Пяты гамяльчанін, які стаў каталіцкім святаром

gomel2Кс. Віктар Прыходзька правёў сваю першую св. Імшу ў родным касцёле і не змог стрымаць слёз радасці.

У нядзелю, 10 ліпеня, малады каталіцкі святар Віктар Прыходзька правёў сваю прыміцыйную Імшу ў роднай гомельскай парафіі — Нараджэння Божай Маці. 25 чэрвеня ў Жытоміры айцец Віктар, ураджэнец Гомеля, прыняў святарскае пасвячэнне з рук Апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроці. Айцец Віктар скончыў Дыяцэзіяльную місіянерскую семінарыю «Redemptoris Маter» ў Кіеве, якая адносіцца да Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкай царквы ва Украіне. Таму ён будзе служыць у гэтай дыяцэзіі ва Украіне, а ў родны Гомель ён прыехаў адправіць сваю першую Імшу, блаславіць родных і парафіянаў, папрасіць аб малітве за яго плённае служэнне Богу.

Яшчэ не так даўно Віктар быў простым вернікам, а ўжо зараз ён атрымаў права ад імя Бога адпускаць грахі, цэлебраваць Эўхарыстыю. З гэтай найважнейшай падзеяй жыцця новапрэзбітэра павіншаваў не толькі пробашч айцец Славамір, але і ўся сям’я Віктара. Па традыцыі бацька і маці дабраславілі маладога святара, а пасля службы ўжо ён сам дабраславіў сваіх родных, пры гэтым не змог стрымаць слёз радасці, і ўсіх вернікаў.

gomel1

gomel3

Айца Віктара павіншавалі з тым, што ён адгукнуўся на пакліканне, але значна цяжэй у ім вытрымаць да канца жыцця — гэтага і пажадалі маладому святару. Айца Віктара заклікалі па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга, быць Добрым Самаранінам, Евангелле пра якога як раз чыталася падчас службы.

Віктар Прыходзька — ужо пяты гамяльчанін, які стаў каталіцкім святаром. З мясцовай парафіі, утворанай каля 25 гадоў таму, раней выйшлі чатыры каталіцкіх святара. Гэта Павел Халяўкін, а таксама члены Неакатэхуменальнай супольнасці Аляксандр Каліноўскі, Аляксандр Драбышэўскі і Генадзь Казлоў. Нядаўна на першы курс семінарыі ў Кіеве паступіў яшчэ адзін гамяльчанін, паведамляе katolik-gomel.by.

gomel5

для друку для друку