Пытанне святару: Касцёл і пахаванне самагубцаў

“Хвала Хрысту! Як Касцёл ставіцца да пахавання самагубцаў?” Марына

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Гэтая тэма заўсёды ўзбуджае вялікія эмоцыі, асабліва ў тых, у чыёй сям’і падобнае здарылася.

Паспрабуем разабрацца. Справа пахавання самагубцаў непасрэдна не абмяркоўваецца ў Кодэксе кананічнага права, а толькі ўзгадваюцца тры групы асобаў, якіх нельга хаваць па-каталіцку (кан. 1184 § 1.3). Наколькі мне вядома, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі не выдавала на гэту тэму нейкіх канкрэтных інструкцый. Таму, адказваючы на дадзенае пытанне, хачу звярнуцца да „Літургічна-душпастырскай інструкцыі Польскага Епіскапату аб пахаванні і малітвах за памерлых” ад 5 мая 1978 г.”, якая дапаможа нам прасвятліць пэўныя няясныя моманты для каталіцкага верніка, які шукае адказу на пытанне.

Гэтая інструкцыя ў 13 пункце падае: „Паводле распаўсюджанага меркавання псіхіятраў, самагубцы з поўнай свядомасцю не адказваюць за свой чын. Таму не павінна ім адмаўляцца ў каталіцкім пахаванні, калі падчас жыцця яны выказвалі сваю прывязанасць да веры і Касцёла. Удзельнікам такога пахавання трэба растлумачыць гэтую сітуацыю”.

Дадзенае прадпісанне датычыць тых, хто перад тым, як пазбавіць сябе жыцця, належаў да супольнасці вернікаў-практыкаў. Сам факт замаху на жыццё мы ўспрымаем як наступствы нейкага паталагічнага стану. У сувязі з гэтым мы не толькі не адмаўляем у каталіцкім пахаванні, але і не робім ніякіх адрозненняў у цэлебрацыі самой пахавальнай цырымоніі. Канешне, мы карыстаемся такой магчымасцю, каб нагадаць вернікам, што сам факт пазбаўлення жыцця асобай, у пахаванні якой удзельнічаем, стаў вынікам недахопу поўнай свядомасці або псіхічнай хваробы. 

Далей у інструкцыі чытаем, што: “самагубца, які перад пазбаўленнем жыцця паводзіў сябе разбэшчана, заслугоўвае стаўлення як да яўнага, публічнага грэшніка”.

У такой сітуацыі можам казаць пра адмову ў каталіцкім пахаванні або прынамсі ў абмежаванні ўрачыстай цэлебрацыі самой цырымоніі. Мы чынім гэта не з прычыны таго, што дадзеная асоба здзейсніла самагубства, але таму, што жыццё гэтай асобы супярэчыла хрысціянскаму духу і аж да самай смерці трывала ў аддаленасці ад Бога і Касцёла. Таму вельмі важна, каб у сітуацыях з самагубцамі святары кіраваліся Кодэксам кананічнага права (кан. 1184 § 1.3), які ўзгадвае толькі тры групы асобаў, каторых нельга хаваць па-каталіцку, і праверылі, ці чалавек, які пазбавіў сябе жыцця, не быў:

  • усім вядомым апастатам (адступнікам ад веры), ерэтыком, схізматыкам;
  • асобай, якая выбрала спаленне свайго цела з прычынаў, неадпаведных хрысціянскай веры;
  • яўным (публічным) грэшнікам.

Каталіцкае пахаванне такой асобы ідэнтычнае пахаванню кожнага іншага католіка-практыка, і таму было б абразлівым для супольнасці вернікаў мясцовага Касцёла. Вельмі часта разбэшчанасць, якая выяўляецца яшчэ пры жыцці самагубцы, мае свае вытокі ў алкагалізме, а з гэтым часта ідзе ў пары адсутнасць рэлігійнага, сакрамантальнага жыцця.

Душпастырам трэба мець на ўвазе, што самагубства, якое з’яўляецца наступствам псіхічнай хваробы, як і алкагалізм, каторы таксама ёсць хваробай, не павінна быць толькі адзіным матывам магчымага адказу ў каталіцкім пахаванні.

Падсумоўваючы нашае разважанне, трэба сцвердзіць, што сам факт пазбаўлення сябе жыцця, не мае істотнага ўплыву на рашэнне душпастыра ў адмаўленні ў каталіцкім пахаванні. Важным з’яўляецца перадусім тое, які стыль жыцця вёў гэты чалавек перад смерцю: рэлігійны ці не?

для друку для друку