Рахунак сумлення паводле Святога Ігнацыя (5 крокаў)

Малітва не мае нічога супольнага з магіяй. Малітва — гэта размова з Богам. Таму запрашай Бога быць з табой ў гэтую асвечаную гадзіну дня.

Святы Ігнацый верыў, што мы можам знайсці Бога ва ўсім,  а значыць і ў кожным моманце жыцця, нават у самым звычайным. Каб гэта адбылося, нам трэба толькі прысвяціць крыху часу на разважанні над тым, што мы перажываем, разглядаючы падзеі дня і ўсведамляючы іх значэнне. Ігнацый запрашае нас азірнуцца назад на абраны адрэзак часу і звярнуць увагу на тое, што адбывалася тады ў нас і вакол нас. Потым ён запрашае нас паглядзець на нашую будучыню,  на тое, што нас чакае, каб мы маглі дзейнічаць у гэтым часе годна нашага хрысціянскага паклікання.

Штодзённая практыка малітвы  рахункам сумлення (напрыклад, робім рахунак сумлення ад 10 да 45 хвілін) дапамагае нам зразумець, што Бог кліча нас рознымі спосабамі. Бога можна знайсці ў рэальным, і таму з рэальнага мы павінны выходзіць ў нашай малітве. Ігнацыянскі рахунак сумлення стагоддзямі ўдасканальваўся. Данны варыянт змяшчае ў сабе пяць крокаў. Гэта не значыць, што ты павінен разгледзець кожны з іх або прытрымлівацца дакладна такой жа фармулёўкі. Справа не ў тым, каб выканаць якую-небудзь задачу, а ў тым, каб будаваць сувязь з Богам.

5 крокаў рахунку сумлення Святога Ігнацыя:

  1. Маліся аб Божай дапамозе

Малітва не мае ў сабе нічога  супольнага з магіяй. Малітва — гэта размова з Богам. Таму запрасі Бога быць з табою ў гэтую асвечаную гадзіну дня. Папрасі Госпада, каб дапамог з удзячнасцю і шчырасцю паглядзець на перажыты дзень. Паспрабуй з Божай дапамогай убачыць, як Дух дзейнічаў у табе, у іншых людзях і ва ўсім стварэнні. Паспрабуй убачыць гэты дзень такім, якім яго бачыць Бог.

  1. Дзякуй Богу за дары дня

Першым і самым важным крокам на шляху духоўнай вандроўкі паводле Святога Ігнацыя — ёсць падзяка. Частае практыкаванне падзякі дапамагае нам знайсці Бога ва ўсім, а таксама можа змяніць наш позірк на нашае жыццё і на іншых людзей.

Таму прыпомні сабе ўвесь свой дзень і назаві канкрэтна дары і благаславенні, атрыманыя за гэты дзень ад Госпада, пачынаючы ад самых значных, заканчваючы больш звычайнымі і штодзённымі. Бог (не д’ябал!) знаходзіцца ў дэталях, і таму падзяка Богу павінна быць вельмі канкрэтнай! Робячы такі баланс, памятай пра дары іншых людзей у тваім жыцці, але не забывай пра дары, якія існуюць у табе самім, бо яны таксама паходзяць ад Бога.

Аднак, не адчувай сябе змушаным заўважаць кожную гадзіну і складаць спіс Божых благаслаўленняў за дзень. Замест гэтага смакуй дары, якія Гасподзь паказвае табе, якімі б яны ні былі. Няхай Гасподзь далікатна вядзе цябе праз успаміны мінулага дня.

  1. Выкажы ў малітве важныя эмоцыі, якія з’явіліся падчас рахунку сумлення

Ігнацый верыў, што Бог размаўляе з намі не толькі праз наш разум, але і праз нашыя «ўнутраныя ўзрушэнні»: пачуцці, эмоцыі, жаданні, настрой, праз тое, што прыцягвае нас і што адштурхоўвае нас. Разважаючы пра свой мінулы дзень, ты можаш заўважыць, як у табе нараджаюцца моцныя эмоцыі. Яны могуць быць балючымі ці прыемнымі: напрыклад, радасць, унутраны спакой, смутак, трывожнасць, няўпэўненасць, надзея, спачуванне, жаль, што што-небудзь было зроблена ці сказана не так, або што нешта не было зроблена ці не сказана, гнеў, давер, рэўнасць, сумневы, нуда ці хваляванне.

Пачуцці самі ў сабе не з’яўляюцца маральна добрымі ці дрэннымі, толькі тое, што мы робім з імі,  мае значэнне. Такія ўнутраныя пачуцці могуць стаць для нас інфармацыяй, у які бок накіравалася нашае жыццё ў гэты дзень. А выцягванне пачуццяў на паверхню можа дапамагчы аслабіць разбуральнае ўздзеянне некаторых з іх.

Выберы адно або два моцныя пачуцці або эмоцыі і зрабі іх адпраўной кропкай малітвы. Прасі Госпада дапамагчы зразумець табе, што іх выклікала і куды яны цябе прывялі:

Ці наблізілі яны цябе да Бога? Ці дапамагалі яны ўзрастаць ў веры, надзеі і любові? Ці дзякуючы ім дзяліўся сваім часам і здольнасцямі з большай шчодрасцю? Ці нарадзілі яны ў табе пачуццё паўнаты таго, што жывеш, і што ты чалавек? Ці дзякуючы ім у табе ўзрастала пачуццё блізкасці з іншымі людзьмі?

А можа, наадварот, гэтыя пачуцці аддалілі цябе ад Бога, паменшылі тваю веру, надзею і любоў? Ці можа сталі прычынай тваёй большай трывожнасці і большай сканцэнтраванасці на сабе?  Можа ўцягнулі цябе ў сумнівы і няўпэўненасць? Ці можа яны прывялі да разрыву сувязяў з іншымі?

  1. Радуйся і прасі аб прабачэнні

Радуйся ў тыя моманты, калі наблізіўся Да Госпада, і прасі прабачэння за тыя хвіліны дня, калі супраціўляўся прысутнасці Бога ў сваім жыцці. Праслаўляй Госпада за ласку свядомасці, якую Ён табе даў падчас гэтай малітвы, нават калі паказаў табе штосьці з твайго дня, чым нельга ганарыцца. Такая свядомасць з’яўляецца пачаткам аздараўлення і навяртання.

  1. Паглядзі на наступны дзень

Бог, Які быў з табой сёння ўвесь дзень, будзе з табой падчас сну, а таксама заўтра раніцай, калі прачнешся. Запрасі Яго стаць часткай тваёй будучыні.  У чым патрабуеш Божай дапамогі? Падыйдзі да гэтага пытання канкрэтна і практычна. Калі яна табе патрэбна, паглядзі на план свайго заўтрашняга дня, і давер яго Богу. Бог хоча быць з табой ў самыя ўзнёслыя і самыя звычайныя моманты твайго жыцця.  Папрасі Яго аб патрэбных ласках, напрыклад аб мужнасць, упэўненасць у сабе, мудрасць, цярплівасць, рашучасць ці ўнутраны супакой. А можа, у тваім асяроддзі ёсць асоба, якую хочаш даручыць Госпаду і памаліцца за яе?

Скончы рахунак сумлення, словамі да Госпада, якія выходзяць з твайго сэрца або якой-небудзь улюбёнай малітвай, напрыклад “Ойча наш”.

Пераклад Вікторыі Колзун, catholicnews.by

Паводле deon.pl

для друку для друку