Рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання, адбыліся ў Мядзелі

З 25 па 28 ліпеня ў мядзельскім кляштары кармэлітаў босых адбыліся рэкалекцыі для юнакоў, прысвечаныя распазнанню паклікання.

На рэкалекцыі прыбылі двое хлопцаў з парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе служаць айцы кармэліты.

Час рэкалекцый быў напоўнены малітвай, цішынёй і канферэнцыямі кармэліцкай духоўнасці.

Айцец Аляксандр Стока ОСD, адказны за пакліканні ў Дэлегатуры кармэлітаў на Беларусі, звярнуў увагу юнакоў на вобраз Марыі, якая дасканала ведае сэрца чалавека і ў стане перамяніць яго.

Марыя, па словах святара, клапоціцца пра пакліканне і дазваляе весці маладога чалавека да Езуса, Добрага Пастыра.

Айцец Аляксандр заклікаў юнакоў наследаваць Марыю, Яе пакору і паслухмянасць у сваім штодзённым жыцці, а таксама адзначыў, што Бога можна пачуць толькі ў цішыні.

У гэтыя дні хлопцы жылі манаскім жыццём, удзельнічалі ў супольных актах, малітвах Літургіі Гадзінаў. Цэнтральнай часткай кожнага дня былі Эўхарыстыя і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Айцец Генрых Валэйка OCD праводзіў практычныя заняткі па літургіцы.

Час рэкалекцый быў насычаны таксама супольным адпачынкам.

Юнакі наведалі святыню ў Свіры. Была магчымасць сустрэчы з дэканам Мядзельскага дэканату кс. канонікам Багуславам Маджэеўскім, які падзяліўся сваім вопытам святарскага служэння.

А. Аляксандр Стока ОСD, тэкст і фота
Catholic.by

для друку для друку