Пытанне пра стэрылізацыю: грэх ці не?

Добры дзень! Мяне завуць Ганна. Мне 38 гадоў, і ёсць трое дзяцей. Думаем з мужам, што, можа, каму-небудзь з нас зрабіць стэрылізацыю? Нідзе ў інтэрнэце не магу знайсці інфармацыю, што думаюць каталіцкія святары пра стэрылізацыю – мужчынскую або жаночую. Гэта грэх ці ўсё ж такі не? Хацелася б даведацца. Можа, спасылкі ёсць, дзе можна прачытаць? Дзякуй!

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач SP, піяр з Ліды:

– Хвала Хрысту! Дзякую Вам, Ганна, за гэтае складанае пытанне, таму што яно вельмі важнае ў жыцці каталіцкіх сужэнцаў. Паспрабую вельмі падрабязна растлумачыць Вам падыход Касцёла да справы стэрылізацыі.

Сам тэрмін “стэрылізацыя” ахоплівае ўсе дзеянні, вынікам якіх з’яўляецца прычыненне бясплоднасці тым, хто здольны перадаваць жыццё. Такая працэдура можа быць арганічнай або функцыянальнай.

Арганічная стэрылізацыя адбываецца тады, калі чалавеку выдаляюцца органы, патрэбныя для апладнення. Функцыянальная стэрылізацыя – гэта калі пакідаюцца органы, адказныя за апладненне, але блакуецца іх функцыянаванне, каб зрабіць немагчымым плоднасць.

Іншым важным адрозненнем з’яўляецца тое, што ўказвае на антыканцэпцыйную і тэрапеўтычную стэрылізацыю. У першым выпадку маем справу з добраахвотным выключэннем плоднасці і ўмяшанне ў структуру інтэгральнасці арганізма жанчыны або мужчыны. Стэрылізацыя можа быць у мужчын (вазатамія, вазэктамія, кастрацыя, эвірацыя) альбо жанчын (сёння ўжываецца больш за сто метадаў цэліяскапіі ці кульдаскапіі).

Антыканцэпцыйная стэрылізацыя – гэта найбольш распаўсюджаная форма. Стэрылізацыя ці кастрацыя маюць за сабой доўгую гісторыю і вельмі розныя матывы іх прымянення. Для прыкладу, дастаткова ўзгадаць стэрылізацыю ці кастрацыю вязняў, эўгенічныя ўмяшальніцтвы, якія выкарыстоўвалі расісты, ці таксама антыканцэпцыйную стэрылізацыю. Усе гэтыя і падобныя да іх умяшальніцтвы ў непарушнасць чалавечага жыцця і цялесна-духоўную інтэгральнасць звязаны з маральнай праблемай калецтва, а таксама з умяшальніцтвам у спосаб перадачы жыцця.

Тут трэба адзначыць, што кастрацыя, так як і стэрылізацыя, – гэта дзеянні, якія датычаць розных метадаў абясплоднення канкрэтнай асобы. Кастрацыя – выдаленне ўнутраных палавых органаў (яечкі ў мужчыны, яечнікі або матка ў жанчыны), а падчас стэрылізацыі адбываецца толькі падвязванне, альбо аклюзія семявыносных пратокаў ці матачнай трубы з мэтай зрабіць немагчымым праход плодных клетак з яечак ці яечнікаў у вонкавыя палавыя органы.

Калі стэрылізацыя ці кастрацыя добраахвотныя, асабліва антыканцэпцыя, то падыход да іх у этыцы называецца спецыфічнай формай калецтва чалавека і парушэннем ягонай цялесна-духоўнай інтэгральнасці. Адсюль і негатыўная маральная ацэнка, і забарона паддавацца такім умяшальніцтвам. Справа ў тым, што ва ўсіх актах абясплоднення чалавека, у кастрацыі і стэрылізацыі, адбываецца парушэнне таго, што з’яўляецца маральным сэнсам цалкам узятых сэксуальных здольнасцяў чалавека, менавіта парушэнне іх жыццятворчага прызначэння. Мы маем тут справу з разбурэннем аб’ектыўнай структуры сэксуальнасці і цялеснай інтэгральнасці асобы.

Грунтуючыся на гэтым, можам сказаць, што такая інтэгральнасць і яе захаванне становіцца “правам чалавека”, над якім ужо няма вышэйшай улады.

Іншую маральную ацэнку мае тэрапеўтычная стэрылізацыя. Вырашальнае значэнне мае тут правіла падпарадкавання сэксуальнасці – частковай структуры адносна дабра асобы як базавай цэласнасці. Іншымі словамі кажучы, ва ўсіх сітуацыях, звязаных са здароўем і жыццём арганізма, “частка можа быць ахвяраваная дзеля ратавання цэласнасці”. Маецца тут на ўвазе тое, што пры некаторых захворваннях адсутнасць аператыўнага ўмяшальніцтва можа стаць прычынай смерці чалавека ці пастаяннага калецтва. Калі кастрацыя ці стэрылізацыя ў такой сітуацыі з’яўляюцца эфектыўным спосабам вяртання здароўя чалавеку ці ратавання жыцця, то тады такі ўчынак дапускаецца і будзе маральна апраўданы, таму што маральнае зло да такіх дзеянняў не адносіцца.

Тэрапеўтычная стэрылізацыя маральна дазваляецца толькі пры наступных ўмовах:

  • павінна быць згода пацыента;
  • аперацыя павінна мець на мэце непасрэднае ратаванне здароўя або жыцця ўсяго чалавека, а не нешта іншае;
  • гэта павінна быць адзіна магчымае медычнае ўмяшальніцтва;
  • існуе актуальная неабходнасць такога ўмяшальніцтва.

Пры такіх жа ўмовах дапускаецца непрамая стэрылізацыя (indirecta). Так абазначаюцца ўсе абавязковыя і адзіныя ў сваім родзе дзеянні, што прыводзяць да абясплоднення чалавека.

Калі казаць пра ментальнае спрыянне стэрылізацыі, то, без сумневу, пры яго дапамозе фізічныя асобы, як і палітычныя (асабліва ў Еўропе), прагнуць вырашыць дэмаграфічнае пытанне.

З касцельных дакументаў, якія гавораць нам пра стэрылізацыю і яе маральнае недапушчэнне, заслугоўвае ўвагі дактрына ў Humanae vitae (http://www.unavoce.ru/library/humanae_vitae.html), а таксама Дэкларацыя Кангрэгацыі Веравучэння, якая была выдадзена ў адказ на ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у ЗША аб забароне выкарыстання стэрылізацыйнага ўмяшальніцтва ў каталіцкіх шпіталях. Гэты дакумент палемізуе нават з разнастайнымі тэалагічнымі меркаваннямі. Дакумент Кангрэгацыі выразна і наўпрост кваліфікуе антыканцэпцыйную стэрылізацыю як маральна недапушчальнае дзеянне. Абапіраючыся на гэтае правіла, пабудавана і дактрына Familiaris consortio (http://familyspb.narod.ru/Familiaris_consortio.html), якая таксама тлумачыць падыходы супраць жыцця (antilife mentality). Таму Касцёл асуджае гэта як вялікую знявагу годнасці чалавека і справядлівасці.

Evangelium vitae (http://www.unavoce.ru/library/evangelium_vitae.html) аб’ядноўвае праблему стэрылізацыі з прэнатальнай маніпуляцыяй. Усе прэнатальныя дыягнастычныя метады маральна апраўданыя, калі не ствараюць небяспекі для дзіцяці і яго маці. Вельмі важна, каб такія маніпуляцыі не выкарыстоўваліся для селектыўнага перарывання цяжарнасці, дзеля таго, каб прадухіліць нараджэнне дзіцяці з нейкімі асаблівасцямі ці анамаліямі. Такі падыход ганебны і ў найвышэйшай ступені заганны, таму што пакідае за сабой права мераць каштоўнасць чалавечага жыцця выключна паводле крытэрыю “нармальнасці” і фізічнага здароўя, такім чынам адкрываючы шлях для легалізацыі забойства дзяцей і эўтаназіі.

Спадзяюся, што падрабязна адказаў на Вашае складанае пытанне адносна стэрылізацыі. Сцеражы Вас Бог!

для друку для друку