Ранішнюю Імшу ў Тракелях адправілі ксяндзы-новапрэзбітары

IMG_4197На ранішняй святой Імшы 11 ліпеня ў Тракелях ксяндзы дзякавалі Богу за дар святарства.

Цэлебраваў Святую Імшу дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Набажэнства сваім спевам упрыгожыў хор з Ліды (Фары).

Каля алтара Пана прысутнічалі святары: кс. Ян Гавэцкі, які працуе ў Іўі. Ён дзякаваў за 25 год святарскага служэння. Кс. Чэслаў Ладыка, які 13 чэрвеня ў Пінску прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Малады святар будзе працаваць на Піншчыне.

27 чэрвеня ў гродзенскай катэдры адбыліся святарскія пасвячэнні, якія ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Сёння ў Тракелях новапасвечаныя святары Юрый Садоўскі з Астраўца, Дзмітрый Папянюк з Дзярэчына і Віталій Пяткевіч з Ашмян таксама дзякавалі за дар святарства. Былі і святары, якія ў лістападзе атрымалі пасвячэнне: кс. Павел Раманоўскі і кс. Аляксандар Вараб’ёў.

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ў Касцёле шмат міністрантаў, якія моляцца, ходзяць у пілігрымкі, але мала адважных — тых, хто скажа «так» Хрысту. Іерарх гаварыў аб тым, што Езус, хочучы быць з людзьмі, устанавіў святарства. Праз святароў Бог праводзіць дыялог з чалавекам.

Біскуп пажадаў кожнаму святару быць дарогай, праз якую можна прыйсці да Госпада.

На заканчэнне новапасвечаныя святары намашчанымі далонямі ўдзялілі вернікам бласлаўленне.

Ірына Грэйць, тэкст

Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку