«Рэанімацыя»: рэкалекцыі для студэнтак правялі сёстры эўхарысткі ў Полацку

Дні рэкалекцый – гэта сапраўды час, калі Пан выводзіць нас з нашых спраў, праблем, нашай штодзённасці і мітусні ў месца аддаленае і спакойнае, каб аднавіць нам сілы, распаліць агонь нашай веры, каб паказаць Сябе і Сваю вялікую любоў да нас.

Назвай рэкалекцый, якія ў Полацку праводзілі сёстры эўхарысткі, стала слова “Рэанімацыя”. Насамрэч у жыцці кожнага чалавека здараюцца моманты, калі ён падае пад цяжарам граху, болю, адзіноты, крыўды, несправядлівасці і патрабуе “духоўнай рэанімацыі” – аздараўлення і аднаўлення жыцця. Таму штодзённая малітва і размовы былі поўныя разважанняў на гэтую тэму.

Прыпавесць пра добрага самараніна, над словамі якой мы засяродзіліся падчас катэхезы ў першы дзень, дала нам магчымасць паставіць сябе на месца чалавека, які трапіў у рукі разбойнікаў, і задумацца, хто альбо што з’яўляецца прычынай нашага болю і смутку, чаму раны нашага сэрца не загойваюцца. Гэтыя пытанні сталі крыніцай для разважанняў падчас малітвы святым Ружанцам, святой Імшы, гадзіны Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта. У духу асаблівага даверу і цеплыні праходзілі вячэрнія сустрэчы пры свечках, на якіх мы дзяліліся сваімі думкамі і перажываннямі, сведчылі аб атрыманах ласках на працягу ўсяго дня, а таксама атрымоўвалі ў дапамогу Божае Слова.

Другі дзень духоўнай “рэанімацыі” прывёў нас да купальні Віфезда, каля якой Езус аздаравіў чалавека, які хварэў ажно 38 гадоў. Катэхеза, тэмай якой была гэта біблійная гісторыя, пакінула ў нашых сэрцах шмат пытанняў: чаго я жадаю ў сваім жыцці, ці жадаю я насамрэч, каб Езус аздаравіў мае раны, ці гатовая я пакінуць свой страх і боль, каб устаць і пайсці служыць іншым сваім дарам? Акрамя малітвы і размоваў дапамогай у разважанні над гэтай тэмай для нас стаў фільм “Хижина”, які яшчэ раз нагадаў аб бясконцай любові Бога да кожнага з нас і аб тым, што Ён ніколі нас не пакідае. Таксама гэты дзень адзначыўся цудоўнай паездкай у Наваполацк, дзе нам пашчасціла апынуцца ў самым “сэрцы” горада – у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Віталі “пілігрымаў” з Полацка сястра Магдалена, якая служыць у гэтай парафіі ўжо 18 гадоў, і Ірына Францаўна Жарнасек, з успамінаў якой мы пазнаёміліся як з нялёгкай гісторыяй зараджэння парафіі, так і з радаснай сучаснасцю гэтага касцёла.

У апошні дзень рэкалекцый мы засяродзіліся на словах начной размовы Езуса з Нікадзімам (Ян 3,1-21) і паспрабавалі ў часе цішыні на асабістай размове з Богам задаць Яму самыя важныя пытанні, якія не даюць спакою нашым сэрцам. У гэты дзень хацелася паўтарыць за апосталам Пятром яго словы на гары Табор: “Пане! Добра нам тут быць.” Сапраўды здзіўляе, што, дзякуючы ўзаемнай малітве і адкрытасці адзін на аднаго, людзі, якія толькі-толькі пазнаёміліся, яшчэ надоўга хацелі застацца разам. Але Езус кажа нам “Устаньце і не бойцеся”, бо Ён пойдзе з намі і ніколі ў жыцці не пакіне нас. А мы ідзем за Ім, бо ведаем, што Ён адзіны здольны зрабіць нас сапраўды шчаслівымі.

Вольга Кулікeucharystki.wordpress.com

для друку для друку