Рэкалекцыі «Любоўю палымнець» для моладзі прайшлі ў Друі

druja11З 23 па 25 студзеня ў Друі прайшлі рэкалекцыі для моладзі. У спатканні прынялі ўдзел 50 маладых асобаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі: Мёры, Слабодка, Верхнядзвінск, Полацк, Шаркаўшчына, Браслаў і Друя.

Тэмай рэкалекцый былі словы з духоўнага дзённіка бл. Юрыя Матулевіча, заснавальніка Ордэну Сясцёр-эўхарыстак: “Палымнець любоўю…”.

Гэты выраз стаў глыбокім і цікавым для разважанняў. Дапамогай былі канферэнцыі, якія распавядалі пра любоў да Бога і бліжняга. Таксама мы наведвалі Друйскі Дом старцаў. У чаргаванні з малітвамі ладзіліся вясёлыя вечары. Адным з самых цікавых быў вечар у дзіцячым доме, дзе супольна з дзецьмі мы вучыліся таксама і танчыць для Божай хвалы і нашай радасці, што нас вельмі аб’яднала ў адну супольнасць.

Удзельнікі з Богам і радасцю ў сэрцы вярнуліся дадому. Хочам падзякаваць ад усяго сэрца пробашчу Друйскай парафіі кс. Сяргею Сурыновічу за адкрытае сэрца, што прыняў моладзь і ўладкаваў справу з начлегам. Таксама вялікую падзяку складаем айцу Сяргею Мацюшонку OFMCap, што праводзіў рэкалекцыі і яднаў нас з Богам. Нельга ў старане заставіць Сясцёр-эўхарыстак, якія дапамагалі нам не толькі сваёй ахвярнай малітвай, але і словам, прыкладам і евангелічнай радасцю Хрыста. Няхай Добры Бог распальвае і падкідвае ў агонь любові, што ў Вашых сэрцах ужо гарыць, шмат дроў добрых учынкаў, каб Вы і далей палымнелі Божай любоўю!

Анастасія Сіняўская (Верхнядзвінск), тэкст
с. Наталля Арлянковіч, Вікторыя Мітрафанава, фота

для друку для друку