Рэкалекцыі для супольнасці Emmaus прайшлі ў Шуміліна

DSC_0121Рэкалекцыі для каталiцкай супольнасці Emmaus з Мінску прайшлі ў шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай і святога Язафата Кунцэвіча. Сустрэчу праводзіў а. Анджэй Юхневіч ОМІ.

Свае выходныя маладыя вернікі прысвяцілі малітве і духоўным разважанням.

На канферэнцыі айцец Анджэй распавёў і патлумачыў, што такое “Lectio Divina” (чытанне Божае), а таксама даў некаторыя парады як перажыць дзень у святле Божага Слова.

“Чытаць святы тэкст неабходна з верай і ўважліва, быццам Святы Дух дыктуе дзеля нас гэты тэкст.

Трэба намагацца чытаць усім сабою, усім розумам, сэрцам і воляй.

Медытацыя, разважанне – гэта паступовыя ўводзіны ў таямніцу Слова, руплівае засяроджанне сваёй свядомасці і пошукі скрытай праўды. Неабходна засяродзіцца менавіта на Божым слове, а не на сабе. А багацце слова будзе дапамагаць чалавеку лепш пазнаць і зразумець самога сябе”, — сказаў святар.

“У малітве мы павінны прамаўляць да Бога. Адкрываць перад Ім сэрца і казаць Яму пра перажыванні, якія выклікала Слова. Неабходна, каб Госпад прыйшоў ў нашае сэрца, а мы размаўлялі з Ім у сваім сэрцы. Шчыра выказваючы пачуці перад Айцом, праславім, падзякуем, будзем скіроўваць да Яго просьбы”, — параіў айцец моладзі.

“Сузіраючы, трэба трываць перад Богам усім сабою. Кантэмпляцыя – гэта час “бязмоўнага ўздыхання” Духа, супакою ў Богу. Гэта размова з сэрца да сэрца, час адведзінаў Слова”, — адзначыў а. Анджэй.

Усе гэтыя парады вернікі выконвалі падчас рэкалекцый, чытаючы ўрывак з Бібліі, разважаючы над ім.

Падчас адарацый моладзь знаходзілася ўцішы і была разам з Госпадам, прамаўляючы да Яго.

Па-асабліваму ўдзельнікі перажывалі споведзь, ачышчаючы свае сэрцы перад сустрэчай з Уваскрослым Хрыстом.

На заканчэнне рэкалекцый моладзь запусціла нябесныя ліхтарыкі і пасля малітвы падзякі за пражытыя рэкалекцыі вярнулася ў Мінск.

Ірына Грэйць, тэкст

Дарык Астасевіч, фота

для друку для друку