Рэкалекцыі для святароў праходзяць у Браславе

20 жніўня ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў распачаліся трохдзённыя рэкалекцыі для святароў Віцебскай дыяцэзіі, якія праводзіць французскі біскуп Дамінік Рэ.

Рэкалекцыі з’яўляюцца неабходным сродкам духоўнага аднаўлення і ўзмацнення. Гледзячы на іх важнасць для духоўнага жыцця, яны з’яўляюцца абавязковымі згодна з Кодэксам Кананічнага Права. Сэнс рэкалекцый найлепей перадаюць словы Езуса: “Пакайцеся і верце ў Евангелле”. Пакаяцца – гэта азначае змяніць нанова сваё мысленне і тое, што ідзе за гэтым – учынкі. Нашае жыццё мы павінны пражыць у адзінстве з Богам, наследваць у ім Хрыста, слухаць Яго Евангелле. Ён паказвае нам сапраўдную дарогу, па якой мы павінны ісці. Каб стаць на яе нанова, трэба спачатку параўнаць тое, што мае месца ў нашым жыцці з навучаннем Хрыста.

Духоўнае жыццё святара і яго душпастырская паслуга павінны быць напоўненыя пастаяннай працай над сабой. Адным з элементаў гэтай працы з’яўляюцца штогадовыя рэкалекцыі. Просім Духа Святога, каб напоўніў святароў, якія ўдзельнічаюць у рэкалекцыях, сваімі дарамі, каб гэта быў час гарачай малітвы.

Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS, waladarka.by

для друку для друку