Разважанне на Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Год А. 22 лістапада

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 25, 31–46

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч.

Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.

Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?

I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі.

Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.

Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?  

Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.

Тэма ўлады непакоіць сэрцы многіх людзей. І тых, хто кіруе маленькімі калектывамі, і тых, хто на чале дзяржавы. Свецкае разуменне ўлады вельмі простае. Яна патрэбная, каб існавалі пэўны парадак і іерархія паміж людзьмі. У сённяшнім урыўку з Евангелля Езус адкрывае нам праўду пра Божае Валадарства і месца ў ім чалавека. Што трэба зрабіць чалавеку, каб быць годным увайсці туды? Перамагчы на выбарах? Не. Дабіцца бліскучай кар’еры? Не. Авалодаць сучаснымі тэхнікамі ўплыву на свядомасць? Не. У Божае Валадарства можа ўвайсці толькі той, хто Хрыста бачыў у іншым чалавеку. Асабліва ў тым, хто хворы, хто ў вязніцы, хто пакінуты і галодны. У Божым Валадарстве лічыцца міласэрнасць, спагадлівасць і любоў. Нянавісць, помста і здзекі не маюць нічога сумеснага з Божай рэчаіснасцю. Асцерагаймася асуджэння, пазбягайма пракляццяў і прагі помсты. Гэтыя рэчы не вядуць у неба. Такія паняцці адкідаюць ад Бога. Напрыканцы часоў Божы Сын прыйдзе ў славе, каб судзіць жывых і памерлых. Гэтую ісціну мы паўтараем кожную нядзелю на Святой Імшы падчас вызнання веры. Мы молімся, каб самі былі сярод тых, хто застаўся верным свайму хрысціянскаму пакліканню і жыццём сваім сведчыў пра міласэрнасць.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку