- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Пытанне святару: жыццё без сакраманту шлюбу

[1]“Я і мае дзеці жылі ў Заходняй Беларусі. Ахрышчаныя з вялікай цяжкасцю, бо касцёл быў вельмі далёка. Але ж хацелася трымацца сваёй веры. А калі ў пачатку 90-х сталі адкрывацца касцёлы, дзеці мае пайшлі ўжо па свеце. Дачка выйшла замуж, муж яе быў нават не ахрышчаны. Унукаў пахрысцілі ў царкве. Касцёл тут адкрыўся толькі ў 2005-м годзе. Парафіяльная суполка малая, у нядзелю збіраецца 30-35 чалавек. Мая дачка не можа прыступаць да Камуніі, бо жыве без сакраманту шлюбу. Муж не хоча, хоць жывуць разам ужо 33 гады дружна, мяне забралі да сябе, даглядаюць. Дачка перастала хадзіць у касцёл, бо ёй сорамна сядзець як пракажонай, калі ўсе ідуць да споведзі і Камуніі. У праваслаўі не змушаюць вянчацца, а да споведзі і прычасця прымаюць. А Бог у нас адзін. Я так думаю, што можна знайсці нейкае выйсце ў дадзеным выпадку. У “Каталіцкім Весніку” святары часта адказваюць на пытанні. Спадзяюся, і я дачакацца адказу”. Маргарыта-Ганна.

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Шаноўная спадарыня Маргарыта-Ганна! Вялікі дзякуй Вам як за пытанне, так і за духоўны клопат маці і бабулі адносна сваёй сям’і! Менавіта ў Вашых словах заўважаецца любоў да сваіх родных не толькі ў зямным вымярэнні, але і адносна пытанняў веры.

Выхаванне ў веры

Сям’я – гэта натуральнае асяроддзе ўзрастання чалавека. Святы Ян Павел ІІ у апостольскай адгартацыі, прысвечанай пытанням сужэнства і сям’і, напісаў, што ў сям’і дзіця пазнае і развівае свае магчымасці, набывае свядомасць уласнай годнасці і рыхтуецца да дарослага жыцця (пар. Familiaris consortio, 2,21). Папа заўважае, што менавіта бацькі з’яўляюцца першымі і галоўнымі выхавальнікамі сваіх дзяцей, якім яны далі жыццё. Істотным вымярэннем жыцця ў хрысціянскай сям’і ёсць выхаванне ў веры, якая ўзрастае ў атмасферы любові. Дарэчы, агульнавядома, што падмуркам усякага выхаваўчага працэсу ёсць любоў. Умовай паспяховасці развіцця веры трэба лічыць асабісты актыўны і аўтэнтычны ўдзел хрысціянскіх бацькоў у справах веры і жыцці Касцёла. У такой сям’і дзеці пазнаюць праўду пра Бога не толькі па катэхізісе, але разам з іншымі сямейнікамі паступова ўваходзяць у рэчаіснасць дзяцей Божых, аб’яднаных верай, надзеяй і любоўю ў супольнасці паўсюднага Касцёла. На жаль, быў у гісторыі нашай краіны перыяд, калі далёка не ўсе мелі магчымасць свабодна вызнаваць і пераказваць веру. Тым большая павага і падзяка належыць старэйшаму пакаленню жанчын і мужчын, якія ў складаных умовах сталі жывым катэхізісам для сваіх дзяцей.

Раны мінулых часоў

Хоць ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая распачала барацьбу з Богам і рэлігіяй, прайшло сто гадоў, і ўжо новае пакаленне людзей вырасла ў постсавецкім часе, вынікі дзесяцігоддзяў атэізму і раны мінулых часоў можна назіраць і сёння. Касцёл тут не выключэнне. Старэйшае пакаленне, якое хоць і ў складаных умовах, аднак вырасла ў атмасферы веры, перажывае за сваіх дзяцей і ўнукаў, якія часта не па сваёй віне і несвядома застаюцца сёння далёкімі ад Бога і Касцёла. Многія бацькі – сапраўдныя вернікі – імкнуцца неаднойчы са спазненнем, але і з любоўю прывесці сваіх родных да крыніцы ласкі – Езуса Хрыста, Пана і Адкупіцеля. Важным элементам гэтага працэсу з’яўляецца малітва не толькі сям’і, а і ўсёй супольнасці Касцёла ў інтэнцыі тых, хто яшчэ не спазнаў і не зразумеў, які добры ёсць Пан Бог. Менавіта ў год Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Фаціме Маці Божая прасіла пра гэтую малітву і перадала Божае абяцанне адносна яе моцы.

Складана сказаць, што стрымлівае нявернікаў або сучасных людзей, якія паходзяць з сем’яў вернікаў, але не з’яўляюцца самі вернікамі-практыкамі, зрабіць крок у напрамку Бога: хтосьці адчувае страх, хтосьці сорам, ёсць і тыя, хто не знайшоў адпаведнай падтрымкі з боку блізкіх. Колькі такіх людзей, столькі гісторый. Як у кожным жывым арганізме, так і ў сям’і патрэбна любоў, якая доўгацярплівая. Менавіта ў атмасферы любові можна дапамагчы чалавеку прыняць адпаведнае рашэнне адносна веры, шануючы заўсёды яго свабоду. Гэта датычыць таксама добрага імкнення бацькоў, каб іх дзеці адкрыліся на Бога і жылі згодна з навучаннем Касцёла, маліліся, прымалі ўдзел у набажэнствах, літургіі, прымалі сакраманты і г.д.

Муж-нявернік асвячаецца праз жонку-верніцу

Спадарыня Маргарыта-Ганна, Вы расказваеце пра складаную сітуацыю сваёй дачкі, якая жыве без сакрамантальнага шлюбу па прычыне нежадання яе мужа ўзяць шлюб у касцёле. Падобныя выпадкі не рэдкасць у нашай краіне. Як вынікае, муж Вашай дачкі не быў ахрышчаны, калі яны 33 гады таму заключалі сужэнскі саюз. Такі стан рэчаў напаўняе болем пабожную жанчыну, якая пераехала жыць да сваіх дзяцей і атрымлівае ад іх неабходную дапамогу і любоў. У Святым Пісанні, у сёмым раздзеле Першага Паслання да Карынцянаў апісваюцца падобныя праблемы тых, хто прымаў хрост. На пачатку існавання Касцёла здаралася, што веру прымалі цэлыя сем’і, аднак бывала і так, што толькі адзін з сужэнцаў паверыў у Хрыста, а другі заставаўся нявернікам. Святы Апостал Павел заахвочвае новых хрысціянаў, якіх датычыла гэтая праблема, каб імкнуліся наладзіць годныя адносіны са сваёй другой паловай, каторая не верыць, і такім чынам захавалі сужэнства. Святы Павел бачыць вялікую моц сведчання пра веру і жыццё паводле яе правілаў, што можа прывесці няверніка да святасці (пар. 1 Кар, 7,14).

Канешне, можа здарыцца і так, што нявернік прывядзе верніка да страты веры. Спадзяёмся, аднак, што часцей вернік дапамагае сваёй другой палове прыйсці да Хрыста. Пра гэта молімся разам з Касцёлам, усведамляючы складанасць і далікатнасць матэрыі, якая патрабуе сведчання веры, малітвы і канкрэтнага дзеяння. Хоць часам можа здавацца, што ўжо нічога не атрымаецца. Тады варта звяртацца да Хрыста, Які сказаў: “У Бога ўсё магчымае” (Мц 19,26).

Шлюб – сакрамант, які дае ласку

Езус узняў сужэнскі саюз да годнасці сакраманту, дзякуючы якому сужэнцы атрымліваюць шматлікія ласкі. Другі Ватыканскі Сабор у Дагматычнай Канстытуцыі навучае, што “хрысціянскія сужэнцы з прычыны сакраманту сужэнства, якім выражаюць таямніцу еднасці і плоднай любові паміж Хрыстом і Касцёлам і ўдзельнічаюць у ёй (пар. Эф 5, 32), падтрымліваюць адно аднаго ў супольным сужэнскім жыцці, а таксама ў нараджэнні і выхаванні патомства для дасягнення святасці і так, ва ўласцівым ім стане і парадку жыцця, маюць свой дар сярод Божага народу” (Lumen gentium, 11). Як кожны іншы сакрамант, сужэнства з’яўляецца бачным знакам нябачнай ласкі, якую Езус Хрыстус прагне шчодра ўдзяліць чальцам свайго Містычнага Цела. Рашэнне пра шлюб – гэта адказ на Божае пакліканне. Ён мае вартасць тады, калі здзяйсняецца свядома і добраахвотна, таму ніхто не можа прымусіць узяць шлюб.

Згодна з навучаннем і законамі Каталіцкага Касцёла, вернікам, якія жывуць у несакрамантальным шлюбе, не ўдзяляецца Святая Камунія. Супольнасць Касцёла пакутуе па гэтай прычыне разам з тымі, хто пазбаўлены эўхарыстычнай еднасці з Хрыстом і заступаецца за іх перад Богам, даручаючы іх Яго міласэрнасці.

Спадарыня Маргарыта-Ганна, Вы прагнеце нейкім чынам дапамагчы сваім дзецям і тым, чыя сітуацыя падобная. Каталіцкі Касцёл выходзіць насустрач сваім вернікам і ў асаблівых абставінах вызваляе ад захавання некаторых нормаў. У выпадку шлюбу здараецца, што хтосьці не хоча ісці ў касцёл, каб перад прысутнымі там браць шлюб, але гатовы зрабіць гэта ў сваёй хаце. Тады святар можа, з дазволу кампетэнтнай улады, блаславіць сужэнства па-за касцёлам. Калі ж нават такі варыянт нельга браць пад увагу, то магчыма, што ва ўзгаданай сітуацыі выйсцем для Вашых дачкі і зяця было б “аздараўленне ў корані” (па лаціне sanatio in radice), аднак з гэтым пытаннем Ваша дачка павінна звярнуцца да свайго пробашча, які ў сваю чаргу дзеля вырашэння пытання звернецца да біскупа.

На заканчэнне яшчэ адна заўвага. Калі хтосьці не можа поўнасцю ўдзельнічаць у жыцці Касцёла, то не павінен саромецца іншых вернікаў, але наколькі магчыма быць жывым чальцом парафіяльнай супольнасці. У рэшце рэшт найважнейшае не тое, што думаюць пра нас людзі, а якімі бачыць нас Сам Бог.

Шаноўная спадарыня Маргарыта-Ганна, спадзяюся, што справа, пра якую Вы пішаце, будзе паспяхова вырашана. Яшчэ раз дзякую Вам за Ваш клопат і сведчанне веры!