Разважанне: хто дае нам моц?

«Нам неабходны імпульс Духа, каб страх і разлік не паралізаваў нас, каб мы не прызвычаіліся дзейнічаць толькі ў бяспечных межах» (З Біблійнай Агенды)

Калі нараджаецца дзіця, прыходзіць у гэты свет – такое бездапаможнае і кволае, бацькі робяць усё магчымае, каб яно ў гэтым свеце магло расці і развівацца. Ва ўлонні маці гэтаму маленькаму чалавечку было добра і бяспечна, але прыйшоў час выйсці з «бяспечных межаў» і сустрэцца з новай рэчаіснасцю. Навукоўцы кажуць, што ўласнае нараджэнне – гэта першы стрэс, які перажывае чалавек. Таму вельмі важна, каб гэтаму асабістаму перажыванню спадарожнічалі любоў і клопат блізкіх людзей.

Нешта падобнае адбываецца ў духоўным жыцці. Езус у начной размове з Нікадэмам кажа: «Калі хто не народзіцца нанова, не можа бачыць Валадарства Божае (…). Тое, што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух. (…) Сапраўды, сапраўды, кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Валадарства Божае” (Ян 3, 3.6.5). Што азначае гэтае «новае нараджэнне», пачатак якога мы атрымліваем у святым хросце?

Пакліканне да хрысціянства, перадусім, не азначае фармальнага акту. Можам мець касцёльныя метрыкі, называцца католікамі, але быць «мёртвымі душамі» для Касцёла і фальшывымі сведкамі для свету. Падчас хросту атрымліваем дары Духа Святога (мудрасць, розум, рада, мужнасць, умеласць, пабожнасць, боязь Божая), з якімі павінны рупліва супрацоўнічаць. Гэта цяжка, бо чалавечая натура, хоць і абмытая вадою хросту з першароднага граху, застаецца параненай. Калі не лячыць яе «антыбіётыкамі» (сакрамантамі) і не ўзмацняць «вітамінамі» (супрацоўніцва з дарамі Духа), можа загнаіцца і памерці. І гэта можа здарыцца з кожным, нават з тымі, хто знаходзіўся вельмі блізка да Бога.

Апосталы пасля смерці Езуса зачыніліся ў святліцы Апошняй Вячэры і на нейкі момант перасталі быць апосталамі, бо «апостал» азначае «пасланец», «вяшчун добрай навіны». Яны ж перасталі абвяшчаць Езуса, баючыся за ўласнае жыццё і, магчыма, разлічваючы, што праз нейкі час іх, вучняў Укрыжаванага, пакінуць у супакоі. Страх і разлік замкнулі іх «у чатырох сценах», сталіся толькі грамадкай перапалоханых мужчын. І так было амаль два месяцы! Пакуль агонь Святога Духа не выпаліў іх колішняе мысленне. Яны нарадзіліся нанова. З Духа і праўды. А праўда такая: нішто нас не можа адлучыць ад любові Хрыста. «…ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа нас адлучыць ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 38-39).

Новае нараджэнне азначае падпарадкаванне ўздзеянню Святога Духа, Які з нявольнікаў чыніць нас дзецьмі Божымі. «Бо ўсе тыя, якіх вядзе Дух Божы, ёсць сыны Божыя. Вы ж не атрымалі духа няволі, ізноў на страх, але атрымалі вы Духа ўсынаўлення, у Якім клічам: “Абба,Ойча!” Той Самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы – сыны Божыя” (Рым 8, 14.16). Мы заўсёды будзем дзецьмі ў вачах Бога, як і для нашых бацькоў, негледзячы на ўзрост і сівізну. Толькі гэта не вызваляе нас ад задання развівацца ў Божай ласцы. І прыкладам тут сам Езус, Які “узрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога”» (Лк 1, 52).

Хрысціянства – гэта няспынны рух і развіццё. Нястомнае навяртанне пад уздзеяннем Святога Духа. Яно часта звязана з эмоцыямі, але не з’яўляецца эмоцыяй. Пасля добрай споведзі адчуваем палёгку, радасць, любоў і супакой. Але гэтыя адчуванні могуць стаць для нас пасткай, бо шукаць будзем іх, а не Бога. Таксама шматлікія малітвы часта становяцца псіхатэрапеўтычнай практыкай, супакойваннем сябе, а не размовай з Богам. Такім чынам, мы ствараем сабе «бяспечныя межы», у якіх чуемся як дзеці ва ўлонні маці, ці як нявольнікі, цалкам залежныя ад сваіх схільнасцяў і патрэб, скаваныя страхам перад «варожым» светам. І… губляем сваю хрысціянскую тоеснасць, бо не ідзем за Хрыстом, а застаемся на месцы. Так, Езус вядзе на Галгофу, якая ўвасабляе нашыя немачы, змаганні, хваробы, цяжкасці, незразуменне і самоту, смерць… Так, нашая штодзённасць – гэта крыжовы шлях. Але на Ім: і сустрэча з Маці, і дапамога Кірынэйца, і спагадлівасць Веранікі, і спачуванне Жанчын. Гэта – не толькі гараванне, але і месца асаблівай ласкі, бо НІШТО НАС НЕ МОЖА АДЛУЧЫЦЬ АД ЛЮБОВІ БОЖАЙ! І нават смерць – гэта не канец! Бо труна і магіла – дзверы ў жыццё вечнае. Якім яно будзе, залежыць ад нашага супрацоўніцтва з ласкай. Таму не будзем баяцца дазволіць Духу Святому, Духу любові, кіраваць сабою. Ужо ў гэтым жыцці Ён адорвае верных сваімі пладамі любові, радасці, супакою, доўгацярплівасці, спагадлівасці, міласэрнасці, велікадушнасці, вернасці, лагоднасці, сціпласці, стрыманасці, чыстасці. А ў будучыні дае жыццё вечнае.

С. Іна Амельчанка SJE, waladarka.by

для друку для друку