Рэліквіі бласлаўлёных мучаніц з Наваградка ўнесены ў Пабрыгіцкі касцёл у Гродне

2 верасня ў рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

Унясенне адбылося перад святой Імшой, якую ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза, рэктар касцёла. У гаміліі кс. Ян Раманоўскі, прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, адзначыў, што благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка даюць сучасным людзям прыклад вернасці хрысціянскім каштоўнасцям. Па словах святара, самым важным з’яўляецца тое, што яны даюць прыклад сапраўднай любові да Бога і бліжняга.

“Вера ў Бога не вымяраецца толькі колькасцю прамоўленых малітваў або пройдзеных пілігрымак, але найперш адкрытасцю на іншага чалавека і ўменнем прысвяціць яму свой час, здольнасці, сілы, грошы, а можа, нават і жыццё”, – дадаў кс. Раманоўскі.

На заканчэнне ўрачыстасці шматлікія вернікі, прысутныя ў святыні, і сёстры з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі праз цалаванне.

Унясенне рэліквій адбылося ў год, калі адзначаецца 75-годдзе мучаніцкай смерці 11 назарэтанак. Манахіні Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прыгавораных да расстрэлу. Назарэтанкі былі беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.

кс. Юрый Марціновіч, www.grodnensis.by

для друку для друку