Росіца сабрала сем’і на супольную малітву

Чарговы раз Росіца сабрала сваіх пілігрымаў, але ўпершыню на спатканне сем’яў. Малітоўная сустрэча прайшла 1 мая 2017 года.

Нягледзячы на тое, што на календары распачаўся май, нябесная канцылярыя вырашыла здзівіць і другі веснавы месяц распачаць снегападам. “Тое, што адбываецца на вуліцы, не зменіць нашага настрою.  І вы, якія сюды прыехалі, каб памаліцца, праславіць Госпада, прасіць спагаду для нашых сем’яў, зможаце гэта зрабіць”, — прывітаў і падбадзёрыў прысутных у святыні а. Андрэй Сідаровіч.

Малітва ў росіцкай святыні па традыцыі распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і адарацыяй. Ружанцовая малітва, якую праводзіла сям’я Марціноўскіх, была адмыслова прадумана і падрыхтавана для гэтай сустрэчы. Разважанні на тэму сям’і, аб’ядноўвалі ўсе праблемы і жыццёвыя сітуацыі сучаснай ячэйкі грамадства.

“Для мяне сям’я – галоўнае што маю. Мае блізкія і родныя – самы каштоўны скарб, які я атрымала ад Бога. Сям’я – гэта пастаянная праца над сабой, якую нельга скончыць, — адзначыла Марыя Марціноўская, якая ў шлюбе 7 гадоў і дадала: Каб не здарылася вялікага  крызісу ў нашай сям’і, мы шукаем падтрымкі ў касцёле. У нас існуе хатні касцёл, дзе мы становімся на калені разам з нашым сынам”. Сужонак Марыі Павел падкрэсліў, што, калі хтосьці здаецца ў барацьбе са сваім характарам і звычкамі, тады адбываецца крызіс. Калі не прыйдзем да Бога і не папросім бласлаўлення і ласкі, знайсці выйсце будзе складана.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх сем’яў канцэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам і прысутнымі святарамі. Іерарх падкрэсліў, што збіраемся тут, каб зачэрпнуць гэтай духоўнай цеплыні, якая паходзіць ад Езуса Уваскрослага, каб распаліць нашыя сэрцы.

“Распачынаем месяц Марыі, заквітнелі першыя цюльпаны, нарцысы. У Росіцы адкрываем сезон нашых сустрэч, — скіраваў слова кусташ санктуарыя: — Сёння молімся за сем’і. Хочам быць шчаслівыя і шукаем гэтага шчасця. І добра зрабілі, што скіравалі крокі свае ў Росіцу. Бог з’яўляецца крыніцай ласкі і бласлаўлення і вы выбралі добры шлях. Дзякуючы Яго ласцы будзем шчаслівыя. Калі сем’і нашы будуць моцныя, то і наша грамадства будзе моцнае.

А. Чэслаў Курэчка вельмі цешыцца, што біскуп Алег палюбіў Росіцу і заўсёды наведвае, моліцца разам, каб атрымаць патрэбныя ласкі праз заступніцтва бласлаўлёных пакутнікаў у кіраванні Віцебскай дыяцэзіяй.

Паняцці працавітасці і адказнасці былі галоўнымі ў разважаннях біскупа Віцебскага падчас гаміліі. “Росіца нам прадстаўляе двух мучанікаў, якія аддалі жыццё, бо адчувалі адказнасць за даручаных ім людзей. Святы Юзаф таксама падышоў адказна да даручанай Богам місіі. Яму не было проста.  Сёння кажуць часта, што Езус быў сынам цесляра, простага працоўнага чалавека.

Мець дзяцей у сям’і – гэта не проста права, а абавязак. Першая рэч, якую ўсклаў Бог на чалавека, — гэта “пладзіцеся і размнажайцеся”.  Дзеці – гэтая тыя хто сям’ю звязвае і надае сэнс. Але гэта вынікае з пачуцця адказнасці. Падчас шлюбу сужонкі таксама бяруць адказнасць за другога чалавека.

Айцец Чэслаў – прыклад ахвярнасці і адказнасці за тых, хто сюды прыязджае”, — падкрэсліў іерарх.

Адна з праблем, якая нішчыць нашыя сем’і — алкагалізм. У Бягомлі існуе Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”. Маленькую прэзентацыю пра дзейнасць Цэнтра і пра выйсце з такога становішча распавёў кіраўнік Уладзімір Шчэпін. Малады чалавек Дзмітрый, які праходзіць курс рэабілітацыі, даў сведчанне сваёй хваробы і шляхі змагання з ёй.

Пасля Эўхарыстыі адбылася канферэнцыя для дарослых і цікавая праграма для дзяцей.

Біскуп Алег падкрэсліў важныя моманты ў стварэнні новай сям’і. Сям’я распачынаецца з сакраманту шлюбу. На жаль у цяперашні час не звяртаюць увагі на духоўны складнік у адносінах паміж людзьмі. Калі няма бласлаўлення ў сям’і – нічога не атрымаецца і злы дух распачынае сваю справу. Ужо з моманту знаёмства маладых людзей павінна быць адказнасць. Роля бацькоў таксама не павінна сыходзіць на другі план. Бацькі павінны падказваць і не дазваляць жыць адразу, без бласлаўлення, па прычыне “бо цяпер усе так робяць”.

У пачатку закаханасці маладыя людзі глядзяць адзін на аднаго, а потым павінны глядзець абодва ў адным накірунку.  Любоў заключаецца ў тым, каб убачыць “мінусы” чалавека, каб адказаць сабе, ці змагу жыць з яго “мінусамі”. Калі не, то не трэба і ўваходзіць у гэтыя адносіны”, — звярнуў увагу іерарх.

Пасля канферэнцыя адбылася малітва праз заступніцтва Святой Сям’і, каб будучы звычайнымі людзьмі змаглі прыняць і выканаць Божую волю. Затым кожная сям’я падыходзіла да біскупа і атрымлівала індывідуальнае бласлаўленне.

Сям’я Чэслава і Марыі Рачыцкіх з Шаркаўшчыны ў шлюбе ўжо 54 гады, маюць траіх дзяцей. На пытанне “Каталіцкага Весніка” наконт сакрэту сямейнага шчасця спадарыня Марыя адказала: “У нас таксама не заўсёды ўсё добра было, але дзякавала заўсёды Маці Найсвяцейшай і прасіла Яе апекі. Езус, калі паміраў на Крыжы, даў нам Маці для ўсіх. Толькі праз Яе заступніцтва і апеку мы жывем.”

Для дзяцей адбылася сустрэча з часопісам «Маленькі рыцар Беззаганнай». Самыя маленькія росіцкія пілігрымы ўважліва слухалі аповед Ірыны Жарнасек, якая з’яўляецца рэдактарам каталіцкага дзіцячага часопіса, а таксама адказвалі на розныя пытанні і выконвалі заданні.

“У мінулыя гады мы рабілі сустрэчы для мужчын і жанчын, якія таксама карысталіся папулярнасцю і ў маі ў “валадарства цюльпанаў” сюды прыязджалі пілігрымы. А ў гэтым годзе захацелася памаліцца за сем’і, каб аб’яднаць гэтыя сустрэчы, — сказаў вікарый росіцкай парафіі а. Андрэй і дадаў: — Калі гэтая ідэя сямейнай малітвы тут, у Росіцы, спадабаецца і будзе мець пазітыўны водгук, то на наступны год будзе паўтарэнне сённяшняга фармату”.

Пасля заканчэння малітоўнай часткі сустрэчы, калі ўсе ўжо частаваліся на плябаніі славутай грыбной поліўкай ад а. Чэслава, біскуп Алег не пакінуў без увагі сведку росіцкай трагедыі Валянціну Марцінкевіч, і на некалькі хвілін затрымаўся ў святыні, каб паразмаўляць з жанчынай.

Наконт прыроднай з’явы — снегу ў сярэдзіне вясны, які выпаў менавіта ў той дзень, калі сем’і з маленькімі дзецьмі збіраліся часам і ў няблізкі шлях да Росіцы,  біскуп Алег лічыць, што “ў пэўным сэнсе, гэта можна ўспрыняць як выпрабаванне: ці звязваем наш добры настрой, нашае жаданне праявіць веру толькі са знешнімі ўмовамі ў якія трапляем, ці ўсе ж такі здольныя іх пераадолець, нягледзячы на пэўныя цяжкасці ўмець радавацца і шукаць штосьці добрае ў гэтым жыцці”.

Росіца заўсёды здзіўляла і працягвае здзіўляць сваіх пілігрымаў.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку