- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Росіца. Верш Ірыны Жарнасек (відэа)

Леанід Юрык, відэа

Аўтар кнігі пра росіцкую трагедыю «Будзь воля Твая» прысвяціла гэты верш падзеям 1943 года.

Росіца

Малітва на вуснах застыла.
Ружанец рука затрымала.
Да Бога душа узляцела
з пакутаў, мучэнняў, ахвяры.

Зіма дарэшты счарнела,
сцюжа полымем плача:
у Росіцы анямелай
усмешкі на твары не ўбачыш.

Якія усмешкі? Росіца
застыла ў жалобным адчаі –
попелам жудасным моліцца,
зямлю напаіўшы слязамі.

Вецер галосіць у Росіцы,
вецер хаўтуры спраўляе,
моліцца ўсцяж па нябожчыках,
якія ў пакутах сканалі:

«Божа ласкавы, злітуйся!
Стогне зямля ахвярамі.
Росіца стала пакутніцай…
Вечны спачын дай ім, Пане!..

Прымі ў Айчыну светлую
з пекла, якое спазналі
ў гэтым жыцці ад нелюдзяў…
Вечны спачын дай ім, Пане!..

На іхніх вуснах малітва
была пры апошнім дыханні…
З імем Тваім адыходзілі…
Вечны спачын дай ім, Пане!..»