Расчыніце «брамы» свайго сэрца. Пра гімн «Хвала на вышынях Богу…»

Што адчувае чалавек, выбаўлены з няволі? Радасць! Узрушэнне! Жаданне нарэшце ўдыхнуць паветра поўнымі грудзьмі. Хрост робіць нас свабоднымі ад няволі граху. Успамін хросту, вяртанне ў думках і намерах да моманту нашага вызвалення, жаданне зноў жыць у свабодзе дзяцей Божых дае нам сілы не заставацца каля брамы вязніцы, якую мы пакінулі. Адчуванне чысціні сэрца змушае нас быць актыўнымі.

Паслядоўнае свядомае перажыванне Літургіі скіроўвае нашыя памкненні ў адпаведнае рэчышча. У літургіі заўважныя два кірункі актыўнасці. З аднаго боку, у літургіі дзейнічае Бог, спасылаючы чалавеку ласку, якая здольная ўплываць на чалавека, фармаваць яго. Чалавек, асвечаны ласкаю, у сваю чаргу здольны адказаць на гэтае дзеянне Бога таксама актыўна. І ўжо на пачатку літургіі мы можам заўважыць узаемадзеянне гэтых двух кірункаў. Успамін нашага хросту і перапрашэнне за грахі дае магчымасць ласцы Божай ачысціць нашыя сэрцы ад пылу несправядлівасці і лёгкага граху. Натуральным, спантанным адказам ачышчанага сэрца будзе ўдзячнасць, праслаўленне Бога. Менавіта таму ва ўсе нядзелі, акрамя перыядаў Вялікага посту і Адвэнту, ва ўсе ўрачыстасці і святы, а таксама пры нагодзе іншых урачыстых цэлебрацый святой Імшы Касцёл праслаўляе Бога словамі гімна «Хвала на вышынях Богу…».

«Гэта найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё», — кажуць нам Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала. Насамрэч, нават просьбы аб адпушчэнні грахоў і дары супакою, якія гучаць у гімне, з’яўляюцца сцвярджэннем веры ў тое, што толькі Бог, Адзіны ў Тройцы, з’яўляецца тым, хто выбаўляе і замацоўвае ў нас пачуццё спакою вызваленых. Дарэчы, у старажытнасці словы «толькі Ты святы, толькі Ты наш Пан, толькі Ты Найвышэйшы» перадавалі супрацьпастаўленне культу ўладара Рымскай імперыі. Хрысціяне, асветленыя ісцінаю Божага слова, былі здольныя адрозніваць сапраўднага Бога ад таго, хто хацеў узурпаваць сабе Яго хвалу. Гэты старажытны гімн пачынаецца са словаў, якія пачулі пастухі ад спяваючых анёлаў, калі тыя прынеслі ім навіну пра нараджэнне Збаўцы. Спеў анёлаў і святло зоркі адкрылі пастухам вушы і вочы.

Няхай спеў гэтага гімна не толькі адкрывае нашыя вусны, але пераменіць нашыя сэрцы, каб яны былі гатовыя прыняць свайго Пана. Няхай нашыя сэрцы расчыняць свае «брамы», каб у іх мог увайсці Валадар, які прыносіць моц і супакой.

Кс. Уладзімір Русак, ave-maria.by

для друку для друку