Рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» для сем’яў па ўнікальнай аўтарскай праграме пройдуць у Мінску

Cужэнцы запрашаюцца скарыстацца адной з гэтых магчымасцяў для сваёй сям’і, каб умацаваць і паглыбіць свае сужэнскія адносіны. Да восені магчымасці перажыць іх у Мінску больш не будзе.

Падчас рэкалекцый удзельнікі атрымаюць рэальны інструмент для будавання сваіх адносін, якім змогуць карыстацца ў штодзённасці, нават у тых сітуацыях, якія сёння здаюцца вельмі цяжкімі і амаль не пакідаюць надзеі.

Запрашаюцца таксама тыя, хто хоча ўліць у свае адносіны новае дыханне, свежасць, аднавіць цеплыню і еднасць. Маладыя сем’і змогуць закласці моцны падмурак для сваіх маладых адносін і паглыбіць узаемаразуменне.

Некалькі водгукаў ад удзельнікаў мінулых рэкалекцый, якія могуць крыху раскрыць пачуцці, з якімі сем’і вяртаюцца дадому:

«Адчуваю цяпло ўнутры сябе, стаў бліжэй да сваёй жонкі. Час ідзе, побыт, дзеці — і паступова забываеш, навошта ты наогул з гэтым чалавекам. У галаве толькі праблемы. Рэкалекцыі дапамаглі ўспомніць лёгкасць і адкрытасць адно перад адным. Перад алтаром здавалася, што быць сям’ёй проста, але адносіны — гэта праца… Зараз ганаруся сваёй жонкай, сабой і нашымі намаганнямі».

«Адчуваем пачуцці спакою, задавальнення, шчырасці. Вяртаемся з добрымі думкамі, дасталі знутры сваю любоў, і адносіны стануць лепшымі».

«Перажыў тут пачуцці, падобныя да пачуццяў у самыя значныя моманты майго жыцця: як пры шлюбе, нараджэнні дзіцяці і г.д… Пачуццё вялікага адзінства з жонкай. Вяртаюся з цвёрдым намерам змяняць сваё жыццё».

«З’явілася пачуццё надзеі. Ведаем, у якім кірунку рухацца. Рэкалекцыі дапамаглі мне паглядзець на мяне саму і маё праўдзівае стаўленне да мужа. Убачыла сябе ў праўдзе. З’явілася жаданне змяняцца самой, а не пастаянна змяняць іншых».

«Калі маем трох дзяцей, то зусім забыліся пра сябе, тым больш пра дзяленне сваімі пачуццямі. Цяпер я нарэшце зразумела, чаго нам так не хапала. Ад’язджаю з упэўненасцю, натхненнем, з надзеяй на перамены».

«Паміж сабой з’явілася адкрытасць і блізкасць, магчымасць адкрыта гаварыць. Дадому ад’язджаем з прыемным багажом, з усведамленнем неабходнасці і далей працаваць над адносінамі, будуючы наш сужэнскі дыялог».

На якія пытанні дапамагаюць адказаць рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч»?

Губляеце цеплыню адносін?

Не ведаеце, куды схавалася каханне? прыемныя словы? узаемная падтрымка?

Марыце аб глыбокім узаемаразуменні і шчаслівай штодзённасці?

Крызіс сужэнскага жыцця?

Толькі стварылі сям’ю і хочаце будаваць яе на моцным падмурку?

Хочаце паглыбіць сваю любоў?

Сужэнскія рэкалекцыі — выдатная пляцоўка для адказу на ўсе гэтыя пытанні.

Кожны з нас сапраўды марыць аб шчаслівым сужэнстве, як у момант яго стварэння, так і пасля 1…5…10…20…25…50…гадоў сужэнскага жыцця. Так і мае быць! Бо кожная наша сям’я нарадзілася, каб быць шчаслівай.

Але што мы робім для нашага сямейнага шчасця? Ці ведаем інструменты для паглыблення сваіх сужэнскіх адносін? Ці клапоцімся і ўмацоўваем адно аднаго? Ці маем сілы прабачыць і ісці далей? І такіх пытанняў можна паставіць вельмі шмат. Запрашаем сем’і пашукаць адказы і выкарыстаць гэты час на ўмацаванне сваіх сужэнскіх адносін.

У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абаіх сужэнцаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.

Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, што толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў шлюбе.

Час правядзення рэкалекцый:

У лютым: пачатак 14 лютага ў 18.00, заканчэнне 16 лютага каля 15.00.

У сакавіку: 20 сакавіка ў 18.00, заканчэнне 22 сакавіка каля 15.00.

Адрас: в. Ляскоўка, цэнтр «Карытас» (каля Бараўлянаў).

Усім неабходным удзельнікі будуць забяспечаны (асабісты нумар з санвузлом, трохразовае харчаванне, кава-паўзы).

Папярэдні запіс абавязковы. Колькасць месцаў абмежаваная.

Адзіны нумар для запісу і дадатковай інфармацыі:

+375 29 652 11 44 А1 (Velcom)

catholic.by

для друку для друку