Развіццё пачынаецца з пункта супакою

Дзеці растуць, вучацца і развіваюцца не таму, што мы іх цягнем за вушы, а проста таму, што яны дзеці. У іх гэта закладзена. Для таго, каб дзіця хацела ўсё ведаць, не патрэбныя спецыяльныя методыкі, яму проста павінна быць цікава і нястрашна.

Нястрашна — гэта калі ўсё добра з бацькамі. Калі яны любяць, калі яны побач, калі ты для іх добры. Калі дзіця самотнае, адкінутае, калі яно баіцца бацькоўскага гневу і расчаравання, яно развівацца не можа. Усе сілы псіхікі ідуць на змаганне з трывогай. Як кажуць псіхолагі, афект тармозіць інтэлект.

А калі дзіця спакойна за свае адносіны з бацькамі, яно неадкладна паварочваецца да іх спіной, а тварам — да свету і адпраўляецца яго даследаваць.

Праводзілі такі эксперымент. Маму з дзіцём дашкольнага ўзросту запрашалі ў кабінет, поўны ўсялякіх развіваючых гульняў. Потым эксперыментатар прасіў прабачэння, гаварыў, што яму трэба ненадоўга адысці і прапаноўваў адчуваць сябе ў кабінеце «як дома», казаў, што можна «паглядзець пакуль, што ў нас тут ёсьць». І сыходзіў. Але недалёка, а за сценачку, якая была з аднаго боку як люстэрка, з другога — празрыстае, яго часта выкарыстоўваюць для псіхалагічных эксперыментаў. Праз акенца-люстэрка ён назіраў, чым занятыя мама з дзіцём. Асноўных тыпаў паводзін было чатыры:

1. Мама грозна шыкала на дзіця, каб «сядзела спакойна, нічога не чапала», і яны разам нерухома чакалі вяртання спецыяліста.

2. Мама даставала з торбы часопіс і не звяртала на дзіця ўвагі. Яно пачынала ўсё разглядаць, круціць і г.д.

3. Мама натхнённа казала дзіцяці: «Глядзі, якія добрыя гульні!» — і пачынала паказваць, як у іх гуляць.

4. Мама, забыўшыся пра дзіця, з азартам хапала то адну гульню, то другую і спрабавала ўглыбіцца, што гэта і навошта. Дзіця само па сабе таксама ўсё хапала і разглядала.

Потым псіхолаг вяртаўся ў пакой і праводзіў з дапамогай адмысловай методыкі тэставанне ўзроўню пазнавальнай актыўнасці ў дзіцяці. Самыя высокія паказчыкі былі ў дзяцей дапытлівых мам, з 4-ай групы. Тут усё працавала на пазнанне: мама побач, яна сама ўсё даследуе, у дзіцяці ўключаецца перайманне, яму спакойна і весела, і працэс ідзе поўным ходам. Затым ішлі дзеці мам з 2-ой групы. Яны не давалі прыклад, але сваёй прысутнасцю і спакоем стваралі бяспеку, і прырода брала сваё.

Значна горшыя вынікі былі ў тых дзяцей, каму ўсё забаранялі, і ў тых, кім кіравалі.

Калі дзіця жыве ў душэўна і духоўна багатым асяроддзі, калі самім бацькам усё цікава, калі ў іх разумныя і цікавыя сябры, калі ў іх цікавая і любімая праца, пра якую яны распавядаюць дома, ім не трэба нічога ўзмоцнена ў дзіцяці развіваць. Прыродная патрэба вучыцца зробіць сваю справу. Адзінае, за чым важна сачыць, — за тым, каб дзіцяці не было страшна ў адносінах з вамі і ў свеце наогул. Пазнавальная актыўнасць не любіць моцнага і працяглага стрэсу. Калі дзіцяці дрэнна, страшна, самотна, яму не да новых ведаў.

Усім, напэўна, даводзілася назіраць: дзіця на прагулцы назірае за гусеніцай ці коткай. Але час ад часу пазірае на маму на лаўцы. І раптам мама знікла! Адышла некуды! Імгненна пазнавальная актыўнасць згортваецца, і пакуль мама не знойдзецца дзіцяці не да гусеніц.

А цяпер уявіце, што мамы няма вельмі доўга. Або зусім. Што будзе з дапытлівасцю? Гэта добра ведаюць прыёмныя бацькі, якім бывае вельмі цяжка потым рэабілітаваць у гэтых адносінах дзяцей, якія доўга прабылі ў казённым доме. Але і з уласнымі дзецьмі такое здараецца, напрыклад, калі дома канфлікты, хтосьці ў сям’і пакутуе ад алкагалізму або проста мае цяжкі характар, калі дзіця пастаянна баіцца асуджэння ці таго, што яно не апраўдае чаканняў і бацькі будуць расчараваныя і г. д.

Мне вельмі падабаецца фармулёўка Гордана Ньюфелда: «Развіццё пачынаецца з пункта спакою». Так яно і ёсць. Прычым і ў дзяцей, і ў дарослых. Як толькі нашыя базавыя патрэбы задавальняюцца, як толькі нам спакойна і добра, нам адразу хочацца штосьці новае даведацца або зрабіць. Атрымліваецца, што каб дзіця добра развівалася і яго пазнавальная актыўнасць квітнела, патрэбна любоў бацькоў, добрая атмасфера ў доме, бяспека і давер.

Вольга Парада, grodnensis.by

для друку для друку