Пытанне святару: падзел католікаў і праваслаўных

Хвала Хрысту! Дзве сястры, 83-ох i 84-ох гадоў, спрачаюцца i просяць адказаць на наступнае пытанне: «Хто ад каго адкалоўся: католiкi ад праваслаўных цi наадварот»? Сафiя з Гродна.

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч МІС, Росіца:

– Апостал Павел навучае, што Касцёл – гэта містычнае Цела Хрыста. Кожны чалавек – гэта частка цела, неабходная для функцыянавання арганізма. Галава – гэта Сам Хрыстос. Калі мы прытрымліваемся правільнага разумення, што такое супольнасць людзей-вернікаў, то павінна памяняцца і нашае пытанне. Не можа Цела Хрыстовае быць падзеленым! Таму ўсе, хто верыць у Хрыста – і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты, – належаць да аднаго Цела.

Падзел існуе тут, на зямлі. Гэта мы, вернікі, падзяліліся. Вялікі падзел 1054 года, калі хрысціянства падзялілася на дзве вялікія часткі – усходнюю і заходнюю, мае шмат розных прычын, у тым ліку і палітычных.

Пытанне “хто ад каго аддзяліўся” мае ў сабе ўжо тэзу, што хтосьці вінаваты. А праўда ў тым, што адказнасць за раскол нясуць як усходнія, так і заходнія іерархі. Таму кожны з нас, таксама і католікі, закліканыя маліцца за адзінства хрысціянаў, а не шукаць магчымасці падтрымаць сваё перакананне, што я маю рацыю, а хтосьці вінаваты.

для друку для друку