Роля святара ў нацыянальным адраджэнні беларускага народа паводле кс. Адама Станкевіча

Справа беларускага нацыянальнага адраджэння ў пачатку ХХ стагоддзя дасягнула неверагодных поспехаў. За даволі кароткі час з’явілася пляяда творчых, таленавітых і адданых беларускай справе людзей, якія стваралі суполкі, гурткі, перыядычныя выданні дзеля працы на карысць павышэння культурнага ўзроўню народа і яго самасвядомасці. Але ў параўнанні з суседнімі народамі беларусы, канечне ж, адставалі ў галіне рэалізацыі нацыянальнага праекту. Шмат працы было яшчэ наперадзе. Гэта цудоўна разумеў выдатны дзеяч беларускага хрысціянскага адраджэння кс. Адам Станкевіч (1891 – 1949). Як святар ён клапаціўся, каб адраджэнне народа было не толькі палітычным або культурным, але таксама і духоўным. На яго думку, істотны ўклад у вырашэнне гэтай задачы маглі б і павінны былі б унесці святары.

Станкевіч лічыў, што незалежна ад канфесійных падзелаў духоўныя асобы мусяць рабіць усё, што ў іх сілах, для дабра беларускага народа. Пра гэта святар пісаў яшчэ ў 1920 годзе на старонках аднаго з нумароў газеты “Крыніца”: “Ксяндзы і папы, працуючыя ў Беларусі, павінны стацца сапраўднымі айцамі духоўнымі беларускага люду. Яны мусяць працаваць дзеля таго, каб люд гэты ня быў жабраком і папіхачам у сваім краі, але каб паволі пачаў будаваць сабе Дом-Бацькаўшчыну і каб каваў сабе лепшую долю”. Вядома, што Адам Станкевіч быў патрабавальным перадусім да самога сябе. Вельмі блізкімі яму былі погляды выдатнага рускага філосафа Уладзіміра Салаўёва (1853 – 1900). Так, гэты мысляр у лісце “Як абудзіць нашыя царкоўныя сілы?” заклікаў духавенства адкінуць дэвіз “Пражывём як небудзь” і вызваліць “прастор для свабоднай барацьбы, для подзвігаў розуму і духу”.

Ксёндз Адам Станкевіч з надзеяй глядзеў на ўсё духавенства, якое магло б прычыніцца да высакароднай справы беларускага нацыянальнага будаўніцтва. Ахвотных ісці гэтым шляхам занадта шмат не было. Напрыклад, у праваслаўным асяроддзі беларускі рух быў вельмі слабы. Толькі лічаныя прадстаўнікі (і то пераважна свецкія асобы) заўважалі вострую неабходнасць кансалідацыі грамадства вакол нацыянальнай ідэі. Значна лепш сітуацыя выглядала сярод каталіцкага духавенства.

Беларускі рух можна было назіраць ужо ў духоўнай семінарыі ў Вільні на пачатку ХХ стагоддзя. Адтуль выйшла нямала прадстаўнікоў беларускага каталіцкага адраджэння. Будучы клерыкам, Адам Станкевіч у 1911 годзе заснаваў сярод семінарыстаў беларускае кола, у якое ўваходзілі Язэп Рэшаць, Францішак Аляшкевіч, Андрэй Цікота, Аляксандр Аўгустыновіч і інш. Станкевіч пазней успамінаў, што рэктар семінарыі з вялікай асцярогай глядзеў на гэту дзейнасць, баючыся, што беларускія настроі студэнтаў дзяржаўныя ўлады тагачаснай Расійскай імперыі паспрабуюць скіраваць супраць Касцёла. “На гэта пачуў рэктар ад мяне адказ, – пісаў потым ксёндз Адам Станкевіч у кнізе “Беларускі хрысціянскі рух,” – што семінарысты-беларусы імкнуцца да таго, каб з беларускага адраджэння была для Касцёла карысць, а ня шкода. З боку ж Расеі такжа няма небяспекі з прычыны беларускага адраджэння, бо яно не злучае беларусаў з Расеяй, а раздзяляе, і што ў будучыні праз адраджэнне народнае Беларусь праваслаўная лягчэй можа дайсці да згоды з Каталіцкім Касцёлам”.

Адным з пачынальнікаў беларускай справы ў Касцёле Станкевіч лічыў ксяндза-каноніка Францішка Грынкевіча (1884 – 1936). У пачатку ХХ стагоддзя ён служыў у гродзенскім касцёле Узвышэння святога Крыжа. Кс. Грынкевіч незадоўга да пачатку Першай сусветнай вайны арганізаваў беларускі моладзевы гурток “Хатка”, з якога выйшла нямала пазнейшых беларускіх грамадскіх дзеячаў. Адам Станкевіч высока ацэньваў працу ксяндза-каноніка, але адначасова не пашкадаваў для яго і крытыкі, бо пасля вайны Грынкевіч не праяўляў больш такой актыўнасці, як раней.

Пасля падзей Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года назіраўся асаблівы ўздым прабеларускіх настрояў у святарскім асяроддзі: 24 – 25 мая адбыўся з’езд ксяндзоў-беларусаў у Мінску, ішло арганізацыйнае афармленне беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху. Ахвярна працавалі маладыя ксяндзы: Уладзіслаў Талочка, Люцыян Хвецька, Францішак Будзька, айцец Баляслаў Пачопка і інш. Кс. Талочка на беларускай канферэнцыі ў Вільні, якая праходзіла ў катэдральным касцёле ў канцы студзеня 1918 года, прамовіў наступныя словы: “З матэрыяльнага пункту беларуская справа – малакарысны інтарэс. Тым болей яна дарага для мяне. Беларускаму народу за яго вернасць Касцёлу, запячатаную крывёю яго сыноў, народу, жыццё каторага дагэтуль было такое сумнае, сапраўды належыцца з боку каталіцкіх ксяндзоў вялікшая апека, як тая, якую мы бачым да апошніх дзён”. Адам Станкевіч трапна падсумаваў вынікі гэтага кароткага перыяду так: “Беларусы-каталікі, як бачым, у гэтым часе не драмалі і штораз больш развівалі працу нацыянальную і рэлігійную”.

Яркім прыкладам любові да народу, на думку кс. Адама Станкевіча, быў славуты беларускі каталіцкі святар і паэт Казімір Сваяк (1890 – 1926), вядомы таксама пад псеўданімам Кастусь Стэповіч. Ён заўчасна пайшоў з гэтага жыцця па прычыне хваробы, але пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. У некалькіх нумарах часопіса “Хрысціянская думка” за 1931 год Станкевіч напісаў шэраг артыкулаў, у якіх абагульніў погляды ксяндза-паэта. Ксёндз Адам адзначыў: “Сваяк, узвышыўшыся на недасягальныя для звычайнага чалавека вышыні хрысціянскай навукі, узброіўшыся ў святло Хрыстова, аглядае ўсю пакутную Беларусь і на агульных хрысціянскіх падставах з сілай выдатнага даследчыка і мысліцеля снуе думкі аб вызваленчай ідэалягічнай падарожы беларускага народу, сынтэзуючы ў адно суцэльнае і стройнае ўсё тое, што беларусу прыгодна, што вядзе яго да вызвалення”.

У часы двух міжваенных дзесяцігоддзяў у Заходняй Беларусі з’явіўся шэраг іншых духоўных асобаў, якія арганічна спалучалі беларускія патрыятычныя погляды і служэнне на хвалу Богу і людзям. Праўда, як адзначаў беларускі вучоны Іван Трацяк у манаграфіі “Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” (Гродна, 2013), іх таленты і здольнасці былі не заўсёды запатрабаванымі ў Касцёле. Тым не менш гэтыя святары далі моцны штуршок развіццю беларускай нацыянальнай свядомасці. Кс. Адам Станкевіч надаваў вялікае значэнне дзейнасці святароў у працэсе фармавання беларускай ідэнтычнасці. Гэта не быў нейкі рамантычны погляд. Святары прымалі актыўны ўдзел у нацыянальных рухах і ў многіх іншых частках свету. Гэта зусім невыпадкова. Беларускі народ у большасці сваёй быў вясковым і ў штодзённым жыцці часцей кантактаваў са святаром, чым, напрыклад, са школьным настаўнікам. Святар быў у пэўным сэнсе медыятарам, які даваў народу магчымасць дакрануцца да набыткаў высокай культуры, нярэдка абараняў годнасць і інтарэсы простага люду перад чыноўнікамі і землеўласнікамі.

Ад духавенства залежала сапраўды вельмі многа. З аднаго боку, трэба было развіваць справу нацыянальнага адраджэння, а паралельна з гэтым будаваць грамадства, чальцы якога будуць здольнымі да ўзаемнай павагі, свабоднымі ад стэрэатыпаў і салідарнымі ў змаганні за лепшую будучыню. Бясспрэчна, што кс. Адам Станкевіч, яго папярэднікі і паплечнікі ў святарскім служэнні зрабілі ў гэтым кірунку многае, пакінуўшы нашчадкам падрыхтаваную прастору для далейшай дзейнасці.

Кс. доктар Юрый Дрозд

Пра аўтара:

Юрый Дрозд нарадзіўся ў 1985 г. Скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (2007). Магістр гісторыі (2008). У 2014 г. скончыў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Магістр тэалогіі (2014), доктар тэалогіі (2020). Працуе ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў г. Брэсце. Дырэктар катэхетычнага каледжа імя З. Лазінскага ў Баранавічах.

для друку для друку