Разважанне на 1 нядзелю Адвэнту. Год В. 29 лістапада

ЕВАНГЕЛЛЕ Мк 13, 33–37

Аднойчы:

Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу — кажу ўсім: Чувайце!

Адвэнт – гэта перыяд радаснага чакання Нараджэння Збаўцы. Але ў гэты час мы не толькі чакаем перажывання Калядных Святаў. У Адвэнце мы вучымся чакаць другога прыходу Хрыста на зямлю. Тое, што Ён прыйдзе – гэта праўда. Сённяшні ўрывак з Евангелля пра гэта сведчыць. Чаканне азначае чуйнасць, гатоўнасць да сустрэчы. Таму так важна ў Адвэнце звярнуць увагу на сваё духоўнае жыццё. Задамо сабе пытанне: што з маёй малітвай? Як яна выглядае? Ці адкрываю я старонкі Святога Пісання? Калі апошні раз быў у споведзі? Ці няма сярод маіх знаёмых кагосьці, хто мае на мяне крыўду? Што з маім сэрцам? Чым яно запоўненае? Ці магу я сказаць, што ў ім пануе любоў і прабачэнне? Навакольны свет вельмі гучны і спакуслівы. Д’ябал можа выкарыстаць яго уплыў, каб перашкодзіць нам у духоўным развіцці. З урыўка Евангелля мы таксама даведваемся, што пра час і гадзіну прыходу Збаўцы на зямлю ніхто нічога не ведае. Любыя канкрэтныя выказванні з датамі пра канец свету – гэта не што іншае, як выдумка. І да іх трэба ставіцца скептычна. Для нас жа важна памятаць пра асноўнае: Езус заклікае нас да чуйнасці і гатоўнасці Яго спаткаць.

Разважанне падрыхтаваў кс. Віктар Місевіч

для друку для друку