Разважанне на 28 звычайную нядзелю. Год А. 11 кастрычніка

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 22, 1–14

У той час:

Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.

Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.

Прыпавесць распавядае нам пра караля, які падрыхтаваў вяселле для свайго сына. Сын з прыпавесці – гэта Езус. Цікава, што Касцёл у тэалогіі называецца Абранніцай Пана, Яго Нявестай. Вясельны банкет – гэта не што іншае, як Валадарства Нябеснае. Наш Пан запрашае нас да вечнага шчасця, дзе няма смутку і журбы. З прыпавесці мы даведваемся, што кароль запрашае гасцей, аднак тыя адмаўляюцца прыйсці да яго. Кароль працягвае запрашаць, аднак запрошаныя знаходзяць масу прычын, каб не пайсці: хтосьці заняты сваім полем, хтосьці гандлем. А знайшліся і такія, што пазабівалі слугаў караля. Жудасная сітуацыя, ці не праўда: кароль запрашае гасцей на вяселле, а тыя ў адказ на гэта забіваюць пасланцоў. Менавіта гэта адбылося ў гісторыі збаўлення, калі загінулі прарокі і мучанікі. Яны былі пасланцамі Бога, якіх забілі няўдзячныя людзі.

Працяг прыпавесці апісвае нам далейшы ход падрыхтоўкі да банкету. Кароль загадвае слугам выйсці на ростані і запрашаць усіх, каго сустрэнуць. Гэты сказ можна інтэрпрэтаваць, як адкрытасць Касцёла на прысутнасць у ім людзей з розных традыцый і культур. Не толькі ізраільскі народ запрошаны на вяселле, але і ўсе іншыя народы.

На вясельным банкеце кароль заўважае чалавека, апранутага не ў святочную вопратку. Ён задае яму пытанне, у адказ на якое чалавек маўчыць. Вопратка ў гэтай прыпавесці азначае выкананне Божай волі і Божых запаведзяў на працягу жыцця. Заўважым, што ўдзелу ў Нябесным Банкеце пазбаўленыя тыя, хто самі не захацелі на яго прыйсці, хто заняты іншымі справамі і, як гэты чалавек, што прыйшоў, але не быў гатовы да яго. Таму нам варта ў шчырасці свайго сумлення пазітыўна адказаць на Божае пакліканне і праз малітву, святыя сакраманты і пабожнае жыццё падрыхтаваць сябе да сустрэчы з Панам.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку