Рэпартаж з Раготна: Як ксёндз на Вялікдзень злодзея затрымаў

rahotna01З кс. Віктарам Захарэўскім мяне звязваюць гады сумеснага навучання ў семінарыі ў Гродне. Таму, калі даведаўся, што ён, рызыкуючы сабой, затрымаў злодзея, адразу вырашыў праведаць ксяндза Віктара і падтрымаць яго. Пра тое, як жывецца маладому святару на Гродзеншчыне і што сабой уяўляе парафія ў Раготне (Дзятлаўскі раён), чытайце ў гэтым рэпартажы.

Каталіцкая парафія ў Раготне вядзе свой радавод з 1400 года. А цяперашні мураваны касцёл Анёлаў-Ахоўнікаў быў збудаваны ў 1840 годзе. Шмат чаго зведаў у гісторыі гэты храм-прыгажун. І пад царкву быў аддадзены пасля паўстання Каліноўскага ў 1863-м, і ў склад перароблены за савецкім часам. Кс. Віктар тлумачыць мне: “Мы з парафіянамі шмат што ўжо паспелі зрабіць. Касцёл унутры пачысцілі і пафарбавалі, вадасцёкі новыя, дах таксама пафарбавалі. Цяпер вось збіраем сродкі на рамонт фасаду. Касцёл вялікі, але гэтым летам, думаю, зробім”.

Кс. Віктар трэці год працуе ў Раготне пробашчам парафіі. Але за час сваёй дзейнасці ужо зрабіў капітальны рамонт плябаніі і мае планы на касцёл.

– Гэта вялікія фінансавыя выдаткі, – кажу, – ці дапамагае хто?

– Як толькі я прыехаў у Раготна і ўбачыў усе гэтыя патрэбы, то адразу звярнуўся да біскупа Аляксандра Кашкевіча. І ён дапамог, – адказвае кс. Віктар. – Плябанія адрамантаваная шмат у чым дзякуючы менавіта дапамозе біскупа Аляксандра.

Крадзеж і затрыманне злодзея

– Гэта той самы будынак, куды на Вялікдзень залез злодзей?

– Дакладна. Шмат шкоды ён учыніў. Акно пабіў, дзверы зламаў у мой пакой і паразбіваў усё, парастрасаў у хаце. Грошы шукаў. Ён не ўцяміў, што Пасхальная Вігілія ў католікаў кароткая – усяго пару гадзін, не так, як у праваслаўных. Я вяртаўся з касцёла і ўбачыў, што свет дома гарыць. Котка вылецела як варам абдадзеная з хаты. Я насцярожыўся, але не здагадаўся, што ў хаце злодзей. Адчыніў дзверы, і толькі тады ўсё зразумеў. Убачыў яго ў масцы і стаў з ім змагацца. Я яму кажу: “Што ж ты мне ўсё свята сапсаваў? А ён мне: “Бацюшка, чаму Вы так рана вярнуліся?” Я яго запіхнуў у качагарку, пазваніў у міліцыю ды паклікаў суседзяў. Выявілася, што ён раней пры плябаніі дапамагаў плот будаваць, калі ў Раготне быў іншы святар. Але рэцыдывіст. Сядзеў за забойства і іншыя злачынствы.

– Ён паспеў скрасці што-небудзь?

– Так, 33 мільёны ахвяраванняў і 400 долараў. Вось гэта крыўда для парафіі! Людзі складаюць апошнія грошы, каб неяк падрамантаваць святыню, а гэты чалавек зусім сумлення не мае. Яшчэ і з ножам прыйшоў дамоў да святара! Проста ганьба!

– Дзякуй Богу, што табе шкоды не ўчыніў.

– Нож ляжаў на стале, калі я ўвайшоў. Таму ён не паспеў ім скарыстацца, хаця на следстве сцвярджаў, што не збіраўся нікога забіваць.

Касцёл у Дварцы

Парафія, якую абслугоўвае кс. Віктар, вельмі разлеглая геаграфічна. Ён яшчэ даязджае ў касцёл Божага Цела ў Дварцы, у капліцы ў Данілавічах, Стараельні і Лапушне. Працы шмат, але малады святар робіць усё з энтузіязмам.

На запрашэнне кс. Віктара еду з ім на св. Імшу ў Дварэц. Спецыяльна для паездак па вёсках кс. Віктар расстараўся для парафіі “Ніву”. Пакуль едзем, святар хваліць расійскі ўседарожнік: “На гэтай “Ніве” я ў любую вёску заеду, ніякія ямы не страшныя”.

У Дварцы аглядаем будынак святыні. Касцёл збудаваны ў 1904 годзе ў стылі неабарока. За савецкім часам бальшавікі істотна панішчылі храм, зрабіўшы ў ім стайню. Але сёння ён адрэстаўраваны і збірае вернікаў на набажэнствы.

Пакуль размаўляем пра гісторыю парафіі, падыходзяць на св. Імшу людзі. Чуваць ветлівае “Здравствуйте!”, на якое кс. Віктар з усмешкай, але знарочыста голасна адказвае: “На вякі вечныя. Амэн!” Мне паўшэптам тлумачыць: “Я сваім парафіянам заўсёды кажу, што ў сутане ці без яе, у касцёле я ці ў горадзе, са мной трэба вітацца па-каталіцку, бо я святар. Патрошку ўжо прывыкаюць”.

Св. Імшу ў Дварцы адпраўляю я. А кс. Віктар мяне зноў здзіўляе. Убачыўшы, што нікога няма да споведзі, пробашч бярэ мой фотаапарат і пачынае рабіць здымкі. Спытаўшы ў мяне, як павялічыць зум, ён адразу зарыентаваўся ў прафесійнай тэхніцы і праз хвіліну бадзёры гук люстэрка ў апараце разам з флэшам ужо напаўняе святыню. “У гэтага святара сапраўды любая справа “гарыць” у руках. – падумаў я. – Столькі энергіі ў яго і аптымізму!”

Брук і танкі

Пасля св. Імшы ў Дварцы разам едзем у вёску Данілавічы. “Ніва” спраўна вязе нас праз выбоіны “гравеек”, пакуль не трапляем на старажытны вясковы брук. Паводле старажылаў, па вёсцы вайною ездзілі танкі. На бруку віднеюцца каляіны. Але ж яго ніхто не рамантаваў з тых часоў! Можна сабе ўявіць, што было б з сучасным асфальтам без рамонту ды з такой нагрузкай…rahotna33

У Данілавічах маленькая капліца, куды на Імшу прыходзіць каля дваццаці чалавек. Пробашч кажа, што аднаму цяжкавата ўсюды паспець, але ўжо трыццаць гадоў штонядзелі сюды прыязджае святар. Таму гэтую маленькую суполку вернікаў няма як пакінуць. Тым больш што святара тут заўсёды чакаюць і яму радыя. Жыхары Данілавічаў самастойна адрамантавалі ў 2014 годзе сваю капліцу. Бачна, што малітва, святыя сакраманты для іх не проста традыцыя, а глыбокая прага душы.

Святарская праца і адпачынак

Пасля “працоўнага” нядзельнага дня – у святароў у сувязі з іх асаблівым характарам працы менавіта нядзеля самы напружаны дзень – вяртаемся дамоў у Раготна. Кс Віктар паказвае мне сваю асабістую статыстыку. Ён ад самога дня пасвячэнняў вядзе ўлік кожнай св. Імшы, якую адправіў, і кожнага сакраманту хросту і вянчання, якія ўдзяліў. За 9 гадоў святарства ён адправіў 5700 Імшаў, павянчаў 288 пар, пахрысціў 334 дзіцяці і пахаваў 465 чалавек.

rahotna36

Акрамя напружанай святарскай дзейнасці кс. Віктар умее і любіць адпачываць. На час адпачынку стараецца паехаць у пілігрымку, наведаць новыя мясціны. Аказваецца, бываў і ў Віцебскай дыяцэзіі: у Браславе, Віцебску, Паставах. Пасля рамонту ў плябаніі вельмі ўтульна, а хатнюю атмасферу святарскага дома дапаўняюць маленькія гадаванцы: у клетках ціўкаюць канарэйкі, папугаі і амадзіны. На вуліцы весела гуляюць суседскі сабачка Пушок і пробашчаў кане-корса Умі.

rahotna38

Я застаюся яшчэ на адзін дзень у Раготне па просьбе кс. Віктара, каб дапамагчы яму ў працы. Якраз выпадае свята Звеставання, на якое ў пяці месцах чакаюць святара людзі. Акрамя таго ў парафіі памёр чалавек і пробашчу трэба пахаваць памерлага. Ёсць цудоўная магчымасць паразмаўляць з вернікамі. У гутарках з людзьмі пра маладога святара чую толькі добрыя водгукі. Спадарыня Яніна Юргель – жанчына старэйшага ўзросту – прызнаецца: “Мы ўсе дзякуем Богу за такога святара. Ён вельмі пабожны, клапатлівы і адказны. Заўсёды да нас звяртаецца з падтрымкай і аптымізмам, але таксама і патрабавальны. У нас такога ксяндза не было і, пэўна, ужо не будзе. Няхай яго сцеражэ Бог і аберагае. А мы, парафіяне, яго таксама не кінем і будзем падтрымліваць.”

Хочацца далучыцца да гэтых шчырых словаў і пажадаць кс. Віктару здзяйснення ўсіх душпастырскіх планаў і задумак. Няхай Анёлы-Ахоўнікі апякуюцца парафіяй у Раготне і яе маладым пробашчам ксяндзом Віктарам Захарэўскім.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку