Разважанне на 27 звычайную нядзелю. Год А. 4 кастрычніка

ЕВАНГЕЛЛЕ Мц 21, 33–43

У той час:

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

У Евангеллі Езус расказвае нам прыпавесць пра вінаграднік, гаспадара дому, вінаградараў, сваіх слугаў і сына гаспадара дому. Вобраз вінаградніка – гэта вобраз Ізраэля, народу Божага, пра якога клапоціцца Бог. Ён пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу. Гэтыя дзеянні ўказваюць на тое, што Бог заўсёды клапоціцца пра свой народ. Яму не абыякавы як лёс Ізраэля, так і лёс любога іншага народа. Хто такія вінаградары з прыпавесці? Гэта старэйшыны і кіраўнікі народа. Менавіта ім даверыў Бог адказную місію клапаціцца пра людзей. Што ж адбываецца далей? Слугаў гаспадара дому вінаградары забіваюць і закідваюць камянямі. У гэтым месцы прыпавесць намякае на прарокаў, якія абвяшчалі Божую праўду, аднак моцна пацярпелі за яе і прынялі мучаніцкую смерць.

Нягледзячы на вераломнасць вінаградараў, гаспадар дому зноў пасылае сваіх слугаў. З гэтых словаў мы бачым, што Бог не стамляецца ў сваёй міласэрнасці і заўсёды памаятае пра чалавека. Ён жадае збавіць усіх. У сваёй бязмежнай любові Бог урэшце пасылае сваёго Сына, Якога, быць можа, пасаромеюцца вінаградары. Тут лёгка здагадацца, што гаворка ідзе пра самога Хрыста. Гэта Ён – той вуглавы камень, якога адкінулі будаўнікі.

Каб лягчэй зразумець гэты ўрывак, паспрабуем уявіць сабе Хрыста, Які распавядае гэтую прыпавесць у ерусалімскай святыні. На той момант яе будаўніцтва было яшчэ не завершана. Таму Езус ужывае менавіта такі вобраз, каб слухачам было лягчэй зразумець. Так як без вуглавога каменя не змогуць разам трымацца сцены і ўвесь будынак, так без Хрыста немагчымае існаванне новага Вінаградніка – Касцёла. Езус папярэджвае, што Божае Валадарства будзе забрана ад тых, хто яго не варты. Яно будзе аддадзена таму народу, які прынясе плады яго. Ці беларускі народ можа сёння прынесці плады ў Божым вінаградніку?

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку