Рэгент Пэнітэнцыярыі пра таямніцу споведзі

Абарона таямніцы споведзі і святасці сакрамэнту пакаяння накіравана на сапраўднае дабро душ, падкрэсліў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі, мансеньёр Кшыштаф Ныкель.

У інтэрв’ю для Vatican News святар пракаментаваў “Заўвагу Апостальскай Пэнітэнцыярыі пра важнасць унутранай сферы і непарушнасці таямніцы споведзі”, якая была абнародавана 1 ліпеня 2019 года ў Ватыкане.

Мансеньёр Ныкель заўважыў, што мы жывём у свеце, дзе хуткаму развіццю сродкаў камунікацыі часта не адпавядае аналагічнае жаданне пошуку праўды. Прага інфармацыі жывіцца сілай сацыяльных медыя, якія ў наш час здольныя за некалькі секунд распаўсюдзіць навіну па ўсім свеце, без увагі на яе праўдзівасць. Таксама і Касцёл сустракаецца з ціскам, які здзяйсняецца ў імя меркаванай абсалютнай празрыстасці, лічыць святар.

Менавіта ў такім кантэксце Апостальская Пэнітэнцыярыя палічыла неабходным выдаць дакумент, каб прыгадаць пра абсалютную непарушнасць таямніцы споведзі, заснаванай на Божым законе, якая не дапускае ніякіх выключэнняў, а таксама, каб акрэсліць важныя паняцці сакрамэнтальнай сферы, якія становяцца чужымі для грамадскай думкі.

“Прычына абсалютнай непарушнасці таямніцы споведзі заключаецца ў надпрыродным характары сакрамэнту пакаяння, у якім святар дзейнічае “in persona Christi capitis”, гэта значыць у імя самаго Езуса Хрыста, і таму, як вучыць св. Тамаш Аквінскі, ён даведваецца пра грахі пэнітэнта “не як чалавек, але як Бог””

, — патлумачыў рэгент.

Іншая прычына – справядлівасць у адносінах да пэнітэнта і яго дабро. “Адносна гэтага хачу падкрэсліць відавочную розніцу паміж таямніцай споведзі і таямніцай, захоўваць якую абавязаны прадстаўнікі пэўных прафесій. Па-першае існуе ўнутранае патрабаванне святога сакрамэнту, якое вынікае непасрэдна з Божага закону, у той час як захаванне прафесійнай таямніцы, як абавязку, накладзенага свецкім заканадаўствам, можа быць адменена законным чынам пры існаванні для гэтага сур’ёзных прычын”, — дадаў святар.

Мансеньёр Ныкель падкрэсліў, што менавіта дзеля клопату пра дабро душ, Касцёлам прадугледжаны строгія пакаранні для тых, хто здраджвае таямніцы споведзі. Абавязак захавання таямніцы тычыцца таксама зместу духоўных размоў, якія здзяйсняюцца па-за сакрамэнтам пакаяння, напрыклад размовы чалавека з духоўным кіраўніком.

Святар падкрэсліў, што ватыканскі дакумент аб непарушнасці таямніцы споведзі ні ў якім разе не мае на мэце спрыянне апраўданню ці ўтойванню жудасных злачынстваў, у тым ліку тых, якія здзяйсняюцца некаторымі прадстаўнікамі духавенства.

У прадухіленні і супрацьдзеянні розным формам злоўжыванняў Апостальская Пэнітэнцыярыя безагаворачна далучаецца да прыкладу і вучэння Францішка, які нядаўна ўпарадкаваў гэта пытанне ў motu proprio “Vos estis lux mundi”. Абарона таямніцы споведзі і святасці сакрамэнту пакаяння не можа быць формай садзейнічання “сужыццю са злом”, але з’яўляецца “адзіным сапраўдным супрацьяддзем ад зла”. “Толькі сустрэча з міласэрнай любоўю Айца, якая выліваецца ў сакрамэнце споведзі, лечыць раны, здзяйсняе навяртанне сэрцаў і дазваляе праліць на іншых любоў, якая была атрымана”, — сцвердзіў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку