Росіцкі святар з нагоды 8 Сакавіка падарыў сваім парафіянкам цюльпаны, якія сам вырасціў (+відэа)

rosica__56Вёску Росіца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці штораз больш наведваюць турысты і пілігрымы з розных мясцін Беларусі. Прычынай гэтаму – асаблівы статус санктуарыя Росіцкай святыні, якая памятае пакутніцкую смерць людзей у гады Другой Сусветнай вайны. Але вабіць Росіца наведвальнікаў і па іншай прычыне. Тут працуе айцец Чэслаў Курэчка МІС, які сваёй працай і любоўю да кветак стварыў з касцельнага наваколля суцэльную прыгажосць.

Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” выбралася ў госці да айца Чэслава па яго асабістым запрашэнні. Нагода адметная: заквітнелі цюльпаны.

Увайшоўшы ў плябанію і прывітаўшыся з гасцінным святаром, адразу чуем ад яго: “Ніякіх камер. Вы з дарогі і галодныя. Будзем абедаць”. Хоць сказаныя словы і прамоўленыя ветліва і з усмешкай, аднак іх настойлівасць і наша стомленасць ад дарогі хутка прымушаюць пагадзіцца.

“Кс. Віктар, у цябе лёгкая рука, вось апалонік. Мяшай суп. Я яго сам гатаваў, калі чакаў вас. Будзе смачны. Фасолевы.” – распараджаецца айцец Чэслаў. Паслухмяна бяру ў руку апалонік і памешваю ў каструлі пахучае варыва. Айцец ідзе за пятрушкай, а наша фотакор Марына расстаўляе талеркі. Анягож, рэдакцыя мусіць спраўна дзейнічаць і на кухні.

rosica__1

Калі ўсё падрыхтавана, да нас далучаецца а. Андрэй Сідаровіч МІС і пачынаецца абед. За сталом першай тэмай размовы выходзіць нядаўняя прэзідэнцкая прэмія «За духоўнае адраджэнне», якую атрымаў айцец Чэслаў.

Што сказаў святар Прэзідэнту?

“Ці хваляваліся Вы калі ехалі ў Мінск?”- пытаюся. “А ведаеце, не” – адказвае святар. Было крыху стомленасці, усё-ткі дарога далёкая, цэлая світа пры мне: мае сябры, прадстаўнікі мясцовых уладаў.

“А ці гутарылі Вы хоць трошкі з Прэзідэнтам?” – задае пытанне Марына. “У нас было дзве рэпетыцыі ў Палацы Рэспублікі. І арганізатары казалі: “Не затрымлівайцеся і сыходзьце, як толькі атрымаеце прэмію”. Я адразу сабе падумаў. Што з таго, што я вазьму гэтую прэмію і проста сыду са сцэны? Гэта ж і не зусім культурна. Таму як толькі паціснуў руку Прэзідэнту, так яму і кажу: Прыязджайце да нас у Росіцу. У нас месца святое і намоленае, там вельмі прыгожа.” А ён мне: “Айцец Чэслаў, я ведаю, як моцна Вы там напрацаваліся. Дзякуй Вам за гэта!”

rosica__4

Цюльпаны ў гонар мучанікаў

Пасля абеду айцец Чэслаў запрашае нас у вялікую залу і паказвае сваіх гадаванцаў. “Я цюльпаны люблю з дзяцінства. Памятаю, быў студэнтам, то купіў трохі цыбулінак, каб пасадзіць ля хаты, дык тата мяне дакараў крыху: Навошта ты, сыне, на кветкі грошы марнуеш?”

На маё пытанне па тэхналогіі кветкаводства, святар кажа: «Кветкі трэба любіць. А цюльпаны вельмі лёгка вырошчваць. Цыбулінкі можна як бульбу дзяліць. Я саджу іх у кастрычніку і пераношу ў скрынях у падвал. Там тэмпература пастаянная і да вясны яны там сабе сядзяць. А ў лютым я іх падманваю, што вясна ўжо прыйшла. Прыношу ў пакой, дзе цёпла і светла, вось яны і вырастаюць, каб прывітаць сакавік сваёй прыгажосцю. Я адразу, як толькі прыехаў у Росіцу, купіў 1528 чырвоных цюльпанаў і пасадзіў іх ля касцёла. Гэта даніна памяці тым, хто нявінна загінуў вайною. Менавіта столькі людзей было спалена фашыстамі ў Росіцы і наваколлі.

rosica__20

Але сёння Росіца – гэта месца не жалобы, а жыцця і радасці. Таму, хадземце, павіншуем жынчын са святам вясны.” Сядаем у машыну і едзем па хатах, якія айцец нам паказвае. Вернікаў у вёсцы не шмат, але святар віншуе не толькі жанчын-каталічак. Вось, спатыкаем мясцовую паштарку Наталлю. Маладая жанчына спачатку не разумее, што адбываецца. Але калі з машыны выходзіць айцец Чэслаў з кветкамі ў руках, шчырая ўсмешка і захапленне з’яўляецца ў яе на твары. Айцец віншуе жанчыну са святам і складае пажаданні. Рухаемся далей. Па дарозе з роварам у руках ідзе парафіянка Леангіна Баранаева. І ў яе на твары здзіўленне пераўтвараецца ў радасць і захапленне. Даведаўшыся, што мы з рэдакцыі газеты, яна дзеліцца з намі сваімі перажываннямі: “У нас ніколі не было такога святара, як айцец Чэслаў. Вядома ўсе святары цудоўныя і мы іх шануем, але гэты чалавек столькі зрабіў для нас і для Росіцы! Мы яму бязмежна ўдзячныя!”

rosica__61

Свята буслоў у Росіцы

Перад намі яшчэ некалькі хат, дзе жывуць верніцы Росіцкай парафіі, якія мы наведваем з пробашчам айцом Чэславам. Па дарозе ён распавядае пра сваю новую мару.

rosica__9“Хачу арганізаваць свята буслоў. Гэтая птушка – сімвал Беларусі і сімвал сям’і. Хочацца падкрэсліць гэтым святам неабходнасць абароны нашай Бацькаўшчыны ад усялякага зла. І перш-наперш, лічу, неабходна нам абараняць сям’ю. Калі ў беларусаў будуць святыя і добрыя сем’і, ніякая бяда нам не страшная. І канешне, мяне як аматара прыроды, хвалюе экалагічны стан нашай зямлі. Папа Францішак заклікае ў сваёй энцыкліцы Laudato si бараніць прыроду, бо яна – Божы дар. Таму вось такім птушыным святам, спадзяюся, нам удасца яшчэ раз нагадаць пра сур’ёзныя выклікі нашага часу і заахвоціць людзей змагацца з імі.”

“Ці памянялася нешта ў росіцкіх жыхароў, калі яны пабачылі столькі прыгажосці ля касцёла?” – пытаюся.

“А добры прыклад дзейнічае. – кажа айцец Чэслаў. — Калі я толькі пачынаў рыць катлаваны пад пруды, садзіць дрэвы і кветкі, многія мяне не разумелі. А колькі было смецця там! І пакеты і бутэлькі пластыкавыя. А сёння гэтага няма. Вяскоўцы пабачылі, што можна зрабіць так, каб было чыста і прыгожа. Ніхто не выкідае ў нас смецце за плот, як было раней.”

— Вяртаючыся да тэмы буслоў, іх жа не прымусіш прыляцець на свята. А як жа без птушак птушынае свята?

— У нас усё ўжо прадумана. Гатовыя тры буслянкі. Падзялюся з вамі сваім архітэктурным праектам. Трэба, каб слуп або дрэва былі не менш за 6 метраў вышыні. Наверх кладзецца барана і закідваецца галінкамі дрэў. І ўсё гэтае трэба акрапіць вапнай. Буслы думаюць, што гэта памёт, і што буслянка ўжо абжытая, таму ахвотней прылятаюць на яе.

rosica_busly

— У кветках Вы несумненна добра разбіраецеся, бачу, што ў птушках ведаеце толк.

— З бусламі я звязаны і эмацыйна. Аднойчы з гнязда выпала птушаня. Маленечкае такое. Мне прынесла парафіянка. Я яго выхадзіў, лячыў, карміў. Назваў Клякам ад слова клёкат.

rosica__kliok

З айцом Чэславам можна гутарыць не адну гадзіну. Калі ўжо ўсе фота- і відэаматэрыялы зробленыя, мы яшчэ доўга сядзім і слухаем святара. Многае пачутае застанецца за кадрам і па-за старонкамі гэтага тэксту. Але, калі хтосьці з вас, дарагія чытачы, хоча пачуць айца Чэслава і пабачыць Росіцу, у вас ёсць цудоўная магчымасць зрабіць гэта, прыехаўшы на Буслінае свята 30 красавіка. Пагутарце са сваімі душпастырамі, прапануйце, паспытайце. Росіца вартая таго, каб туды прыехаць.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку