Распачаў працу сайт беларускага брэвіярыя

2 снежня ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ў Беларусі быў дадзены ўрачысты старт новаму сайту, на якім у свабодным доступе змешчаны тэксты Літургіі гадзінаў на беларускай мове, паведамляе Catholic.by.

Інтэрнэт-старонку электроннага брэвіярыя lh.catholic.by запусціў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У сувязі з тэхнічнымі перашкодамі, анлайн трансляцыя не змагла адбыцца.

«Сімвалічна, што запуск электроннага варыянту Літургіі гадзінаў распачынаецца ў вігілію Адвэнта, які з’яўляецца часам не толькі падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння, але таксама і другога прыйсця Езуса ў славе», — заўважыў іерарх.

«Як з радасцю рыхтуемся да візіту госця, таксама і Адвэнт павінен стаць для нас часам радаснага чування. Дапамогай у гэтым будзе электронны варыянт Літургіі гадзінаў, які ўключае нас у афіцыйную малітву Касцёла, і прыпамінае аб Божым праве» — падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх падзякаваў супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, якія пераклалі тэксты брэвіярыя на беларускую мову, а таксама айцам марыянам і ўсёй іх камандзе, якая працавала над размяшчэннем тэкстаў у лічбавай прасторы.

Як працуе новы сайт?

Тэксты беларускай Літургіі гадзінаў, зацверджаныя Канферэнцыяй Біскупаў і выдадзеныя ў трох тамах (Мінск 2012-2015) пры падтрымцы айцоў капуцынаў, будуць размяшчацца на сайце lh.catholic.by паэтапна.

Тэкст чацвёртага, яшчэ не выдадзенага, тома беларускага брэвіярыя будзе дасяжны пасля таго, як яго падрыхтуюць да друку.

У межах працы над электронным брэвіярыем абноўлена добра вядомае беларускім католікам мабільнае прылажэнне «Малітоўнік», а менавіта дададзена Літургія гадзінаў па-беларуску. Каб скарыстацца гэтай магчымасцю дастаткова толькі бясплатна спампаваць абнаўленне.

Праект «Лічбавы фармат Літургіі гадзінаў на беларускай мове» рэалізуецца ў межах дамовы паміж Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі як праваўладальнікам тэкстаў і айцамі марыянамі.

Каардынатары праекта: а. Андрэй Сідаровіч MIC, прадстаўнік вікарыяту мучанікаў з Росіцы; кс. Ян Крэміс, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і кс. Кірыл Бардонаў, дырэктар інтэрнэт-партала Сatholic.by.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі