Рэкалекцыі цвярозасці прайшлі ў Браславе

З 27 па 30 ліпеня ў браслаўскай парафіі праходзілі XIII рэкалекцыі цвярозасці. Арганізавала іх душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з кс. Анджэем Бочарам MS.

Пра актуальнасць праблемы алкагалізму ў нашай краіне, напэўна, і казаць не трэба. Беларусы па-ранейшаму застаюцца аднымі з сумных лідараў па колькасці ўжывання спірту на душу насельніцтва. Важную ролю ў дапамозе залежным ад алкаголю адыгрываюць групы Ананімных Алкаголікаў. Але і Касцёл усвядамляе неабходнасць аказання духоўнай дапамогі залежным людзям, таму жадае супрацоўнічаць з імі, дапамагаць ім прыйсці ці вярнуцца да Бога. Так ствараюцца душпастырствы цвярозасці, арганізуюцца сустрэчы альбо рэкалекцыі, у Бягомлі пры каталіцкай парафіі пачаў працу Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў.

«Рэкалекцыі ў Браславе – гэта адна са штогадовых ініцыятыў. Два разы на год рэкалекцыі праходзяць у Баранавічах, адзін раз у Гродне, а таксама праводзяцца сямейныя рэкалекцыі ў Далёкіх. Адзін з арганізатараў рэкалекцый у Браславе і Далёкіх − неабыякавы да праблемы кс. Анджэй Бочар MS. Святар уласным прыкладам заклікае вернікаў сваёй парафіі (у вёсцы Далёкія, Браслаўскага р-на) адмовіцца на некаторы час ад ужывання і куплі алкаголю, запісвацца ў так званую «Кнігу цвярозасці», вучыцца жыць і святкаваць без алкаголю, ствараючы тым самым цвярозае грамадства.

«Калі маці ці жонка хоча, каб іх сын ці муж перасталі піць, то перш за ўсё павінны самі перастаць ўжываць алкаголь. І ўвогуле не трымаць яго ў сваім доме», − падкрэслівае кс. Анджэй. Рэкалекцыі – гэта час духоўных разважанняў, дапамогі ў пошуку Бога і аднаўленні адносінаў з самім сабой і іншымі.

«Чалавек, які кінуў ужываць алкаголь, павінен нанова вучыцца будаваць ўзаемаадносіны з іншымі. Калі быў алкаголікам, то быў як малое дзіця, якое даглядалі іншыя і якое само не магло пра сябе паклапаціцца. Цяпер жа павінен будаваць жыццё нанова, − дадае святар. − Калі ж чалавек, які кінуў піць, не развіваецца духоўна (ці самастойна, ці, напрыклад праз такія рэкалекцыі), то не можа доўга вытрываць у сваёй пастанове».

Пра важнасць духоўнага развіцця ў цвярозым жыцці кажуць і самі ўдзельнікі рэкалекцый:

«Рэкалекцыі для мяне – гэта час узрастання ў духоўнасці, гэта магчымасць адкласці штодзённыя справы і добра падрыхтавацца да споведзі. І, канечне, гэта зносіны. Гэта размова з людзьмі і з Богам, − падзялілася з намі Тамара з Маладзечна. – Нават 11 крок у праграме Ананімных алкаголікаў гучыць як “імкнуцца шляхам малітвы і роздумаў паглыбіць судакрананне з Богам (…)”».

Дні рэкалекцый былі напоўнены малітвай, канферэнцыямі, разнастайнымі набажэнствамі. Было і дастаткова часу адведзена на магчымасць адпачынку на лоне прыроды, знаёмства з іншымі ўдзельнікамі і з Браслаўскім краем.

Хочацца верыць, што прыклад гэтых людзей з моцнай сілай волі дапаможа і іншым залежным па-новаму зірнуць на сваю праблему, усвядоміць і прызнаць сваю хваробу і не баяцца распачаць новае, напоўненае жыццё.

Святлана Жылевіч, waladarka.by

для друку для друку