- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Пяць маленькіх віцебскіх вернікаў парафіі Святой Барбары ўпершыню сустрэліся з Хрыстом Эўхарыстычным

barbara_I_kamunia16 [1]Ужо традыцыйна,  май – гэта месяц, калі дзеці прыступаюць да споведзі і Першай Святой Камуніі. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў віцебскай парафіі Святой Барбары пяцёра маленькіх парафіянаў упершыню сустрэліся з Хрыстом Эўхарыстычным.

Дзеці на працягу двух гадоў старанна і адказна рыхтаваліся да гэтай асаблівай падзеі ў сваім жыцці — пазнавалі асноўныя праўды веры, вучылі малітвы, стараліся ўсім сэрцам пазнаць і палюбіць Хрыста ў Божым Слове. Напярэдадні, каб з чыстым сэрцам прыняць Святую Камунію, дзеці прыступілі да сакраманту пакаяння.

Адправіў урачыстую святую Імшу і ўдзяліў Сакрамант Эўхарыстыі айцец-дамініканін Павел Мажэйка. На пачатку Літургіі дзеці атрымалі благаславенне бацькоў і ва ўрачыстай працэсіі ўвайшлі ў касцел. Падчас Імшы, запаліўшы свечкі, дзеці выракліся зла і вызналі веру ў Бога, а пасля прынеслі да алтара дары – хлеб, віно і ваду, а таксама склалі ў ахвяру Богу свае чыстыя сэрцы. Затым настала доўгачаканая хвіліна, калі Езус прыйшоў да кожнага з іх у Эўхарыстыі. Напрыканцы святой Імшы дзеці разам з бацькамі падзякавалі айцу-пробашчу Кшыштафу Коцьяну, айцу Паўлу і катэхетцы Ірыне за іх працу, малітву, цярплівасць і адданасць.

Пасля прыняцця Першай Камуніі ў дзяцей пачынаецца  белы тыдзень, на працягу якога яны ў першакамунійных строях штодзённа ўдзельнічаюць у святой Імшы.

Ірына Лігецкая, тэкст
Валянцiна Аўсянікава, фота