Росіца. «Як убачу кроў на Украіне — ноч спаць не магу»

rosica1 У мястэчку Росіца пабачыў адзін з самых прыгожых беларускіх краявідаў. На беразе шырокай сажалкі — чырвоны касцёл, з невысокімі вежамі. Калісьці да вайны гэтыя вежы былі высокімі. Але бальшавікі тыя вежы зруйнавалі, бо палічылі іх добрым арыенцірам для польскай артылерыі. Дзякуй, што не зруйнавалі ўвесь храм. З-за дрэваў колішняга парку выглядвае знявечаная званіца зруйнаванай праваслаўнай царквы. Навокал пануе ціша і спакой.

Для беларускіх каталікоў мястэчка Росіца — месца знакавае. Тут 16 лютага 1943 году адбылася карная аперацыя з прыгожай назвай «Зімовы цуд», падчас якой было спалена жыўцом 1528 чалавек у самім мястэчку і ўсе навакольныя вёскі да самай латышскай мяжы. Расправы ішлі па ўсёй Росіцы. Але ў адным месцы, у былой калгаснай стайні, загінула каля чатырох соцен людзей. Два маладыя чалавекі — ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, якія маглі пазбегнуць смерці, пайшлі ў тую стайню. Разам са сваёю паствай.

Тая стайня знаходзілася каля мехдвара. Сёння тут створаны сапраўдны мемарыял. З высокім крыжам, з ліхтарамі, з дарожкамі і кветнікамі. Усё гэта дзякуючы сённяшняму ксяндзу Чэславу Курэчку, надзвычай гасціннаму і добразычліваму чалавеку.

rosica2

— Як прыяжджаюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі — заўсёды наведваюць гэтае месца. Размаўляем, молімся. Тут адбываюцца працэсіі са свечкамі. Малітва, дзе святары загінулі. Але гэта толькі адно месца. Там недзе 380 чалавек загінула, у стайні. Але былі і іншыя мясціны — хлявы, дамы. Збіралі групамі і палілі гэтых людзей.

Той «Зімовы цуд» тварылі 7 латышскіх батальёнаў СС. Характар і маштаб гэтай акцыі сведчыць толькі пра адно — пра намер латышскіх нацыстаў ачысціць тэрыторыю ад беларусаў дзеля будучай «Вялікай Латвіі».

— Латышы хацелі, можа, нажыцца з гэтага дабра. Пайшлі на гэту акцыю, каб потым прыбраць якую маёмасць.
— Гэта было рукамі латышскіх?…
— Так.
— А што было на гэтым месцы да мэмарыялізацыі?
— Пасвіліся козы, рос бур’ян. Там мехдвор, тэхніка стаяла. Валяліся розныя кузавы, тэхніка. І першы святар, які туды прыйшоў, — ксёндз Вячаслаў, стаў на калені і маліўся за той час, калі можна маліцца і ўзносіць хвалу ўсім загінулым.

Мне пашчасціла сустрэцца з Валянцінай Марцінкевіч, якая асабіста ведала ксяндза Антонія. І ружанец, падараваны ім, старая лічыць цудадзейным. Валянціна павінна была згарэць разам са сваёй вёскай Кулакова. Але тры сям’і былі адпраўленыя ў канцлагер у Латвію. У тым ліку і сям’я Валянціны.

— Нас у Кулакове палілі. Тое самае было, што ў Росіцы. Пагналі жанчын з дзецьмі ў школу, мужчын у хлеў, а нас… прыйшоў нейкі немец з перакладчыкам. Гаварылі, гаварылі. Поўна было народу, жанчын з дзецьмі. Мы сядзелі ў дзвярах. І немец сказаў, паказаўшы на нашых мам: «Вы, Вы і вы — выходзьце на вуліцу». Мы выйшлі — стаіць конь запрэжаны. Павезлі да Бігосава. А школу адразу аблілі бензінам, запалілі кулямі. Адразу полымя ахапіла. Мужчыны былі ў хляве, хлеў таксама загарэўся. Мы сталі плакаць, крычаць. Да нас падбег з бізуном. «Калі не замаўчыце, то і вы там будзеце. Зараз і вас туды закінем». Так Богу трэба было, каб тры сям’і ацалелі, а ўсе згарэлі.

Стары ружанец, падараваны ксяндзом Антоніем, старая цалуе і палівае слязьмі. З ім яна прайшла лагерныя жахі. Гэты ружанец — адзінае, што засталося ў яе ад даваеннага жыцця.

rosica4

— Нашы дамы, наша вёска — як сказалі нам тыя, што жылі ў Бігосаве — стаялі доўга. Пакуль не прыехалі латышы і не забралі ўсю скаціну. Мы ж пайшлі — усё засталося. І скаціна, і што дома была. Што мы з сабой ўзялі? — Хлеба ды кавалак сала. Прыехалі латышы, усё забралі і спалілі хаты. І згарэлі людзі старыя нямоглыя. Мой дзед. Ой, адна мука…
— Латышы пажывіліся.
— Вядома, пажывіліся.
— А гэты ружанец…
— Прайшоў са мной усю вайну. Божанька мой. Ратаваў мяне. Я ж памірала ў канцлагеры. Ляжала, ужо падняцца не магла, уся апухлая ад голаду. Божа мой мілы, толькі Ты мяне адзін выратаваў! Малілася ў лагеры, каб ніхто не пабачыў, уночы.

Сённяшняя Росіца, адноўленая па вайне, палохае нежылымі вокнамі ў двухпавярховых цагляных, некалі дабротных дамах.

Паўсюль, куды ні кінь вокам — запусценне і руіны.

rosica3

Гэтую карціну мне патлумачыла мясцовая краязнаўца Алена Мінчанка.

— У 2002-м годзе, калі пачалася «аптымізацыя», маленькія калгасы і саўгасы пачалі аб’ядноўваць паміж сабой. Нас далучылі да Сар’і. Зніклі працоўныя месцы, закрылася школа, і маладыя сем’і сталі шукаць больш прыстасаваных месцаў для жыцця. І пачалі раз’яжджацца. Па спісах цяпер каля трохсот, а фактычна — добра, калі дзвесьце ёсць. А да 1919-га ў мястэчку жыло пяць тысяч чалавек.

Ад той старой Росіцы ў жывых не засталося нікога. Ядвіга Бараноўская жыла ў недалёкай вёсачцы Межылы. Браты Ядвігі былі ў партызанах, і сям’я паспела адысці ад вёскі ў бліжэйшае балота. Падчас таго «Зімовага цуду» дзевяцігадовая Ядвіга назірала, як гарыць яе хата і яе вёска. Слухаць старую спакойна немагчыма.

— І толькі прыбеглі ў гэта балота, заваліліся. А хата на гары стаіць, як на далоні. І дарогай ідуць 32 немцы (цётка налічыла) і ззаду кулямёт на санях. І гэта шчасце, што яны трохі спазніліся. А нас Божанька ўбярог. І як паехалі гэтыя немцы, адразу пачалася страляніна, крыкі, дым пайшоў — запалілі вёску. І тата кажа: «Дзеткі, глядзіце — наша хатка гарыць». А сястра мая з Ленінграда ляльку была прыслала. Ні ў каго ў вёсцы не было такой лялькі. Я плачу: «Татачка, лялька ж мая гарыць!»

rosica5

— А паліцаі былі латышскія?

— І нашых поўна было! Паліцаяў. Адзін брат, Вінька клікаць яго, паліцаем быў. І ў нас коней забіраў, з плёткай хадзіў. А другі, Тадзік, у партызанах, разам з маімі братамі.

У Ядвігі слова «вайна» выклікае вельмі канкрэтныя вобразы. І выраз «толькі б не было вайны» ў яе вуснах гучыць вельмі моцна. Апошнія навіны пра Украіну па тэлевізары старая імкнецца не глядзець.

— Я гатовая адну бульбу есці, каб толькі вайны не было. Каб толькі ў згодзе жылі. І брата не стала, і сястры не стала. І мама толькі з-за вайны памерла. Пагляджу, на Украіне моладзь — Божанька мой мілы! Не магу кроў бачыць. Гляджу — за ногі і пацягнулі чалавека. Ну ён жа чалавек! Увесь у крыві. Ці забіты, ці паранены… А тады выключаю тэлевізар. Нагледжуся і тады ноч спаць не магу. Каб толькі вайны не было.

У 1999-м годзе Папа Ян Павел ІІ абвясціў Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча блаславёнымі. Два разы на год, у лютым і жніўні, сюды прыходзяць пілігрымы з усёй Беларусі памаліцца ў іх гонар. Таму казаць пра смерць Росіцы не выпадае. З кожным годам пілігрымаў становіцца ўсё больш. Як і пагалоскі пра подзвіг беларускіх ксяндзоў.

Зміцер Бартосік, svaboda.org

Ад рэдакцыі. 21 лютага 2015 года ў росiцкiм санктуарыi ў чарговы раз пройдзе ўрачыстае ўшанаванне гадавiны мучанiцкай смерцi пакутнікаў росіцкай зямлі — благаслаўлёных Юрыя Кашыры i Антонiя Ляшчэвіча. Штогод усё больш людзей прыязджае ў сярэдзіне лютага ў гэтае благаслаўлёнае месца, месца асаблівай споведзі, асаблівай падзякі за дар жыцця, асаблівай малітвы за жывых і памерлых, за сваіх родных, што згараюць у агні хваробы ці залежнасці, месца малітвы за святароў, што вядуць нас да Бога.

для друку для друку