Раскопкі на востраве Манастыр завершаны, але працяг будзе

З 1 па 15 жніўня на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш, праводзіліся археалагічныя раскопкі. Як вядома, напрацягу некалькіх стагоддзяў тут існаваў базыліянскі манастыр з іконай Маці Божай, якая цяпер захоўваецца ў касцёле ў Браславе, а 10 гадоў таму была афіцыйна прызнана Ватыканам цудадзейнай і каранавана папскімі каронамі. 10 жніўня на востраве пабывала фотакарэспандэнт сайтa Браслаўскага Санктуарыя Ірына Гайдамовіч.

«Канечне, мне было цікава паглядзець на тое, як адбываюцца раскопкі, ‒ падзялілася ўражаннямі Ірына. ‒ Гэта была магчымасць дакрануцца да гісторыі ў прамым сэнсе слова: у дзень майго прабывання там знайшлі дзве манеты, а дайверы дасталі сваі ад былога маста, і частку сваі я трымала ў руках. На раскопках працавалі вельмі прыемныя людзі, з усёй аддачай: нягледзячы на стомленасць, з раніцы да вечара яны крапатліва адкопвалі фундамент, прасейвалі кожныя грамы зямлі, каб адшукаць штосьці цікавае і важнае. Канечне, хацелася б уявіць, як там было калісьці насамрэч, якім быў манастыр, як там жылі манахі».

За два тыдні раскопак быў знойдзены фундамент кляштара (археолаг Мікалай Плавінскі мяркуе, што ён датуецца канцом XVIII — пачаткам XIX стагоддзяў), а незадоўга да канца раскопак ‒ людскія парэшткі, які закансервавалі да наступнага года. Знойдзены таксама кераміка, шкло і манеты (адна з іх 1547 г.). Акваторыю вакол вострава даследавалі дайверы, якія знайшлі 24 сваі маста, што вёў з берага на востраў. Дайверы вызначылі, што даўжыня маста склада каля 100 метраў, а шырыня – 2 метры. Узор сваі накіравалі ў Акадэмію навук для вызначэння ўзросту драўніны і самога мосту. Мяркуецца, што яму каля 500 гадоў.

Раскопкі былі арганізаваны Цэнтрам рэгіянальнага развіцця «Браслаў» у межах праекту «Выспа Манастыр (Кляштар)». У планах кіраўнікоў гэтай некамерцыйнай арганізацыі ‒ аднаўленне кляштара з усімі пабудовамі і мастом.

«Сваёй мэтай мы ставілі пачатак прац па выяўленні фундаменту манастыра і ўсіх пабудоваў, ‒ адзначыла Алена Шэўчык, кіраўнік праектаў Цэнтра рэгіянальнага развіцця «Браслаў». ‒ Мы ўжо адкапалі частку фундаментаў, а геарадары паказалі, што там ёсць пустоты, а значыць ‒ ёсць падвалы. Для нас гэта азначае, што неабходна працягнуць раскопкі ў наступным годзе. Калі ж мы будзем ведаць дакладна памеры пабудоў, то зможам распрацоўваць праект макету і аднаўлення манастыра. У архівах ёсць апісанне манастыра, але памеры яго пакуль невядомы. Знаходкі разнастайных манет і ўпрыгожванняў пацвярджаюць той факт, што ў манастыр прабывалі пілігрымы з розных краін. А людскія парэшткі, мяркуем, што гэта захаванні браслаўскіх архімандрытаў (паколькі невядомыя іншыя месцы іх пахаванняў). Аднак пра гэта даведаемся падчас працягу археалагічных прац».

Ракопкі крыху прыадкрылі таямніцы жыцця на востраве, аднак і паказалі неабходнасць далейшых даследаванняў. У бліжэйшых планах кіраўніка праекту ‒ стварэнне інфармацыйных стэндаў, навядзенне парадку на востраве, арганізацыя экскурсій. Праект некамерцыйны і займаюцца ім энтузіясты, якія не маюць фінансавання, а таму ўсіх неабыякавых да гісторыі Браслаўшчыны і абраза Маці Божай Браслаўскай заахвочваем падтрымаць праект матэрыяльна. Зрабіць гэта можна на сайце molamola.by.

Святлана Жылевіч, waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку