа айцец Чэслаў. — Калі я толькі пачынаў рыць катлаваны пад пруды, садзіць дрэвы і кветкі, многія мяне не разумелі. А колькі было смецця там! І пакеты і бутэлькі пластыкавыя. А сёння гэтага няма. Вяскоўцы пабачылі, што можна зрабіць так, каб было чыста і прыгожа. Ніхто не выкідае ў нас смецце за плот, як было раней.”

— Вяртаючыся да тэмы буслоў, іх жа не прымусіш прыляцець на свята. А як жа без птушак птушынае свята?

— У нас усё ўжо прадумана. Гатовыя тры буслянкі. Падзялюся з вамі сваім архітэктурным праектам. Трэба, каб слуп або дрэва былі не менш за 6 метраў вышыні. Наверх кладзецца барана і закідваецца галінкамі дрэў. І ўсё гэтае трэба акрапіць вапнай. Буслы думаюць, што гэта памёт, і што буслянка ўжо абжытая, таму ахвотней прылятаюць на яе.

rosica_busly [8]

— У кветках Вы несумненна добра разбіраецеся, бачу, што ў птушках ведаеце толк.

— З бусламі я звязаны і эмацыйна. Аднойчы з гнязда выпала птушаня. Маленечкае такое. Мне прынесла парафіянка. Я яго выхадзіў, лячыў, карміў. Назваў Клякам ад слова клёкат.

rosica__kliok [9]

З айцом Чэславам можна гутарыць не адну гадзіну. Калі ўжо ўсе фота- і відэаматэрыялы зробленыя, мы яшчэ доўга сядзім і слухаем святара. Многае пачутае застанецца за кадрам і па-за старонкамі гэтага тэксту. Але, калі хтосьці з вас, дарагія чытачы, хоча пачуць айца Чэслава і пабачыць Росіцу, у вас ёсць цудоўная магчымасць зрабіць гэта, прыехаўшы на Буслінае свята [10] 30 красавіка. Пагутарце са сваімі душпастырамі, прапануйце, паспытайце. Росіца вартая таго, каб туды прыехаць.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа