Птушыны вырай у Павяцці

paviacce_galuby03Многім нашым чытачам, напэўна, цікава ведаць пра штодзённы побыт святара. Чым ён жыве? Пра што думае? Як адпачывае? Даведаўшыся пра незвычайнае хобі кс. Леаніда Мозгеля, накіроўваемся да яго ў парафію, у Павяцце, Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Апрача душпастырскай дзейнасці, святар мае яшчэ адзін занятак для душы – гадуе галубоў.

З першага позірку на касцёл становіцца зразумела, што парафія нестарая. Архітэктурныя формы будынка падказваюць, што ўзведзены ён адносна нядаўна. Абходзім святыню вакол, каб зайсці ў плябанію, якая месціцца проста ў касцёле. Гэта яшчэ адзін доказ “маладога ўзросту” культавага збудавання. Даўней касцёлы ставілі пераважна асобна ад плябаній. На парозе нас прыязнай усмешкай вітае кс. Леанід.

paviacce_galuby55

Зацікаўленасць ад прадзеда

“Вітаю вас, дарагія! Я ўжо і курыцу паставіў у духоўку. Чакаў вас і рыхтаваўся, – усклікае святар. – А пакуль маем час, хадземце, пакажу вам галубятні”.

Зусім недалёка, за некалькі метраў ад плябаніі, стаяць два маленькія домікі з драўлянымі сценамі і маленькімі вокнамі ў іх. “Даўно захапіліся гадоўляй галубоў?” – пытаюся. “І так, і не, – кажа кс. Леанід. – У святарскім жыцці пачаў займацца гэтым нядаўна, год таму. Але вопыт у мяне багаты, таму што ў дзяцінстве гадаваў галубоў. Тата дазваляў мне мець толькі двух. І дзікіх прыручаў. Памятаю, ідучы са школы ў падлеткавым узросце, падкормліваў аднаго голуба па дарозе. То пячэнне яму дам, то булку пакрышу. Дык ён мяне доўгі час сустракаў са школы. Галубы не толькі прыгожыя, але і разумныя птушкі. Але само замілаванне галубамі ў мяне, пэўна, у крыві, бо мой прадзед гэтым займаўся. Бабуля казала, што ён быў даволі заможны і мог сабе дазволіць такі занятак.

Кс. Леанід адчыняе першую галубятню і запрашае зайсці ўнутр. Мне даводзіцца сагнуцца, а вось сам пробашч лёгка змяшчаецца ў птушыным доміку. Унутры яшчэ пахне свежым дрэвам. Відавочна, галубятня збудаваная нядаўна. На сценах замацаваныя палічкі і седалы, на якіх варкуюць галубы і галубкі розных колераў. Вельмі шмат белых. Заўважаю, што некаторыя адрозніваюцца сваім выглядам.

paviacce_galuby08

“У мяне тут розныя пароды. Ёсць мікалаеўскія, статныя, грывуны, а таксама паўліны. Вось бачыце, яны маюць такі прыгожы хвост”. Ксёндз бярэ ў рукі галубку і падносіць, каб паказаць нам. Бачна, што птушка крыху знерваваная і спрабуе збегчы. “Гэта яна вас проста не бачыла і крыху баіцца”, – заўважае гаспадар. Сярод мікалаеўскіх ёсць матылькі. Заўважыўшы неразуменне ў маіх вачах, ксёндз Леанід тлумачыць: матылькамі называюцца таму, што ў палёце могуць завісаць на адным месцы. Гэта так прыгожа! Выглядаюць як вялікія матылькі.

paviacce_galuby05

– І колькі ў Вас усяго гэтых прыгожых стварэнняў?

– На дадзены момант сорак. І яшчэ два мясныя. Так, так, не здзіўляйцеся. Галубінае мяса лічыцца далікатэсам, і добрае для тых, хто хварэе на страўнікавыя хваробы. З мяснога голуба можна атрымаць прыблізна 700 грам мяса.

Некалькі парадаў для пачаткоўцаў

– Ці просяць людзі на вяселле пазычыць птушак? Цяпер жа гэта модна.

– Просяць, але пераважна з Мёраў. Дык я баюся даваць. Да Мёраў далекавата, яны могуць не вярнуцца дамоў. Гэта паштовыя галубы могуць ляцець на сотню кіламетраў, і то іх трэба трэніраваць, каб арыентаваліся ў мясцовасці. А ў мяне няма часу на гэта.

– Ці патрэбны нейкі асаблівы догляд галубоў?

– Ведаеце, я шмат чытаў на гэтую тэму. Нямецкія спецыялісты нават раяць кожны раз пасля піцця вады праводзіць дэзынфекцыю посуду. Ставяць кандыцыянеры і ўсяляк лечаць. У мяне ж адзін рэцэпт на хваробы: умовы жыцця птушак павінны быць максімальна натуральнымі. У мяне галубятні ўцепленыя звычайнай дошкай. У ваду дадаю соль, воцат, а часам і марганцоўку. Толькі не зашмат, бо потым крылы сабе пафарбуюць. Яны ж вой як любяць купацца! Ну і каб не ўбіўся пухапераед, трэба карміць іх добра, падтрымліваць імунітэт. Я даю ім ячмень, пшаніцу, проса, рапс, семкі сланечніка. І, канешне, мінеральныя дабаўкі: пясок, крэйду, соль.

 Галубіная вернасць

З гэтымі словамі пераходзім у другую галубятню, дзе домік большы памерамі. “Тут у мяне раддом”, – жартуе кс. Леанід. – Галубы тут спарваюцца, сядзяць на яйках. Цікава, што яны даволі верныя адно аднаму, хоць і бываюць здрады. Але тады ўжо самкі адно адну на дых не пераносяць, калі якая звядзе самца. На яйках таксама сядзяць па чарзе. Я назіраў, дык выходзіць, што самец сядзіць з 11 да 16 гадзін, даючы магчымасць самцы адпачнуць. А потым сядзіць самка. Вось глядзіце, у гэтым гняздзе адно яйка ляжыць”. Ксёндз паказвае на палічку з маленькім гняздом.

paviacce_galuby15

– Гэта сумная гісторыя. Голуба схапіў каршун, і галубка засталася адна. Яна ўжо не будзе даседжваць яйка.

– Дык якая ж асноўная прычына вашага захаплення? – пытаюся ў святара.

– Я люблю прыгажосць. Паглядзіце, гэтыя птушкі такія нявінныя. Глядзіш на іх – і сэрца радуецца. Акрамя таго, хачу гэтым самым нагадаць людзям пра беражлівыя адносіны да прыроды. Папа Францішак неаднойчы пра гэта нагадваў і заклікаў. Прырода – расліны і жывёлы – гэта Божы дар. А чалавек мае ўладу панаваць над усім гэтым. Толькі рабіць гэта павінен з любоўю і адказна. Зараз выпусцім іх, хай палётаюць над касцёлам.”

 Прыгажосць у небе

Кс. Леанід адчыняе дзверцы галубятні і стукае па сценках. “Яны не прывыклі лятаць так рана. Такой парой можа каршун паблізу ў дрэвах сядзець. Таму я іх пераважна вечарам выпускаю.”

paviacce_galuby27

paviacce_galuby39

paviacce_galuby32

Праз некалькі хвілін галубы шыбуюць у неба. Частка сядае на даху касцёла, некаторыя – на электрычных правадах, а некаторыя, нібы матылькі, завісаюць над сваёй хаткай. Пачынаецца фотасесія. Пакуль наш фотакарэспандэнт Марына шукае ракурс, каб злавіць у аб’ектыве прыгожых птушак, пытаюся ў кс. Леаніда: “Вы стварылі такі непаўторны птушыны вырай у парафіі. Ці не замінае гэты занятак у асноўнай Вашай працы?”

“Ды не,” – адказвае святар. – Раз толькі было, калі рыхтаваў дзяцей да Першай Святой Камуніі. Якраз была споведзь. Сяджу, спавядаю – і раптам дзеці лятуць. “Ксёндз Леанід! – крычаць. – Каршун галубку схапіў!” Ну, расстройства, канешне, шкада жывёлінку. Але ў той дзень мае гадаванцы аднекуль новага голуба прывялі. І такога не дзікага. Можа, заблукаў, можа, якраз вясельны чый не вярнуўся дамоў”.

Робім яшчэ некалькі кадраў і ідзём у касцёл. Кс. Леанід распавядае пра парафію.

Першы касцёл першага біскупа

“Супольнасць у Павяцці мае 15 гадоў і налічвае 350 чалавек. У нядзелю на Імшу прыходзіць дзесьці 70 парафіян. Сярэдні ўзрост вернікаў – 40 гадоў. Таму ў мяне бываць і хросты, і шлюбы. А вось пахаванняў толькі 2-3 на год. Сам касцёл будаваўся як магазін. Гэта быў праект Белкаапсаюза, але ў часы перабудовы праца замарозілася і стала. Аб’ект перадалі парафіі. І добра зрабілі, бо што з ім сталася б? Разваліўся б з часам. А мы тут усё дабудавалі. Найбольш працы тут праводзілася, калі пробашчам быў кс. Антоній Лось. Толькі ён тут не жыў, а прыязджаў з суседняй Друі. Я першы пробашч, які заканчваў плябанію і жыве тут”.

Заходзім у касцёл, які ўнутры мае выгляд акружнасці. Недалёка ад алтара стаіць фігура Маці Божай Фацімскай. Ксёндз Леанід распавядае пра спецыяльныя Фацімскія набажэнствы 13 чысла кожнага месяца ад мая аж да кастрычніка. Аказваецца, касцёл у Павяцці знамянальны сам па сабе. Яго першым асвяціў у новастворанай Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін.

paviacce_galuby48

paviacce_galuby47

З касцёла трапляем у катэхетычны зал. “На ўрокі рэлігіі прыходзіць сем дзяцей. Я сам праводжу заняткі. Хацеў бы таксама адзначыць руплівасць нашых парафіян. Усё, што вы бачыце, – гэта іх грошы, іх праца і іх заслуга. Асабліва я ім удзячны, што адгукнуліся на маю прапанову і сабралі сродкі на браму і касцельны мур. Дзякуй таксама нашаму калгасу за дапамогу”.

Пасля экскурсіі па плябаніі ксёндз Леанід запрашае нас у сталовую, дзе частуе абяцанай курыцай. Інтэр’ер святарскага жылля нагадвае пра яшчэ адно захапленне святара: гісторыю і экуменізм. На сценах вісяць старыя абразы і рыцарскі меч і шчыт, на якім выгравіравана: “Бог, Гонар, Айчына”. Але гэтая тэма, напэўна, не менш цікавая чым птушкаводства, ужо стане прадметам нашай сустрэчы для наступнага рэпартажу.

paviacce_galuby52 paviacce_galuby53

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку