Рэліквіі святой Уршулі Ледухоўскай прыбылі ў Мінск

629 мая ў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава, Мінск) урачыста прыбылі рэліквіі святой Уршулі Ледухоўскай. Святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.

Сёлета ва ўсім свеце праходзіць урачыстае святкаванне 150-годдзя з дня нараджэння святой Уршулі Ледухоўскай – маці-заснавацельніцы Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага. Сухараўская парафія, якой апякуюцца айцы марыяне, атрымала ад імянінніцы асаблівы падарунак – яе рэліквіі.

Святкаванне распачалося з аповяду пра жыццё і дзейнасць святой. Уршуля Ледухоўская прысвяціла сваё служэнне найперш дзецям і моладзі, яна і сёння апякуецца імі. Таму не дзіўна, што распавялі пра святую дзеці – выхаванцы Місіі Добрага Самараніна, створанай сёстрамі-уршулянкамі.

3

Біскуп Алег Буткевіч параўнаў святую Уршулю з апосталам. Галоўная мэта апосталаў – несці ў свет Добрую Навіну, распавядаць пра Божую любоў. Святая мудра і адначасова проста вырашыла гэтую задачу. За спосаб евангелізацыі яна абрала ўсмешку. Часам нават гэтая простая рэч — усмешка — даецца нам з цяжкасцю. Прычына ў тым, што ў чалавеку заўсёды ідзе барацьба паміж слабасцямі, недахопамі і тым светлым, што ёсць у кожным з нас. І перамагае заўсёды менавіта той пачатак, які мы самі падмацоўваем. Усмешка чалавека ёсць сведчаннем яго клопату пра добры пачатак. У Касцёле мы прымаем Эўхарыстыю, якая не дае згаснуць святлу ў нас. І яно абавязкова праявіцца ва ўсмешцы. Нездарма сімвалам уршулянак з’яўляецца сланечнік — расліна, якая заўсёды паварочваецца да сонца і збіраючы сонечныя промні, сама становіцца падобнай да яго.

Варта зазначыць, што рэліквіі Уршулі Ледухоўскай нешматлікія, бо цела святой непадуладнае знішчэнню. Таму іх прыбыццё ў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі сапраўды з’яўляецца асаблівай ласкай і пашанай. Гэта сведчанне руплівай працы сясцёр-уршулянак. А яшчэ, як здаецца, гэта і жаданне самой святой быць прысутнай на Беларусі.

Сапраўднасць рэліквій засведчыў спецыяльны дэкрэт на лацінскай і беларускай мове. Урачыстую працэсію ўнясення рэліквій узначалілі ўдзельнікі Эўхарыстычнага руху маладых. Менавіта дзякуючы клопатам святой Уршулі Ледухоўскай гэты рух атрымаў пашырэнне на нашых землях. Падчас святой Імшы кожны прысутны меў магчымасць ушанаваць рэліквіі святой, а пасля яны занялі пачэснае месца ў нашай святыні.

Да святкавання 150-годдзя нараджэння святой і прыбыцця рэліквій у парафіі рыхтаваліся праз малітву навэнны да Уршулі Ледухоўскай. Дзейснасць яе заступніцтва ўжо адчулі многія вернікі. І таму прысутнасць святой у нашай парафіі ёсць вялікай радасцю.

9

для друку для друку