Рэкалекцыі па распазнанні паклікання для юнакоў распачаліся ў Гродне

3 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаліся рэкалекцыі для юнакоў. Сустрэча пачалася Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Імшу канцэлебравалі кс. прэлат Ежы Лявінскі, які днём раней адзначаў 90-годдзе; кс. Віталь Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі ў Гродне; яе прэфект кс. Ян Раманоўскі; эканом кс. Валерый Аброшка; духоўны айцец семінарыі кс. Ян Сарэла; сакратар біскупа кс. Юрый Марціновіч. На рэкалекцыі прыбыло каля 60 юнакоў.

Удзельнікаў прывітаў на пачатку Імшы арганізатар сустрэчы кс. Ян Сарэла. Духоўны айцец семінарыі агучыў дэвіз рэкалекцый: “Хлопча, кажу табе, устань! (Лк 7, 14)”. Спадарожнічаць у разважанні над сваім жыццёвым шляхам на працягу трох тураў рэкалекцый у гэтым годзе будзе дапамагаць асоба св. Яна Паўла ІІ.

Гамілію прамовіў рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі, засяродзіўшы ўвагу на некалькіх аспектах. На пачатку святар паразважаў на тэму паклікання.

“Кожны чалавек ад самага нараджэння атрымаў пакліканне. Добры Бог кліча нас да шчасця. Мы пакліканы да таго, каб быць хрысціянамі. Быць добрымі хрысціянамі. Добра быць католікам у адпаведным асяроддзі. Але варта толькі выйсці па-за межы людзей з падобным спосабам мыслення – і чалавек губляецца і саромеецца”, – зазначыў кс. Вайцяхоўскі.

Таксама святар закрануў тэму Божага Нараджэння, заахвоціўшы перажываць гэтыя напоўненыя дабрынёй і спакоем святы не мімалётна і павярхоўна, а разважліва і больш асэнсавана.

Пасля Імшы юнакі зрабілі фотаздымак на памяць і накіраваліся на вячэру ў семінарыйную сталоўку. Затым у аўдыторыі імя св. Яна Паўла ІІ удзельнікі рэкалекцый сабраліся на першую сустрэчу, каб пазнаёміцца з семінарыстамі і паміж сабой.

Бягучы пастырскі год, як вядома, прызначаны гэтаму святому ў 100-годдзе яго нараджэння. Таму падчас зімовых, веснавых і летніх рэкалекцый семінарысты будуць паступова знаёміць юнакоў з біяграфіяй святога Папы, яго дзейнасцю і цікавымі фактамі з яго пантыфікату.

Першай часткай з гэтага цыклу, якую для юнакоў у выглядзе мультымедыйнай прэзентацыі прадставілі семінарысты, стаў перыяд ад нараджэння Караля Вайтылы да абрання на пасаду біскупа Рыма. Пасля прэзентацыі зацікаўленыя юнакі мелі магчымасць задаць пытанні пра жыццё св. Яна Паўла ІІ.

Скончыўся першы дзень рэкалекцый адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў семінарыйнай капліцы, якую правёў прэфект семінарыі кс. Ян Раманоўскі. У гэты асаблівы момант сустрэчы з Хрыстом святар дапамагаў маладым сэрцам аддацца Божаму Сэрцу Езуса і адчуць Яго прысутнасць.

Aндрэй Юхнік, grodnensis.by
Павел Адамовіч, фота

для друку для друку