Радавацца і радаваць – годны занятак хрысціяніна!

Хрыстос Уваскрос! Радасны час настаў! І таму сёння мы закранаем тэму радасці і свята…

Як шмат мы гаворым пра значэнне хрысціянскіх святаў, як доўга мы рыхтуемся да важнага дня, якую няпростую працу выконваем па прыборцы дома, па гатаванні асаблівых страваў. Маю спадзяванне, што не толькі знешнія справы займаюць наш час, але і духоўных высілкаў мы прыкладаем нямала: пост, малітва, розныя набажэнствы, валанцёрскія клопаты. Але як жа так выходзіць, што пасля столькіх намаганняў часта на само свята ніякай радасці мы не адчуваем?

Адказаў я не маю, але крышачку паразважаць гатова.

Мяне заўжды палохаюць сямейныя застоллі: ем я хутка, а што рабіць за сталом палову дня – не ведаю. Да таго ж ад нудоты людзі часта пераядаюць, таму, акрамя цяжару ў страўніку і граху, нічога з такога святкавання не будзе. Вы згодныя?

Мне ў такія дні вельмі не хапае супольных перажыванняў (яны заканчваюцца пры выхадзе з касцёла) і цікавых заняткаў.

У дзяцінстве было прасцей з заняткамі і эмоцыямі. Напрыклад, на Вялікдзень маці з самага ранку налівала ў ночвы вады і кідала туды чырвонае яечка, а мы, дзеці, як прачнёмся мылі гэтай вадой твар.

Чаму, не ведаю, але настрой уздымаўся імгненна. Бабуля даставала з печы булкі, сярод якіх абавязкова была і мая, самая маленькая і крывенькая, але найбольш смачная (так казаў кожны дарослы, які абавязкова каштаваў маю булачку). А дзед прыносіў адмыслова выраблены драўляны жолаб, клаў яго на парог, а дзеці па чарзе качалі з дошчачкі чырвоныя яйкі. Глядзелі, чыё пакаціцца далей, чыё паб’ецца, чыё пераможа. Дарослым было цікава таксама, і яны паціху далучаліся.

І вось ужо нікога няма за сталом, усе на падлозе, ля парожка. Аб’яднаныя супольнымі перажываннямі і цікавымі заняткамі…

Я гэта ўсё да чаго? Для свята нам патрэбная асаблівая атмасфера, якую мы можам стварыць толькі самі. Вы бачылі аздобленыя стужкамі, кветкамі і прыгожымі спевамі нашыя касцёлы? Мы можам браць прыклад і рыхтаваць наш дом гэтаксама. А яшчэ даставаць з шафы адмысловыя строі (я люблю вышыванку і пас), тое, што мы не носім штодня, але што падкрэслівае асаблівасць падзеі.

Не думаю, што трэба тыдзень рыхтаваць безліч ежы на стол. Мяркую, лепш узяць за звычку гатаваць усёй сям’ёй, разам з дзеткамі і раннімі гасцямі некалькі традыцыйных страў на абед, фарбаваць яйкі. Так вы атрымаеце магчымасць цікава правесці час разам і не ператвараць свята ў адно толькі спажыванне прадуктаў.

Традыцыі варта заводзіць не толькі ў ежы, але і ў баўленні часу: сумесныя спевы, гульні, шпацыры, пошукі загадзя схаваных яек ці цукерак, чытанне Бібліі і любімых гісторый, абмен цыдулкамі з цёплымі словамі, нечаканыя апытанкі для кожнага з сям’і, тэатральныя пастаноўкі ды шмат іншага. Ну і, вядома, падарункі!

Неабавязкова штосьці маштабнае, але абавязкова цікавае і мілае.

Я адмыслова не пішу тут пра духоўную падрыхтоўку і перажыванні. Тое, што адбываецца ў адносінах з Богам, заўжды застаецца самым важным і цудоўным. Мне хочацца падкрэсліць перажыванне свята паміж людзьмі, бо мы самі здольныя стварыць сапраўднае, запамінальнае і каштоўнае свята для сябе і сваіх бліжніх. Я думаю, радавацца і радаваць – гэта годны занятак для хрысціяніна!

Дзякуй за ўвагу! Радасных вам святаў!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку