- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Разважанне на 29 звычайную нядзелю. Год А. 18 кастрычніка

[1]ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 22, 15–21

У той час:

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на словах.

I пасылаюць да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб сказалі: Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва навучаеш і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на асобу чалавека. Таму скажы нам: Як Табе здаецца, ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?

Але Езус, ведаючы зласлівасць іхнюю, сказаў: Што выпрабоўваеце Мяне, крывадушныя? Пакажыце Мне падатковую манету. Яны прынеслі Яму дынар. І кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? Кажуць Яму: Цэзара. Тады кажа ім: Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу.

З гэтага ўрыўка Евангелля мы даведваемся, як фарысеі шукалі, на чым можна падлавіць Езуса. Яны нават уступілі ў саюз з прыхільнікамі Ірада дзеля таго, каб абвінаваціць Хрыста. І сапраўды, пытанне, якое яны задалі Збаўцу, было няпростым. Ці варта плаціць падатак акупацыйнай уладзе? Езус убачыў іх крывадушнасць. Ён разумеў: калі скажа, што трэба плаціць падаткі, то Яго абвінавацяць у антыізраільскіх дзеяннях. Калі ж скажа, што не трэба плаціць падаткі, тады Ён будзе бунтаўніком народу. Езус просіць прынесці Яму рымскі дынар і вельмі проста тлумачыць, што цэзарава трэба аддаць цэзару, а Божае – Богу. З тым, што належыць цэзару, усё зразумела. Але што належыць Богу? Што трэба аддаць Богу? Богу належыць сам чалавек, бо ён створаны на Яго вобраз і падабенства. Мы ў сабе носім падабенства Бога, таму мы Яму належым. І задачай нашага жыцця ёсць зрабіць усё магчымае, каб вярнуцца да Пана, як бы далёка мы ад Яго ні знаходзіліся ў канкрэтную хвіліну.

Гэты ўрывак з Евангелля таксама вучыць нас, што грамадскія і рэлігійныя абавязкі не супярэчаць адно аднаму. Можна быць добрым католікам і добрым настаўнікам, добрым католікам і добрым чыноўнікам, добрым католікам і добрым вайскоўцам. Грамадская сфера нашага жыцця таксама важная, і як сумленныя грамадзяне мы павінны спрыяць дабрабыту і росквіту сваёй краіны. Аднак Божае Валадарства – гэта сапраўдная мэта ўсяго нашага жыцця.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч