Рэлігійны турызм – новы прадмет у Мінскім тэалагічным каледжу

Новы прадмет з’явіўся ў Мінскім тэалагічным каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. Разам з дагматыкай, кананічным правам, літургікай і касцёльным спевам тут будуць вывучаць рэлігійны турызм.

Як арганізаваць пілігрымку, па якім маршруце, на што звярнуць увагу? Пакуль гэта спроба, але ўвесці гэтую дысцыпліну – патрабаванне часу, упэўнены дырэктар каледжу ксёндз-канонік Ян Крэміс. “Многія людзі цікавяцца гэтай тэмай, хочуць пілігрымаваць па нашай краіне, наведваць санктуарыі, таксама і па-за межамі краіны. Мы плануем што, курс закране не толькі каталіцкія, але і храмы іншых канфесій і рэлігій”, — паведаміў пра планы кіраўнік навучальнай установы.

21 верасня 2019 г. у Мінскім тэалагічным каледжы пачаўся юбілейны – 10-ы навучальны год. Студэнты, выкладчыкі, святары сабраліся на св. Імшы, якую ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падкрэсліў, што сучасныя людзі страцілі пачуццё граху. Ён правёў аналогію: гэта як прызнаць хваробу і звярнуцца да ўрача. У духоўным сэнсе ў гэтым дапамагае Касцёл. Дапамагчы чалавеку знайсці шлях – таксама і задача будучых выпускнікоў каледжа.

“Мы дзякуем Богу за тое, што было, але трэба ісці наперад. Трэба павышаць якасць падрыхтоўкі студэнтаў каледжу. Бо сёння недастаткова толькі сказаць “хадзі ў Касцёл і маліся, а то трапіш у пекла”. Сёння людзі падрыхтаваныя, сёння моладзь адукаваная, таму трэба сур’ёзныя аргументы. Моладзь – гэта ўжо пакаленне Z, яны жывуць у іншым свеце”, — падзяліўся думкамі іерарх.

Напрыканцы інаўгурацыі новага навучальнага года 22 першакурсніка атрымалі свае залікоўкі, працу ў каледжы распачалі два новыя выкладчыкі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі