Рэкалекцыі для моладзі прайшлі ў Навагрудку

Рэкалекцыі для моладзі на тэму «Святая Сям’я. Мая сям’я» правялі сёстры назарэтанкі ў Навагрудку.

З 3 па 6 студзеня маладыя вернікі з розных парафій дыяцэзіі сабраліся ў кляштары манахінь, каб разважаць над жыццём Езуса, Марыі, Юзафа і браць прыклад з Іх штодзённага ўзрастання ў любові і святасці.

Канферэнцыі, падрыхтаваныя кс. Міхалам Бубенам, раскрывалі сутнасць адносінаў у сям’і, дапамагалі зразумець уласныя памылкі і заахвочвалі да малітвы за родных і будучых сужанцаў.

Сёстры назарэтанкі прапанавалі для разважання тэксты Святога Пісання, якія набліжаюць Божы план для кожнай сям’і і ўсведамляюць, якім павінен быць юнак і дзяўчына, каб стаць добрым мужам і жонкай.

Моладзь таксама прымала ўдзел ў інтэграцыйных забавах, танцах і спевах, супольна адаравала Найсвяцейшы Сакрамант.

«Пакуль мы вучыліся, як клапаціцца пра сем’і і правільна падрыхтавацца да сямейнага жыцця — самі стварылі адну вялікую сям’ю, малады беларускі Назарэт!», — адзначыла адна з удзельніц рэкалекцый.

Наступныя рэкалекцыі ў Навагрудку будуць арганізаваны для дзяўчат 8-11 класаў і пройдуць з 28 па 31 сакавіка.

grodnensis.by

для друку для друку