Пытанне адносна крызісу веры

«Больш за год таму ў мяне пачаўся крызіс веры. Да гэтага моманту я была вельмі веруючым чалавекам — праведным католікам. Нават калі і здаралася нешта дрэннае ў жыцці, прымала гэта без асаблівых скаргаў, верыла, што Богу лепш вядома, што неабходна мне на дадзеным жыццёвым этапе. Паступова ўсё змянілася: я перастала радавацца жыццю, нічога не ладзілася.

Я працягвала маліцца, старалася быць добрай і дапамагаць іншым, спрабавала не быць эгаістычнай, не зайздросціць … І гэта не ад таго, што такім паводзінам вучыць хрысціянская вера, не, я ў прынцыпе такі чалавек і нікому не жадаю дрэннага. Падчас малітвы я прасіла Бога аб дапамозе, чакала адказаў, але нічога не адбывалася. Здавалася, малітвы так і не былі ніколі пачутыя. Думаю, таму і наступіла велізарнае расчараванне ва ўсім: і ў Богу, і ў веры, і ў Касцёле. Я не стала атэістам, але ў Бога Міласэрнага верыць перастала. Для мяне Ён стаў хутчэй Богам караючым. Спрабавала гаварыць з некаторымі святарамі, але нічога не дапамагло. Часцей за ўсё ў адказ чула завучаныя тэксты пра тое, што ў прынцыпе і так ведаю і чула шмат разоў. З крызісам маёй веры звязана таксама і нежаданне хадзіць у касцёл. Яшчэ вясной і летам прымушала сябе кожную нядзелю прысутнічаць на св. Імшы, рэгулярна спавядалася, але абсалютна нічога мне гэта не давала. На споведзі не хацела расказваць пра сваю праблему, здавалася, што яна неістотная, што ў людзей ёсць праблемы і больш сур’ёзныя. Цяперашняй восенню я перастала хадзіць у касцёл нават па нядзелях. Не адразу, спачатку хадзіла, але разумела, што чакаю як мага хуткага заканчэння св. Імшы і што мне проста хочацца ўстаць і выйсці. Паступова і прыйшла да вырашэння: навошта хадзіць, прымушаць сябе, калі мне гэта нічога не дае? Часам мне не хочацца жыць, наведваюць думкі пра самагубства. У такія моманты я спрабую маліцца, але адчуваю сябе пакінутай Богам, Яго прысутнасці я не адчуваю. А цяпер і зусім забываю маліцца, кароткая малітва раніцай ці вечарам праходзіць хутчэй «на аўтамаце». Раней любіла хадзіць у пілігрымкі, ездзіць на розныя з’езды. Зараз чамусьці ніяк гэта не прыцягвае, здаецца, што вакол або натоўпы фанатыкаў, або людзі, якія проста робяць усё напаказ і нічога на самай справе не разумеюць. Для мяне гэта велізарная праблема, таму пішу гэты ліст з надзеяй атрымаць вычарпальны адказ, які сапраўды прымусіць задумацца. І проста спадзяюся, што хто-небудзь дапаможа». Ананімна

На пытанне адказвае кс. Андрэй Радзевіч:

— Ці чулі Вы пра малітоўныя групы, якія дзейнічаюць у парафіях? Думаю, менавіта тут мы сустракаем падобных сабе людзей, з падобнымі жыццёвымі праблемамі, пытаннямі. Яны таксама знаходзяцца ў пошуках адказаў і дапамагаюць адзін аднаму ў цяжкай дарозе веры.

Неабходна адзначыць, што амаль кожны чалавек у нейкі момант жыцця перажывае крызіс веры. Ён думае, што Бог пакінуў яго, або ён не «адчувае» прысутнасці Бога.

Але Усявышні ніколі не пакіне нас, гэта мы можам ставіць Яму перашкоды на шляху да нашага сэрца. Можа быць, таму Гасподзь Бог вядзе Вас такімі цяжкімі дарогамі, каб Вы Яго знайшлі. Можа быць, некаторыя грахі, якія Вы не можаце прызнаць у сабе, душаць Вас? Калі вы далёка ад Бога, то нехта замяняе Яго ў вашым жыцці? Важна прызнацца сабе, каму служыш?

Не спыняйцеся на паўдарозе. Ідзіце далей, пастаянна вяртаючыся да Яго праз сакраманты.

Ідзіце па жыцці з Езусам. Самі Вы не зможаце несці свой крыж. Перш за ўсё — не панікуйце. Вера — гэта самае галоўнае ў жыцці чалавека, і абавязак чалавека ў тым, каб паступаць у згодзе са сваім сумленнем і шукаць ісціну. Калі Вы верныя гэтым прынцыпам, Вы можаце быць спакойныя. Горш, калі Вы не заўважылі, што нешта вельмі важнае губляеце.

Другім крокам для чалавека, які мае праблемы з верай, з’яўляецца ўсведамленне, што вера з’яўляецца рашэннем. Гэтае рашэнне заснавана на пазнанні Бога і на сведчанні іншых людзей. Вы можаце пазнаваць Бога, чытаючы Святое Пісанне і слухаючы людзей, прапаведаваць Слова Божае, а таксама ўмацоўваючыся ў сакрамантах. Я думаю, што пошук праўды складаецца ў пошуку чалавека ці абшчыны, якія з’яўляюцца надзейнымі сведкамі веры і якім мы можам распавесці пра нашыя сумневы. Іншая магчымасць — гэта пошук адказаў на сумневы ў рэлігійных кнігах.

Пазнанне Бога і ўмацаванне веры патрабуе вялікіх намаганняў. Зразумела, што вера ёсць дар Божы. Тое, што хтосьці называе сябе вернікам, азначае, што ён гэты дар прыняў. Але Бог не адмаўляе нікому ў гэтым дары, і дае гэты дар у залежнасці ад таго, калі Ён палічыць гэта мэтазгодным. Таму чалавек, чыя вера слабее, павінен рашуча маліцца аб дары веры.

Такім чынам, рэцэпт для крызісу веры зводзіцца да чатырох пунктаў:

1. Не панікуйце.

2. Паступайце згодна са сваім сумленнем.

3. Шукайце ісціну.

4. Маліцеся аб дары веры.

Можа ўзнікнуць пытанне: ці можа чалавек, які верыў, але цяпер перажывае крызіс веры, удзельнічаць у рэлігійных практыках? Гэта вельмі важнае пытанне. Чалавек, чыё сумленне кажа, што ён не верыць у Бога, не можа атрымаць сакраманту. Але трэба быць вельмі асцярожным ў выдачы такіх меркаванняў. Вера караніцца ў нас больш глыбока, чым мы думаем. Можа быць так, што Святы Дух праз крызіс вядзе чалавека да сакрамантаў (перш за ўсё да споведзі), таму што толькі праз іх прыняцце ён аднаўляе веру. Таму чалавек, які перажывае крызіс веры, але тым не менш разумее, што сакраманты — гэта дапамога для веруючых людзей, павінен шукаць умацавання веры ў сакрамантах.

grodnensis.by

для друку для друку