Рэлігіі аб’ядноўваюцца ў малітве за чалавецтва

Ілюстрацыйнае фота

У сітуацыі пандэміі кожны чалавек, нягледзячы на культуру, эканамічны статус і рэлігійную прыналежнасць, пакутуе за ўсё чалавецтва, — перакананы старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.

Кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот пракаментаваў правядзенне 14 мая 2020 г. Дня малітвы і посту за чалавецтва. З ініцыятывай выступіў Камітэт па рэалізацыі мэт «Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні». Да яе далучацца рэлігійныя, палітычныя і грамадскія лідары і арганізацыі, у тым ліку ААН.

Прэфект Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу адзначыў, што арганізатары хочуць прыцягнуць увагу чалавецтва да духоўнага вымярэння цяперашняй сітуацыі. Па яго словах, жаданне Папы далучыцца да ініцыятывы, якое ён выказаў падчас малітвы “Уладарка неба” у нядзелю, 3 мая, указвае на ўніверсальны характар гэтага гістарычнага здарэння.

«Пост і справы міласэрнасці – гэта адначасова індывідуальныя і сумесныя ўчынкі, якія патрабуюць усведамлення ўласнай адказнасці і разумення неабходных дзеянняў», — нагадаў ватыканскі іерарх.

Кардынал падкрэсліў, што гатоўнасць Генеральнага сакратара ААН прыняць удзел у мерапрыемстве адлюстроўвае непакой міжнароднай супольнасці і разуменне таго, што мы ўсе належым да адзінага чалавецтва і патрабуем салідарнасці.

Тлумачачы ролю рэлігій у сітуацыі з пандэміяй каранавіруса, старшыня Папскай рады падкрэсліў, што ўсе яны надаюць вялікую ўвагу ўнутранаму жыццю чалавека, і ў цяперашніх умовах гэта актуальна амаль для кожнага. Таксама малітоўная практыка рэлігій заахвочвае сведчыць любоў, прымаць іншых і рабіць дабро.

У Дзень малітвы і посту людзі розных веравызнанняў звернуцца да Бога, просячы аб ратаванні чалавецтва і дапамозе перад абліччам пандэміі, вяртанні бяспекі, стабільнасці, здароўя і развіцця, больш гуманным і братэрскім свеце.

Камітэт па рэалізацыі мэт «Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні» быў створаны 21 жніўня 2019 г. Структура павінна спрыяць дасягненню ідэалаў, акрэсленых у дакуменце, які Папа і Вялікі імам Аль Азхар падпісалі 4 лютага 2019 г. у Абу-Дабі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку